Ніва № 32 (2413), 11 жніўня 2002 г.

Украінцы ў Беластоку

Яўген МІРАНОВІЧ

Украінцы ў Бельску ці Беластоку не з’явіліся ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя, як здаецца некаторым беларускім дзеячам, але нямецкія і польскія вучоныя іх прысутнасць на гэтай тэрыторыі заўважылі ўжо падчас першай сусветнай вайны і ў трыццатыя гады.

У 1933 г. вядомы спецыяліст па справах нацыянальных меншасцей, дырэктар Інстытута даследавання нацыянальных спраў Леан Васілеўскі выдаў кніжку Sklad narodowosciowy panstw europejskich, у якой даказваў, што Беласточчына ўключна з часткай Сакольшчыны з’яўляецца часткай украінскай этнаграфічнай прасторы. У кніжцы Васілеўскага была змешчаная карта, на якой Крынкі, Шудзялава, Васількаў, Гарадок, Супрасль пазначаны былі як мястэчкі, вакол якіх пражывала ўкраінскае насельніцтва. На ўсходзе ў межах этнаграфічнай Украіны знаходзілася частка Каўказа, Азоўскае мора і Кубань.

У верасні 1933 г. у віленскім „Слове” паказалася вялікая рэцэнзія на кніжку вядомага публіцыста і гісторыка, Станіслава Цата-Мацкевіча. Была яна азагалоўлена — Ukraincy w Bialymstoku і дала пачатак звыш двухгадовай публічнай дыскусіі паміж Васілеўскім і Мацкевічам. „Bialystok, — пісаў Мацкевіч, — to miasto w ktorym nikt i nigdy poza przejezdna trupa teatralna nie widzial zadnego Ukrainca. Pytam sie po co urzadzamy spisy narodowosciowe, statystyki panstwowe, kiedy wydawnictwa Instytutu wydaja dziela tak skonstruowane”.

Васілеўскі адказаў у „Кур’еры Віленскім”, што Беласток памылкова апынуўся на карце ўкраінскай этнаграфічнай тэрыторыі. Сталася гэта таму, што Інстытут перадрукаваў карту з кніжкі выдадзенай у Берліне, якая была падрыхтавана нямецкімі гісторыкамі і этнографамі. Пасля высветлілася, паясняў у іншым артыкуле Васілеўскі, што немцы пакарысталіся картай выдадзенай у Берліне дзеячамі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Евгэна Коновальца.

Мацкевіч спытаў тады ў „Кур’еры Навагрудскім”, чаму Інстытут не друкуе нямецкіх карт, на якіх заходняя Польшча і Прымор’е пазначаныя як нямецкія этнаграфічныя землі. Васілеўскі ў той жа газеце прызнаўся, што памылкова перасунуў мяжу ўкраінскага этнаграфічнага абшару 160 кіламетраў на поўнач, а ўсё гэта сталася па прычыне даверу да нямецкіх вучоных, якія, як яму здавалася, сумленна правялі адпаведныя даследаванні.

Дыскусія паміж Васілеўскім і Мацкевічам прыцягнула ўвагу навуковага асяроддзя і, па зразумелых прычынах, палітыкаў. Паказалася шмат артыкулаў навуковага і публіцыстычнага характару наконт беларуска-ўкраінскай этнічнай мяжы. Польскія вучоныя былі згодны, што заходняя Берасцейшчына мае большасць украінскіх этнаграфічных элементаў, але Чарнігаўшчына — беларускіх. На поўнач ад Кіева выступалі ўжо беларускія гаворкі.

У дзевяностыя гады ў часопісе „Над Бугом і Нарвою” можна было прачытаць аргументы ўкраінскіх вучоных з Бельска, якія роспачна даказвалі ўкраінскасць паўднёвай Беласточчыны. Спасылаліся яны, між іншым, на нямецкі перапіс, праведзены ў 1916 г. Паводле нямецкіх крыніц, насельніцтва Бельшчыны было неадлучнай часткай украінскай этнікі. Найбольш цікавае, што немцы змаглі правесці перапіс і акрэсліць характар насельніцтва тады, калі яно падалося ў бежанства і зусім яго не было на гэтай тэрыторыі. Але гэта дробязь. Навука не раз давала адказы на больш складаныя пытанні.

Нацыянальныя меншасці заўсёды былі прадметам усялякіх эксперыментаў. Раней у навуковай літаратуры і публіцыстыцы часта можна было сустрэць інфармацыю, што ў Польшчы, на Беласточчыне, пражывае 300 тысяч беларусаў. Неўзабаве і па розных прычынах, дамінаваць будзе ў публічным ужытку лічба ў дзесяць разоў меншая. Доказам стануць вынікі сёлетняга перапісу. Польскі гісторык з Гродна, старшыня Саюза палякаў Беларусі даказвае тым часам, што ў гэтай краіне пражывае, як мінімум, паўтара мільёна палякаў. Гэтая лічба толькі ў мінулым месяцы тройчы прыводзілася польскай прэсай. Калі б улічыць літоўскую, украінскую і расійскую статыстыку, тады ўсё паказвае на тое, што ў Беларусі няма ўвогуле беларусаў.