Ніва № 31 (2412), 4 жніўня 2002 г.

Астаемся Польшчай „Б”

Аляксандр ВЯРБІЦКІ Выбарчыя акругі ў Падляшскім ваяводстве былі вызначаны правільна; не было тут парушэння польскага заканадаўства, — так Дзяржаўная выбарчая камісія адобрыла — следам за Ваяводскім выбарчым камісарам — рашэнне маршалка Падляшскага ваяводства (гл. „У крузе акруг”, „Ніва” н-р 28; „Пратэст у справе выбарчых акруг”, н-р 29 і „Рух акруг”, н-р 30). Гэтае заключэнне вартавыя нашых законаў зрабілі гледзячы на прадстаўленыя ім паперы. Я, даволі выпадкова, падглянуў выказванне для беластоцкага тэлебачання Падляшскага віцэ-маршалка Дарыюша Цішэўскага — менавіта на тэму падзелу на апальныя выбарчыя акругі. І тут гэты пан палітык ускосна паведаміў, што існуе падзел нашага ваяводства на „роўных” і „раўнейшых”. Сказаў ён, што да траіх паветаў: Бельскага, Гайнаўскага і Сямятыцкага хацелі спачатку далучыць Высокамазавецкі павет, аднак у час кансультацый у тым павеце такі праект не атрымаў адабрэння. У Высокамазавецкім павеце былі нейкія кансультацыі і, паслухаўшы іх водгаласу, ваяводскае самаўрадавае кіраўніцтва рашыла паставіцца да іх станоўча і памяняць свой пачатковы намер. Пра нейкія кансультацыі ў трох „меншасных” паветах — нават са сваімі палітычнымі калегамі — пан Цішэўскі не згадаў, не гаворачы ўжо пра нейкае прыстойнае стаўленне да пратэстаў з нашага асяроддзя.

Скаржнікі новага падзелу на выбарчыя акругі будуць хадайнічаць за адмену некарыснага нашай меншасці рашэння перад Канстытуцыйным трыбуналам, зыходзячы менавіта з неканстытуцыйна рознага трактавання грамадзян нашай дзяржавы з-за іх нацыянальнай і канфесійнай іншасці. Асновай для гэтага хадайніцтва будзе не толькі асноўны юрыдычны акт Рэчы Паспалітай, але і Агульная канвенцыя дзеля аховы нацыянальных меншасцей, прынятая Радай Еўропы 1 лютага 1995 года. У прэамбуле да Канвенцыі гаворыцца: „(...) плюралістычнае і сапраўды дэмакратычнае грамадства павінна шанаваць не толькі этнічную, культурную, моўную і рэлігійную тоеснасць кожнай асобы з ліку нацыянальных меншасцей, але і ствараць адпаведныя ўмовы дзеля выказвання, захавання і развіцця тае тоеснасці. (...) стваранне настрою талерантнасці і дыялога неабходнае дзеля таго, каб культурная разнастайнасць ставалася ў кожным грамадстве крыніцай і чыннікам не падзелу, але ўзбагачэння”. Артыкул 15 Канвенцыі: „Бакі створаць умовы, неабходныя для паспяховага ўдзелу членаў нацыянальных меншасцей у культурным, грамадскім і гаспадарчым жыцці ды ў публічных справах, асабліва ў тых, якія іх кранаюць”. І артыкул 16: „Бакі адмовяцца ад сродкаў мяняючых прапорцыі насельніцтва на абшарах пражывання нацыянальных меншасцей, мэтай якіх было б абмежаванне правоў і свабод вынікаючых з прынцыпаў, акрэсленых у гэтай Агульнай канвенцыі.”

Нейкага зруху ў гэтай скандальнай справе цяжка, аднак, у бліжэйшы час спадзявацца. Канстытуцыйны трыбунал даследуе справы, як кажуць немцы Langsam, langsam, aber sicher, бо паспех людзям на смех. А калі б яшчэ давялося — у выпадку адмоўных вынікаў усіх унутрыдзяржаўных захадаў — звяртацца ў Раду Еўропы, дык і след сёлетніх самаўрадавых выбараў прастыне. Папраўка ў закон аб самаўрадавых выбарах, якая мае засцерагчы рассячэнне нацыянальных меншасцей, прынятая надоечы Сеймам па ініцыятыве Яўгена Чыквіна, задзейнічае, бадай, за чатыры гады.