Ніва № 29 (2410), 21 ліпеня 2002 г.

Хто хоча, той можа

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Адным з апошніх крокаў у спробах неяк паўплываць на паляпшэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі плануюць у недалёкай будучыні прадпрыняць Злучаныя Штаты Амерыкі. Законапраект „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” прапанаваны на разгляд Кангрэсу ЗША.

Сэнс гэтага дакумента ў наступным — яшчэ больш ізаляваць беларускія ўлады ад стасункаў з Захадам, а таксама фінансава дапамагчы тым, хто шчыруе дзеля ўсталявання дэмакратыі ў Беларусі. Прадугледжваюцца і эканамічныя санкцыі — забарона стратэгічнага экспарту, рознага кшталту пазыкаў і інвестыцый у беларускую эканоміку, скарачэнне гандлю. Мэта ўсіх гэтых дзеянняў, на думку распрацоўшчыкаў законапраекта, у дапамозе беларускаму народу ў вяртанні да дэмакратычных нормаў жыцця.

Як лукашэнкаўскія ўлады, так і апазіцыйныя палітыкі не пакінулі гэтыя крокі амерыканскіх рупліўцаў за беларускую дэмакратыю па-за ўвагай. Рэакцыю першых прадбачыць не цяжка — зноў пачуюцца выказванні аб двайных стандартах у палітыцы і ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы суверэннай краіны, а таксама фінансаванні апазіцыі. Што ж тычыцца другіх, то тут сітуацыя выглядае вельмі неадназначна і нават крыху смешна.

Дэмакратычная апазіцыя ў сваёй палітычнай барацьбе заўсёды апелявала да сусветнай супольнасці, слушна кажучы аб знявазе ў Беларусі элементарных нормаў дэмакратыі і правоў чалавека. І рабіла гэта па магчымасці як мага гучней, каб быць пачутай усімі, хто мае вушы. І вось, нарэшце, калі на гучныя заклікі пачуўся гучны адказ, некаторыя дэмакраты ажно перапугаліся — а ці не будзе горш? Маўляў, цяпер Лукашэнка з рэальнымі дакументамі на руках лёгка зможа паказаць „прадажнасць” апазіцыі і яшчэ больш выкліча нянавісць да яе з боку ўласнага электарату. Да дэмакратаў ледзьве не будзе прылеплена мянушка „ворагаў народа”, якія „кормяцца” з рук „заакіянскіх імперыялістаў” і распачнецца новы віток цкавання іншадумцаў. Увогуле, калі вызначаць рэакцыю некаторых людзей, што называюць сабе дэмакратамі, да гэтага „Акта” адным сказам, то яна ў наступным — дзякуй вялікі, але не трэба!

Магчыма, у нечым амерыканскія кангрэсмены, якія распрацавалі і вынеслі „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” на разгляд Кангрэса крыху перастараліся. Але гэта можа ў нечым тычыцца толькі афішавання дапамогі недзяржаўным беларускім арганізацыям фінансавымі сродкамі — сорак мільёнаў долараў на два гады. Бо адразу пачынаецца лік — многа гэта ці мала? Улады, вядома, зрэагуюць такім чынам, нібыта такая сума з разраду касмічных. Прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, па ўсёй верагоднасці, будуць казаць, што гэтыя грошы падобныя на кашачыя слёзы. У рэшце рэшт, усё звядзецца да пытання „хто колькі атрымае” і галоўная мэта — рэальнае дзеянне ў дапамозе дэмакратам з боку Злучаных Штатаў пасунецца кудысьці на задні план.

Менавіта ў гэтым, падаецца, асноўная недаробка законапраекта. Недаробка, якую з лёгкасцю можна выправіць, пакідаючы памер фінансавай дапамогі неакрэсленым і тым самым не даючы Лукашэнку аперыраваць канкрэтнымі лічбамі, бо раней з яго вуснаў неаднаразова чуліся заявы аб фінансаванні Захадам беларускай апазіцыі. І няма вялікага страху, што такое прагучыць зноў. Застаецца спадзявацца, што такія выпраўленні будуць зробленыя Кангрэсам падчас прыняцця „Акта”.

Што ж тычыцца астатніх палажэнняў законапраекта, то яны, па ўсяму відаць, даюць рэальную прапагандысцкую дапамогу тым, хто ў ёй зацікаўлены і здольны скарыстаць. Гэта заключаецца ў тым, што з’яўляецца яшчэ адна магчымасць у палітычных спрэчках з апалагетамі рэжыму дакументальна пацвярджаць свае словы аб тупіковасці абранага цяперашняй беларускай уладай шляху развіцця краіны. Бо калі з вышэйшым кіраўніцтвам краіны не жадае нават сустракацца такое ж кіраўніцтва іншых дзяржаў, калі замарожваюцца па палітычных прычынах эканамічныя стасункі, вынікам чаго ёсць пагаршэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, то аб гэтым напэўна варта распавядаць выбаршчыкам. І распавядаць, імкнучыся набыць сабе большы палітычны аўтарытэт, дзякуючы, вядома, сваёй пазіцыі, што адрозніваецца ад пазіцыі лукашэнкаўскай ўлады.

Канешне, такія дзеянні варта чакаць ад людзей, якія шукаюць шляхі дасягнення пастаўленых мэт, а не толькі бачаць у любых зменах новыя перашкоды. А менавіта гэтым, на жаль, „хворыя” сёння шмат хто з дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі.