Ніва № 29 (2410), 21 ліпеня 2002 г.

У нацыянальным лесе

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

У апошні час генеральны дырэктар Дзяржаўных лясоў і галоўны захавальнік прыроды падпісалі пагадненне, у рамках якога Белавежская пушча мае быць нацыянальным лесам. З запэўнівання дырэктара Лясоў Януша Давідзюка вынікае, што г.зв. адміністрацыйны статус Пушчы не зменіцца. Запаведнік ахопіць 10 тысяч гектараў. Справа ва ўзнаўленні пушчанскага характару гэтай здэградаванай тэрыторыі. Што важна з пункту гледжання жыхароў Пушчы, дырэктар Давідзюк запэўніваў:

— Справа ў тым, каб вялася рацыянальная палітыка здабывання драўніны мясцовай грамадскасцю.

Можна ў гэтай дэкларацыі дашукацца папраўдзе толькі аднаго. Хоць пала ідэя ахаплення тэрыторыяй Нацыянальнага парку ўсяе Пушчы, то іншымі спосабамі будзе абмежаваны збор драўніны ды лясных пладоў і г.д. Успамінаючы аб адпаведным пункце закона, які мае трапіць пад абмеркаванне ў час прац Сейма, ні дырэктар Дзяржаўных лясоў, ні галоўны захавальнік прыроды не краналі пытання, адкуль узяць грошы на кампенсацыі ўжо не столькі для саміх жыхароў, але для пушчанскіх гмін, якія страцяць з прычыны пашырэння запаведніка і стварэння нацыянальнага лесу прыбытак ад ляснога падатку. Прыглядаючыся праекту будучага бюджэту, падобна, які і сёлета, і ў 2003 годзе ўрад будзе прымушаны ашчаджаць на ўсім, а я міра ды золата з кадзілам даў бы таму, хто пераканае мяне ў тым, што міністэрства фінансаў не будзе зрэзваць такіх выдаткаў, як капменсацыі за страту гмінамі прыбытку ад ляснога падатку, ужо не гаворачы тут пра грошы для звычайных людзей.

А, калі ўжо пра грошы... Нічога не прадказвае, што меншасныя арганізацыі (друк, імпрэзы і г.д.) атрымаюць грошай столькі, як прынамсі ў гэтым годзе, значыць, у шмат раз менш чым дагэтуль. Не толькі таму, што такі праект настолькі эканомны, як і абавязваючы цяпер, паспеў падрыхтаваць перад адыходам міністр фінансаў Марэк Бэлька, а яго наследнік Гжэгаж Калодка не намерваецца нічога змяняць. Грашыма (абмежаванымі), якія трапяць да меншасці, будзе распараджацца міністр культуры. Нават калі даб’ецца ён у час бюджэтных дэбатаў урада нейкіх „перасовак” для свайго ведамства, дык яны, я ў гэтым упэўнены, пойдуць на патрэбы кінематаграфіі, бо з нічым іншым, здаецца, як толькі з фільмам культура новаму міністру Вальдэмару Дамброўскаму не асацыюецца. Так прынамсі вынікае з яго выказванняў пасля назначэння. Генеральна, прадказанне браку грошай усё паяўляецца ў ягоных дэкларацыях. Мае ён, здаецца, усё зрабіць, каб прыватны мецэнат успамагаў культуру. Не вельмі я такое ўяўляю. Як, вось, міністр Дамброўскі будзе хадзіць ад банка да банка, ад фірмы да фірмы і намаўляць іх выкласці касу на такое ці іншае мерапрыемства. Нічога іншага ён зрабіць не можа — не ў змозе законна-адміністрацыйным шляхам загадаць прадстаўнікам бізнесу спансараванне. Нават калі будзе такім чынам таптаць дарогі па грошы, то і так, як казаў Ленін, на кіно, наймагутнейшую зброю.

Міністр Дамброўскі можа яшчэ вярнуцца да старое думкі: дабравольнага падатку грамадства на культуру. Улічваючы, аднак, дзяцей, пенсіянераў, грамаду беспрацоўных (якая ўжо неўзабаве сягне 20 адсоткаў), а і большасць убогага грамадства, грошай з такога падатку хопіць на адну, можа, якія дзве пастаноўкі, от, хоць бы твораў Сянкевіча.

Так, вось, у мяне склалася ўражанне, што лепш не будзе. І нават у Белавежскай пушчы не варта хавацца, бо гатоў ты памерці ад холаду ды голаду тутака, у гэтым нацыянальным лесе.