Ніва № 29 (2410), 21 ліпеня 2002 г.

Пратэст у справе выбарчых акруг

Аляксей МАРОЗ

Беларускія і праваслаўныя арганізацыі пратэстуюць супраць падзелу Падляшскага ваяводства на выбарчыя акругі для самаўрадавых выбараў, паколькі абмяжоўвае ён выбарчыя шанцы кандыдатаў ад меншасных асяроддзяў і супярэчыць еўрапейскай канвенцыі аб ахове нацыянальных меншасцей. Нясправядлівы падзел закрануў галоўным чынам Бельскі, Гайнаўскі і Сямятыцкі паветы.

Радныя Гайнаўскага павета на нечарговай сесіі 5 ліпеня г.г. вырашылі абскардзіць у Падляшскага ваяводскага выбарчага камісара пастанову Ваяводскага сейміка аб падзеле Падляшскага ваяводства на выбарчыя акругі, у адпаведнасці з якой Гайнаўскі павет будзе ў адной акрузе з Беластокам, Саколкай і Монькамі.

Радны ваяводскага сейміка Аляксандр Сяліцкі паінфармаваў, што маршалак Падляшскага ваяводства Славамір Згжыва прэзентуючы праект падзелу Падляшскага ваяводства на выбарчыя акругі, які пазней быў прыняты галасамі радных АВС і ПСЛ, не кансультаваў яго ў камісіях і абгрунтаваў яго толькі лічбамі насельніцтва і колькасцю мандатаў у паасобных акругах, не ўлічваючы нацыянальны і канфесійны чыннікі. Паводле Гайнаўскай рады, прыняты падзел Падляшскага ваяводства на выбарчыя акругі ў дачыненні да Гайнаўскага павета парушае інтарэсы беларускай меншасці, пражываючай у павеце, робячы немагчымым вылучэнне прадстаўнікоў меншасці ў выбарах у Ваяводскі сеймік, не даючы ім роўных шанцаў з іншымі жыхарамі ваяводства. Згаданая пастанова супярэчыць гістарычнай спадчыне беларускай нацыянальнай меншасці, духу дэмакратыі і талерантнасці і парушае Агульную канвенцыю Рады Еўропы аб ахове нацыянальных меншасцей ад 1 лютага 1995 г. і ратыфікаваную польскім урадам 10 лістапада 2000 г. 4 артыкул гэтай канвенцыі накладае на краіны абавязак прымаць неабходныя меры дзеля падтрымання ва ўсіх праявах эканамічнага, грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця поўную і сапраўдную роўнасць паміж асобамі, што належаць да нацыянальнай меншасці, і асобамі, якія належаць да большасці. Рада Гайнаўскага павета прапануе спалучыць у адну выбарчую акругу Гайнаўскі, Бельскі і Сямятыцкі паветы.

Бурмістр Кляшчэляў Аляксандр Сяліцкі патлумачыў, што стварэнне адной акругі з Бельскага, Гайнаўскага і Сямятыцкага паветаў будзе немагчымым з-за недастатковай колькасці насельніцтва (у трох паветах жыве 170 тыс. жыхароў, а для стварэння самай меншай пяцімандатнай акругі трэба больш за 200 тыс. людзей). Раіў ён, каб Рада Гайнаўскага павета да скаргі не далучала сваёй прапановы, бо аб гэтым павінен вырашыць ваяводскі сеймік.

Радныя былі паінфармаваны аб магчымых варыянтах вырашэння справы. Але паколькі 8 ліпеня г.г. Падляшскі ваяводскі выбарчы камісар адхіліў пратэсты лакальных самаўрадаў, у тым ліку і гайнаўскага, справа трапіць на разгляд у Дзяржаўную выбарчую камісію, а магчыма што і ў Сейм. Радныя Гайнаўскага павета разлічваюць на спалучэнне ў адну выбарчую акругу тэрыторый Гайнаўскага, Бельскага і Сямятыцкага паветаў.