Ніва № 31 (2412), 4 жніўня 2002 г.

Быў у Гайнаўцы танк

Міхал МІНЦЭВІЧ

У скверы ў цэнтры Гайнаўкі развальваецца пастамент, на якім калісь стаяў танк. Пра гісторыю гайнаўскага танка расказвае мясцовы мастак Віктар КАБАЦ:

У пачатку сямідзесятых гадоў паявілася хваля спісаных з узбраення танкаў. У Гайнаўку прыехаў танк з Любліна, самастойна ўпоўз на пастамент; пасля з яго выманціравалі рухавік. Гайнаўка, вядома, радавалася, што атрымала танк. На ягоным ствале былі чатыры крыжыкі, значыць столькі варожых танкаў ён збіў. Пра новую ролю танка завязалася ў Гайнаўцы даволі доўгая дыскусія. Дырэктар Гайнаўскага дрэваапрацовачнага прадпрыемства Аляксей Зін і я былі за тым, каб аставіць яго як гістарычную памятку, супраць прысвячэнню яго на „помнік ахвярам фашызму”. У апошнюю вайну танкі праз Гайнаўку не ехалі, толькі на абмежках Дубін і Навасадаў праехала некалькі танкаў у напрамку Нарвы. Аднак на партыйнай экзекутыве вырашана было прысвяціць танк ахвярам фашызму. Сакратар парткамітэта Людвік Бартосяк сказаў, што танк трэба паставіць у цэнтры горада, каб людзі, якія будуць праязджаць праз Гайнаўку, добра яго бачылі.

Быў яшчэ і рэлігійны аспект, які атрымаўся ў выніку партыйнай дыскусіі: ствол танка не можа быць накіраваны на ўсход, толькі на захад, бо ж у тым напрамку рухаўся гэты танк. І сталася так, што дула танка скіравалі ў бок касцельнай вежы, што некалькісот метраў ад яго. Аднак такі аспект справы быў мала важны ў партыйных меркаваннях.

Калі ўладу ў Гайнаўцы ўзяла „Салідарнасць”, Рада горада вырашыла зняць танк, а на яго месца паставіць іншы помнік. Апрацоўку праекта даручылі мне і скульптару, майму вучню, Ярку Пэршку. Узялі мы кусок пластыліну і вымадэліравалі помнік: лацінскі алюмініевы крыж вышынёю ў 6,5 метра з сімвалам „V”. У мастацкім сэнсе плоскасць прабівае магутную аснову, на якой стаяў танк; аснова мэтанапраўлена разбіта, быццам ад удару мяча. У выніку таго разбуральнага ўдару на канцы ўзняўся крыж, які стаў сімвалам агульнага яднання: і людзей вайны, і людзей міра. Пра гэта сведчыць і дзвюхмоўнае прызначэнне помніка ахвярам вайны, насілля і пакут...

Ад аўтара: Гайнаўскі танк Т-34, калі яго знялі з пастамента, купіў земляроб з Кашалёў Сцяпан Хурса. Пасля некалькіх гадоў памяняў ён уласніка і цяпер стаіць пры шашы Піш — Шчучын на колішняй польска-прускай мяжы.