Ніва № 29 (2410), 21 ліпеня 2002 г.

Засцярогі да візавых новаўвядзенняў

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

9 ліпеня ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя прысвечаная ўвядзенню Польшчай, Літвой і Латвіяй паўнавартасных візавых адносін з Беларуссю.

Напачатак прэс-сакратар пасольства Усевалад Глушкоў зачытаў заяву Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у якой выказана глыбокая занепакоенасць беларускага боку дэнансаваннем Польшчай існуючых дагэтуль дагаворных актаў аб бязвізавым руху грамадзян абедзвюх дзяржаў. Ставіцца закід, што планаваныя Польшчай, Літвой і Латвіяй новыя меры супярэчаць духу Заключнага акта АБСЕ ад 1975 года і іншых пастаноў, якія прадбачвалі паступовае спрашчэнне працэдур перасякання межаў. Давядзе гэта да заняпаду разнастайных кантактаў між грамадзянамі Беларусі, Латвіі, Літвы і Польшчы, якія фарміраваліся не толькі за апошнія дзесяць гадоў, але і на працягу стагоддзяў.

Беларусь мусіць уводзіць візавы рэжым для польскіх грамадзян па прынцыпе ўзаемнасці, аднак магчымасці такога мерапрыемства абмежаваныя. Беларускі бок будзе шукаць магчымасцей скарыстання міжнародных фондаў, бо ж гэта не па яго ініцыятыве ўводзіцца новы парадак. Мяркуецца, што на дзень увядзення візавага рэжыму новых абставін поўнасцю не асвоіць не толькі Беларусь, але і Польшча. Варта пры нагодзе ўспомніць, што ў праведзеным у ЗША апытанні па Інтэрнэце наконт працы замежных консульстваў, найвышэйшую ацэнку атрымалі консульствы Рэспублікі Беларусь...

Паколькі новыя абставіны закрануць таксама Украіну і Расію, дык Беларусь будзе супрацоўнічаць з імі. Існуе прынцып узаемнасці, таму за візы будуць плаціць не толькі грамадзяне Беларусі, але і грамадзяне Польшчы. Беларусь ставіцца са зразуменнем да неабходнасці ўвядзення візавага рэжыму, аднак лічыць, што ён не мусіць поўнасцю супадаць з палажэннямі з Шэнген. Сённяшнія абставіны унікальныя: упершыню новыя абавязкі прымаюць дзевяць дзяржаў, у іх ліку і былыя краіны Савецкага Саюза, якія цесна звязаны з сабою. Парадак увядзення візавага рэжыму павінен быць тэмай перагавораў, каб задавальняў не толькі інтарэсы Захаду, але і паважаў інтарэсы ўсходніх дзяржаў. Напрыклад, можна разважаць аб увядзенні льгот прадстаўнікам нацыянальных меншасцей, каб не абмежаваць іх культурных і сямейных кантактаў.

У мінулым годзе беларускія консульствы ў Польшчы выдалі 5,4 тыс. візаў, а за той жа час грамадзяне Беларусі атрымалі 24 тыс. візаў. На працягу мінулага года 5,2 млн. грамадзян Беларусі прыязджала ў Польшчу і 1,6 млн. чалавек заехала з Польшчы ў Беларусь.