Ніва № 29 (2410), 21 ліпеня 2002 г.

Палёнія не для Беларусі

Віталь ЛУБА

Беларускай службе V Праграмы Польскага радыё (Радыё Палёнія) пагражае закрыццё. Заявілі аб гэтым 28 чэрвеня Польскае радыё і Бі-бі-сі, спасылаючыся на выказванне міністра замежных спраў Владзімежа Цімашэвіча, які на падставе інфармацыі дыппрадстаўніцтваў сцвердзіў, што ў свеце найбольшай папулярнасцю карыстаюцца польскія перадачы на мове эсперанта. Міністр не сустрэў таксама ніводнага паляка на Усходзе, які б сказаў, што слухае Радыё Палёнія. Таму, на яго думку, „няма сэнсу выкідваць грамадскія грошы на перадачы, якія не трапляюць да слухача”. Міністэрства замежных спраў, якое курыруе Рыдыё Палёнія і Тэлебачанне Палёнія ды часткова іх фінансуе, намерваецца змяніць формулу вяшчання, напрыклад, распаўсюджваць перадачы шляхам Інтэрнэту і іншых тэхналогій. У такой сітуацыі рэальнай стала пагроза ліквідацыі ўсходніх рэдакцый Радыё Палёнія — беларускай, рускай і ўкраінскай. Паводле неафіцыйных вестак, можа гэта адбыцца ў пачатку верасня.

Беларуская рэдакцыя ўзнікла 13 студзеня 1992 г. Цяпер вяшчае яна 4 гадзіны ў суткі, а перадачы можна слухаць на кароткіх хвалях і цераз аўдыёканалы спадарожнікавага тэлебачання. Апрача варшаўскага калектыву перадачы дапамагаюць рыхтаваць таксама журналісты з Беластока і Мінска. У перадачах змяшчаецца інфармацыя пра польскі шлях да дэмакратыі і прававой дзяржавы, пра жыццё беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, выказваюцца польскі і заходні погляды на падзеі ў Беларусі. Як паведаміла Радыё Свабода дырэктар беларускай рэдакцыі Ніна Баршчэўская, дзякуючы актыўнасці слухачоў штотыдзень выходзяць у эфір тры перадачы: „Рэдакцыйная пошта”, „Канцэрт віншаванняў” і праграма, у якой слухачы выказваюць свае погляды на польска-беларускія адносіны.

Задачай усходніх рэдакцый Радыё Палёнія, апрача асноўнай — падтрымкі сувязей з палякамі ў краінах Саюза Незалежных Дзяржаў, з’яўляецца таксама ўсталяванне ўзаемаразумення паміж суседнімі нацыямі, у тым ліку паміж польскім і беларускім народамі. Закрыццё беларускай службы напярэдадні далучэння Польшчы да Еўрапейскага Саюза абмяжуе і так сціплы абмен інфармацыяй паміж нашымі дзяржавамі. А яшчэ не так даўно кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства завяраў, што Польшча ў ходзе інтэграцыі з еўрапейскімі структурамі не будзе адварочвацца ад усходніх суседзяў, а толькі будзе будаваць масты і пашыраць інфармацыю.