Ніва № 33 (2414), 18 жніўня 2002 г.

Калі гандляру гандляваць нявыгадна

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Спякотныя дні сярэдзіны мінаючага лета ў Беларусі закранулі не толькі надвор’е. Не заціхалі там і палітыка-эканамічныя працэсы, адным з якіх і найбольш яскравым стаў усебеларускі страйк прадпрымальнікаў.

Папраўдзе, гэты слой насельніцтва, які з’явіўся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, праяўляе найбольшую прагу да жыцця ў параўнанні з іншымі сацыяльнымі групамі. Магчыма з-за сваёй маладосці, а, магчыма, што, дарэчы, здаецца найбольш праўдападобным, наяўнасці ў яго шэрагах людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Справа ў тым, што калі з’яўленне новых рынкавых умоў прывяло да вызвалення рабочых рук на заводах і ўстановах, гэтыя самыя беспрацоўныя, каб неяк выжыць, падаліся ў малы бізнес. Спачатку ён увасабляўся ў так званых „чаўнаках” — людзях, якія ездзілі ў Польшчу, Расію, Турцыю за разнастайнымі таварамі, малымі партыямі скуплялі іх і затым прадавалі на беларускіх рынках. Зараз сітуацыя крыху змянілася — за таварам ужо ездзяць у сваёй большасці не тыя, што стаяць на базары. За прылаўкамі стаяць нанятыя людзі. Але гэтыя змены не закранулі асноў дробнага бізнесу, бо па-ранейшаму работнікам гэтай сферы трэба разлічваць свой дабрабыт ад гандлярскай удачы і, што вельмі важна, пакупніцкай здольнасці астатняй часткі насельніцтва.

Аднак з унутрыпалітычным курсам беларускага кіраўніцтва на адраджэнне камандна-адміністрацыйных парадкаў, прадпрымальнікі пачалі адчуваць на сабе, мякка кажучы, надзвычай пільную ўвагу з боку як мясцовых, так і вышэйшых улад. Само сабой зразумела, гэта ў большай ступені тычылася падаткаў, якія звычайна толькі растуць, а не зніжаюцца. Больш таго, апошнія падзеі сведчаць пра імкненне гэтых самых улад паставіць пад свой кантроль ужо працэс абароту ў прадпрымальнікаў наяўных грошай. Доказам гэтага — спроба заканадаўча зацвердзіць неабходнасць наяўнасці ў кожнага гандляра касавага апарата, адкуль напрыканцы дня працы чалавеку трэба здаць усю наяўнасць у банк. Зразумела, для людзей, якія стаяць на базары і маюць справу толькі з наяўнымі грашыма, прычым у адносна невялікай іх колькасці, новаўвядзенне прывядзе да фактычнай немагчымасці працаваць. Бо прыдзецца з гандляроў перакваліфікавацца ў бухгалтараў. Адначасова з гэтай навіной амаль удвая мусяць узрасці падаткі.

Менавіта гэтыя чыннікі і сталі прычынай папераджальнага страйку прадпрымальнікаў. Дарэчы, акцыя прайшла на даволі высокім арганізацыйным узроўні. Не працавалі рынкі амаль ва ўсіх буйных гарадах Беларусі, а агульная колькасць страйкуючых сягала да 150 тысяч чалавек. Больш таго, у некаторых месцах да беларускіх гандляроў далучыліся іх калегі з Каўказа і В’етнама, якія часова знаходзяцца ў Беларусі. Як кажуць, усім дапякло. Але дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што, нягледзячы на самую моцную кансалідаванасць, у параўнанні з іншымі групамі работнікаў, і сярод прадпрымальнікаў былі тыя, хто не падтрымаў пратэстуючую большасць. Прыкладам стаў старажытны Полацк, дзе гандляры, як яны самі кажуць, задаволеныя існуючымі там умовамі працы.

Адной з адметных рыс страйку стала наяўнасць у ім выключна эканамічных патрабаванняў да ўлады. Палітычныя, якія высоўваліся на страйку ўвесну, зараз не прад’яўляліся. Але тады і страйкуючых было прыкладна на траціну меней. Праўда, вопыт падказвае, што спалучэнне тых і іншых патрабаванняў дае найбольшы плён. Тады ўлада ўжо думае не толькі аб тым, каб не вельмі балюча забраць у гандляра грошы для латання дзірак у бюджэце, але аб захаванні ўласных крэслаў. Апошняя ж акцыя мела на мэце таксама данесці да кіруючых асоб патрабаванне сустрэчы і перамоў. Магчыма, правадыры гандляроў выбралі новую тактыку для дасягнення пастаўленых мэтаў. Ці зможа яна даць найбольшы эфект? Добра, калі так. Але варта памятаць, што дробны бізнес у Беларусі існуе, на жаль, ва ўмовах не самага лагоднага палітычнага стаўлення да яго з боку ўлады і таму, магчыма, варта чакаць у час новых страйкаў і ранейшых палітычных патрабаванняў, якія адносяцца да свабоды бізнесу.