Ніва № 31 (2412), 4 жніўня 2002 г.

Таннее стратэгічны прадукт

Яўген МІРАНОВІЧ

Калі ў Польшчы мяняліся цэны, якія вызначаліся дзяржаўнай адміністрацыяй, найчасцей абазначала гэта рух толькі ў адным напрамку — іх павышэння. Кожнае паведамленне пра новыя цэны электраэнергіі, газу, вады, тэлекамунікацыйных паслуг інфармавала, што ўзрастаюць яны на адпаведны працэнт і што грамадзяне не павінны па гэтай прычыне адчуваць сябе надта пакрыўджанымі, таму што абазначае гэта вышэйшы выдатак толькі на пару злотых. На практыцы выдатак вырастаў на дзесяткі злотых. Манапалістычныя фірмы, якімі распараджаюцца палітычныя кланы, могуць прымушаць грамадзян плаціць больш чым у багацейшых краінах свету — Нямеччыне, Італіі, Францыі. Электраэнергіі, газу, бензіну ці вады немагчыма купіць на рынку так як сала ці буракоў.

Ёсць аднак стратэгічны прадукт, на які дзяржаўныя ўлады плануюць ад новага года панізіць цану. Ідзе пра спіртныя вырабы, продаж якіх заўсёды прыносіў бюджэту вялікі прыбытак. Апошнім часам попыт рынку на прадукты краёвых спіртзаводаў паменшыўся так радыкальна, што замест спадзяванага ў 2001 г. прыбытку велічынёю ў 5 мільярдаў злотых, у бюджэт трапіла толькі 4 млрд. Не абазначае гэта, што ў Польшчы паменшылася колькасць аматараў спіртных напояў. Рынак прапануе вялікі выбар гэтага прадукту з неафіцыйных, забароненых крыніц, але нашмат таннейшага. Таму мала хто купляе прадукты дзяржаўнага Polmosu. Яшчэ ніколі не было так, што вытворцам спірту пагражала банкруцтва. Сёння гэта стала рэальным.

Варта прыгадаць, што кошт прадукцыі аднае бутэлькі гарэлкі складае 1,80 зл., падатак — звыш 18 зл. (81 працэнт цаны) і каля 3 зл. — прыбытак прадаўцоў. Плаціць так вялікія падаткі могуць толькі багатыя людзі, бяднейшыя аматары найбольш папулярнага напітку, які спадарожнічае ўсім святкаванням і сяброўскім сустрэчам, вымушаны шукаць таннейшых крыніц яго продажу.

Канкурэнтныя, нелегальныя крыніцы пастаўкі спіртных напояў на рынак гэта, між іншым, кантрабанда. Гандляры з Гродна, якіх поўна на беластоцкіх базарах, з’яўляюцца аднак толькі дробнай групкай пастаўшчыкоў алкаголю на польскі рынак. Калі ў Беларусі бутэлька гарэлкі ў 5-6 разоў таннейшая чым у Польшчы, таму лагічным ёсць існаванне кантрабанды. Пару тысяч людзей з Гродзеншчыны і Брэстчыны жыве толькі з гандлю алкаголем, вядучы пастаяннае змаганне з польскімі мытнымі службамі. Большасць штодзённа перасякае мяжу з 2-3 бутлямі алкаголю, атрымліваючы ад такога гандлю 5-6 долараў чыстага прыбытку. Яшчэ большы прыбытак атрымаецца ад алкаголю, купленага на мяжы, дзе літровая бутля папулярнай гарэлкі Ельцын ці каньяку Напалеон каштуе два долары. Падобная структура цэн выступае на ўкраінска-польскай мяжы. На ўсходзе аднак гандаль абмяжоўваюць кашмарныя ўмовы перасякання мяжы. Такіх праблем няма на поўдні. У Славакіі і Чэхіі цана бутэлькі гарэлкі вагаецца ад 8 да 9 злотых. Мяжа з гэтымі дзяржавамі амаль адкрытая. Жыхары памежных мясцовасцей перасякаюць яе амаль штодзённа. На чэшскім і славацкім баку, пару дзесяткаў метраў за пастарункамі пагранічнікаў, шмат крамаў з вялікім выбарам якаснай гарэлкі. Нічога затым дзіўнага, што ў некаторых памежных гмінах прадукты айчыннай вытворчасці ў крамах амаль не разыходзяцца.

Дробныя пастаўшчыкі, якія за пазухай пераносяць па 2-3 бутэлькі, гэта толькі маргіналіі сапраўднай кантрабанды. Мільёны літраў спірту кожны год прывозяць нелегальна ўсялякія мафіёзныя групы. Купляюць яны спірт у Нямеччыне, а ў Польшчы — пячаткі ад карумпаваных чыноўнікаў пад дакументамі аб адпраўцы тавару на ўсход. Такім чынам у крамах — лічаць эксперты — прадаецца можа нават палова алкаголю з імпарту, пералітага ў польскія бутэлькі з адпаведнымі акцызнымі знакамі.

Хаця паліцыя нішчыць чарговыя лясныя фабрыкі спірту каля Гарадка, Саколкі ці Чорнай-Беластоцкай, аднак зараз жа ўзнікаюць новыя. Перспектыва вялікага прыбытку заахвочвае да рызыкі. Удасканалілася таксама структура продажу самагонкі. Цяпер амаль у кожнай вёсцы можна набыць прадукты з гарадоцкіх ці сакольскіх лясоў. Гандлёвыя прадстаўніцтвы лясных фабрык працуюць вельмі прафесійна. Канкурэнцыя прымушае таксама дбаць пра якаснасць. Можна набыць прадукты з водарам мяты, дубовай кары, ядлоўцу.

Падпольны гандаль алкаголем адкрыў абсурднасць дзяржаўнай палітыкі. Павышэнне падаткаў — аказалася — не прыносіць прыбытку ў бюджэт, а наадварот, яго абмежаванне. Таму ад некалькіх тыдняў з Міністэрства фінансаў плывуць сігналы, што абавязкова трэба панізіць падаткі, а гэтым самым цану краёвых спіртных напояў. Плануецца нават, што ад 1 студзеня 2003 г. гарэлка стане таннейшай на 30 працэнтаў. На практыцы будзе гэта абазначаць, што цана паўлітра найбольш папулярнай гарэлкі складзе 16-17 злотых. Гэта хаця нашмат больш чым на базарах, але адкрывае грамадзянам Польшчы магчымасць купляць больш бяспечны алкаголь. Больш натуральна павінен тады гучаць традыцыйны тост: „На здароўе”, чым з кілішкам напоўненым неакрэсленай вадкасцю, якая пахне пакрысе спіртам, бензінам ды недамытым кантрабандыстам.