Ніва № 32 (2413), 11 жніўня 2002 г.

У бой па збожжа

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Другая палова лета ў большасці краін свету характарызуецца зацішшам у палітычным жыцці. Парламентарыі сыходзяць на канікулы, адпачываюць на сусветна вядомых курортах, а палітычная апазіцыя, гэта значыць тыя, хто хоча пашырыць сваю колькасць у гэтых самых парламентах запавольваюць сваё памкненне да дэпутацкіх месцаў.

У той жа час у Беларусі адбываюцца дзеянні, якія інакш як востра палітычнымі не назавеш. Адбываецца барацьба за эканамічную бяспеку краіны ці іншымі словамі — бітва за ўраджай. Для сярэдняга еўрапейца гэтае словазлучэнне, магчыма, мала што значыць, бо адразу паўстае пытанне: а навошта за ўраджай біцца? На жаль, менавіта вялікага змагання патрабуе звычайная ў астатнім свеце справа ад тых, хто заняты на ўборцы збожжа. Калі, напрыклад, вы сельскі камбайнер ці механізатар, якому на працягу паловы года не плацяць заробленыя грошы, велічыня якіх адна з самых меншых у краіне, то асаблівай спрытнасці да даручанай справы вы, хутчэй за ўсё, не праявіце. А калі да гэтага чынніка дадаць і тое, што ваш „жалезны конь” ужо прайшоў праз дзесятак „рэанімацый” і вы мусіце штораз спыняцца, каб нешта падрамантаваць ці прачысціць, то замест вясёлай песні аб хлебе і жніве з вашых вуснаў будзе чуцца толькі нецэнзурная лаянка на ўсіх і ўсё.

Зразумела, арганізацыя справы селяніна ў большасці залежыць ад яго самога. Але гэта тады, калі ён адчувае сябе гаспадаром на той зямлі, якая яго корміць. Калі ж згадаць беларускую гісторыю недалёкага савецкага часу, то адразу ўспамінаюцца вялікія намаганні камуністычнай улады па стварэнні з сялян „рабочага класа на сяле”, які адрозніваецца ад свайго гарадскога сабрата толькі тым, што адпрацоўвае патрэбныя 8 гадзін не каля станка, а на полі. У рэшце такія памкненні выліліся ў адчужэнне селяніна ад зямлі і, што самае страшэннае, нежаданне на ёй працаваць. У такіх варунках не застаецца нічога, каб рознымі камандна-адміністрацыйнымі метадамі прымушаць рабіць сялян тое, што яны рабілі спрадвеку. Канешне, гэта глупства, але што застаецца, калі не хочаш, каб на вёсцы быў сапраўдны ўласнік, які сам ведае калі і колькі трэба сеяць і збіраць?

Савецкі час адышоў у гісторыю, але сённяшнія беларускія ўлады робяць усё, каб рэанімаваць яго. Штогод прэзідэнт Лукашэнка праводзіць усебеларускія селектарныя нарады з кіраўніцтвам абласцей і раёнаў, раздаючы парады і славесныя аплявухі мясцовым начальнікам, патрабуючы ад іх сабраць ураджай. Сёлета ён абвясціў „надзвычайнае становішча на палях”, сэнс якога ў „мабілізацыі ўсіх сіл і рэсурсаў на жніво, працу ў выхадныя, прыцягненне на ўборку гараджан”. Адпаведна, як на вайне, створаны адмысловы штаб уборачнай кампаніі, у які, між іншым, уключаны кіраўнік Нацыянальнага банка, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў, генеральны пракурор. Сам Аляксандр Лукашэнка кантралюе жніво, аблятаючы Беларусь на верталёце.

Усё гэта было б смешна, калі б не было журботна. У ХХІ стагоддзе Беларусь уступіла з парадкамі паўвекавой даўніны. Зноў ставяцца задачы матэрыяльна незацікаўленым жыхарам вёскі па зборы і захаванні ўраджаю. Сёлета, дарэчы, яны мусяць сабраць 6 млн. тон збожжа. Лічба ўжо многія гады недасяжная для беларускай сельскай гаспадаркі. Па сведчаннях навукоўцаў, застанецца яна недасягальнай і ў гэтым годзе. Што ж казаць пра эканамічную бяспеку, то Беларусь усё роўна вымушана купляць большасць харчовага зерня за мяжой, бо на яе тэрыторыі выспявае ў асноўным фуражнае. А колькасць жывёлы штогод скарачаецца.

Суму дадае і тое, што зноў за агрэхі вышэйшай улады прыйдзецца расплачвацца людзям на вёсцы, кажучы па-сталінску — сабатажнікам, а па-лукашэнкаўску — злодзеям і прайдзісветам. Бо каму ж яшчэ быць вінаватым „стрэлачнікам”?