Ніва № 29 (2410), 21 ліпеня 2002 г.

Між Беластокам і Вільняй

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

5 і 6 ліпеня г.г. у Беластоку адбылася міжнародная канферэнцыя на тэму „Трансгранічнае самаўрадавае супрацоўніцтва на тэрыторыях пражывання беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і Літве”. Канферэнцыю, спансараваную Еўрапейскай камісіяй, ладзілі беластоцкі Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь і віленскі Цэнтр „Дэмакратыя для Беларусі”. Канферэнцыю меў удастоіць прысутнасцю маршалак Падляшскага ваяводства Славамір Згжыва, аднак такое не збылося і можна лічыць, што ў чарговы раз пан маршалак сваёй адсутнасцю выказаў істотнае меркаванне на разгляданую канферэнцыяй тэму. Прысутнічалі затое галоўным чынам прадстаўнікі самакіравання з Літвы і Беласточчыны ды беластоцкія вучоныя.

Уладзімір Хільмановіч, дырэктар гродзенскага аддзялення Самаўрадавага фонда імя Льва Сапегі, адзначыў, што ў Беларусі самакіраванне практычна не існуе. Нейкае ўяўленне аб самакіраванні мае мо каля 5% насельніцтва краіны; гэта чынавенства і актывісты грамадскага руху. Нейкі зрух у бок самакіравання пачынаўся пры Кебічы, але з прыходам Лукашэнкі да ўлады і ўстанаўленнем ягонай вертыкалі чыноўнікі мясцовых саветаў самі не могуць прыняць ніякага рашэння без адабрэння зверху. Дарэчы, самакіраванню не спрыяе і адміністрацыйны падзел Беларусі, напрыклад, Ашмянскі рэгіён падпарадкаваны Гродзенскай вобласці без якога-колечы абгрунтавання.

Згаданы Ашмянскі рэгіён стагоддзямі, у тым ліку і ў савецкі час, быў звязаны з Вільняй. Беларуска-літоўская мяжа ў савецкі час была толькі адміністрацыйнай граніцай, яна не выконвала бар’ерных функцый. Людзі з Ашмян ці Ліды працавалі ў Вільні; так было на ўсёй літоўска-беларускай мяжы. Сітуацыя змянілася ў 1991 годзе, калі літоўска-беларуская граніца атрымала бар’ерны характар. Прыгранічныя гміны апынуліся на перыферыях, новыя раздзяляльныя функцыі, дзяржаўнай ужо, літоўска-беларускай граніцы спынілі міграцыю і выкарыстанне памежных рэсурсаў. Напрыклад Друскенікі, якія ў савецкі час былі квітнеючым курортам, сёння пражываюць правінцыйны заняпад — тут найбольшае ў Літве беспрацоўе парадку 30%.

На другім канцы беларуска-літоўскай мяжы знаходзіцца горад Вісагінас. Гэта спецыфічны горад. Пабудова яго пачалася 10 жніўня 1975 г. у чыстым лесе з мэтай пасялення там персаналу Ігналінскай АЭС, адлеглай ад горада на дзевяць кіламетраў. Кіраўнічыя кадры для электрастанцыі былі прывезены з Масквы, а іншыя рабочыя з’язджаліся з усяго Савецкага Саюза. Шмат людзей, каля 15%, прыехала і з Беларусі, асабліва з недалёкіх ваколіц Відзаў і Браслава. Сёння Вісагінас (у 1977-92 гг. Снечкус) налічвае каля 33 тысячы жыхароў, аднак іх будучыня бесперспектыўная. У сілу міжнародных абавязацельстваў літоўскіх улад у недалёкай будучыні Ігналінская АЭС будзе закрыта. У савецкі час літоўцы складалі каля 7% насельніцтва горада, сёння іх 15%; Вісагінас з’яўляецца адзіным горадам у Літве, дзе назвы вуліц двухмоўныя. Раней жыхары горада не думалі пра сваю нацыянальнасць, сёння, з прычыны недалёкай ліквідацыі іх працоўных месц, сталі яны прыгадваць свае вытокі. У гэтым напрамку задзейнічаў і Дэпартамент нацыянальных меншасцей літоўскага ўрада, які ў 1991 годзе заснаваў Цэнтр нацыянальных культур у Вісагінасе. Хаця вяртацца на радзіму ніхто з беларускіх выхадцаў не хоча з прычыны вялікай розніцы ўзроўняў жыцця, аднак у 1991 годзе паўстала Таварыства беларусаў Вісагінаса. Стала працаваць таксама нядзельная беларуская школа, дзе навука адбываецца два разы ў тыдзень у памеры шасці гадзін. Праграму для васьмігадовага навучання, якая ахоплівае вывучэнне беларускай мовы, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі і песні, апрацавала настаўніца Таццяна Хлус. У гарадской школе таксама навучаецца беларуская мова ў класах колькасцю каля дзесяці вучняў, але гэта выклікае напружанні сярод настаўнікаў, бо іншыя навучаюць класы па сорак вучняў. У згаданых школах беларускую мову вывучаюць галоўным чынам дзеля таго, каб пасля паступіць у беларускія вучэльні, дзе студэнты з дыяспары вучацца бясплатна. У Літве не ўсе багатыя і не ў змозе вучыцца за грошы; паводле некаторых меркаванняў у пачатковыя школы не ходзіць каля 50 тысяч дзяцей з прычыны беднасці, бо не маюць нават у што апрануцца... За мінулыя два гады 18 выпускнікоў з Вісагінаса дасталіся ў беларускія вучэльні, аднак беларускія ўлады ставяць пытанне спынення цяперашняй практыкі ў адносінах да дыяспары.

Беларуская грамадскасць Вісагінаса не мае вялікага ўплыву на тамашнія ўлады. Калі яе прадстаўнікі звярталіся з нейкімі сваімі патрабаваннямі, ім адмаўлялі тлумачачы, што зараз іншыя нацыянальнасці таксама нешта захочуць, а рэсурсаў жа ўсім не хопіць. Тады 75 нацыянальных арганізацый горада аб’ядналіся ў Агульны савет развіцця горада, які, аднак, не займаецца вузкімі праблемамі, але агульнымі. Для прыкладу: Вісагінас знаходзіцца ў прыгранічнай зоне, горад патруліраваўся, наведвальнікі павінны былі афармляць пропускі, быў рэжым. Агульны савет стаў хадайнічаць за адмену рэжыму. І рэжым адмянілі, горад стаў адкрытым. Але тады вырасла злачыннасць, паявіліся наркотыкі, паявіліся самагубствы. У такіх абставінах Агульны савет стаў хадайнічаць у Вільні за вяртанне рэжыму і горад зноў уключылі ў прыгранічную зону.

Беларусы Вісагінаса кандыдавалі ў органы мясцовага самакіравання але без практычнага выніку. Тады перасталі яны займацца выхадам у структуры ўлады, толькі засяродзіліся на лабіраванні. Ёсць органы і рычагі, ёсць людзі, якія спрыяюць іх патрабаванням.

Згаданае раней навучанне беларускай мовы ў дзяржаўнай школе адбываецца на аснове парытэту між літоўскімі і беларускімі ўладамі. У Беларусі працуюць тры літоўскія школы: у Рымдзюнах (Астравецкі раён), Пелясе (Воранаўскі раён) і Мінску. Такім чынам мінскія ўлады могуць аказваць ціск на шматлікія аспекты дзейнасці беларускіх школ у Літве, у тым ліку і на падборку кадраў; улады літоўскага школьніцтва ахвотна карыстаюцца падказкамі мінскага рэжыму, даглядаючы, каб не навучалі патрыятычна настроеныя настаўнікі. Беларускімі школамі ў Літве апякуецца Згуртаванне беларусаў Літвы, якое шчыльна супрацоўнічае з беларускім пасольствам. А пасольства Беларусі ў Вільні, як сказаў Алег Аблажэй, з’яўляецца варожай установай, адкуль не чакаць дапамогі. Ды і ўсе беларускія дыяспары наканаваны на выжыванне без дапамогі з боку тытульнай дзяржавы. Быў нацыянальны ўздым, калі прыязджаў міністр Краўчанка, але калі за беларусамі перастала заступацца іхняя краіна, тады і з імі перасталі лічыцца. Літоўскае тэлебачанне раней рабіла 20-хвілінныя перадачы на беларускай мове, пасля 15-хвілінныя, цяпер 10-хвілінныя...

У Вільні пасольства Беларусі з’яўляецца пастаянным госцем у школе. У віленскай школе мала вучняў, м.інш. па прычыне „тутэйшай” нацыянальнай свядомасці ды і дырэкцыя рэкамендуе вучыцца па-літоўску. У Вільні, дзе пражывае каля 30 тыс. беларусаў, у беларускі клас прынята ў мінулым годзе восем вучняў — абяцалі ім падарункі. Далі пластмасавы мяшочак, алоўкі і сшытак. У той час палякі набралі дзевяць класаў — польскае пасольства дало ім падручнікі, маляванкі і сшыткі на цэлы год! Сёння для запалячвання не трэба легіянера з ксяндзом: хопіць паслаць у школы Святога Мікалая крыху багацейшага за Дзеда Мароза. Як заўважыў Алег Мінкін, калі б польскай меншасці ў Літве забраць падтрымку з Польшчы, яна расплылася б. Польскай мове вучацца таксама, каб можна было выехаць у Польшчу, выйсці ў іншы свет. Марыюш Кавальскі з Польскай акадэміі навук заўважыў, што ў савецкі перыяд у Астравецкім раёне Беларусі рэзка ўпаў працэнт насельніцтва, якое дэкларавала польскую нацыянальнасць.

У Вільні працуе Кафедра беларусістыкі Віленскага педагагічнага універсітэта, таксама на парытэтнай аснове. Яе выпускнікі не надта могуць разлічваць на працу, але штудзіруюць там грамадзяне не толькі Літвы, але і Беларусі ды дзеці беларускіх выхадцаў у Вялікабрытанію, Іспанію і інш. Беларуская мова навучаецца паводле методыкі для замежных студэнтаў, бо многія з іх яе не ведаюць. Сёння Кафедра беларусістыкі, якая вядзе навуковае даследаванне Віленскага раёна, хоча ўзбагаціць шансы сваіх выпускнікоў і думае ў праграму студыяў уводзіць элементы практычных навук...

На канферэнцыі гаварылася не толькі пра беларускае жыццё ў Літве, гаварылася і пра нашу Беласточчыну, асабліва ж пра нашы перспектывы тут. Перспектывы тыя надта трывожныя. Цяперашняя пенсіянерная сістэма будзе ствараць штораз большы абшар беднасці ў нас. Сённяшнія паказальнікі беспрацоўя быццам у нас меншыя, чым у цэлай Польшчы, але гэта вынік спосабу падліку; рэальнае беспрацоўе на Беласточчыне большае, чым у цэлай краіне, з якой за мяжой працуе каля 800 тыс. грамадзян. Пра яго пераадольванне не згадваецца ў шумнай стратэгіі развіцця ваяводства, а свет ужо прымяняе новыя формы змагання з ім, якія, агульна кажучы, зводзяцца да рэдукцыі коштаў працы. Аджывае традыцыйная форма працоўнай дамовы: на неабмежаваны час па восем гадзін у кожны будні дзень з водпускам і г.д. У ЗША і на захадзе Еўропы ўводзяцца новыя формы працы: тэлепраца, праца па тэлефоне, пазычанне працаўнікоў, раздзел пасады і зарплаты між некалькіх работнікаў і г.д. Да таго ж наступае канцэнтрацыя вытворча-паслуговых працэсаў: цэнтр цывілізацыі пакідае Атлантыку і перабіраецца на Ціхі акіян. У старой Еўропе ўзнікнуць цывілізацыйныя калідоры; адным з іх будзе Метрапалітальны калідор: з Бруселя цераз Берлін, Познань, Варшаву, Брэст, Мінск у Маскву. Беласточчына, калі неяк не падключыцца да Брэста, астанецца збоку, апусцее і зарасце лесам. Непатрэбным стане і Беласток...