Ніва № 29 (2410), 21 ліпеня 2002 г.
Чароўная купальская ночПаўліна ШАФРАНКупальская ноч у Белавежы згуртавала 6 ліпеня каля 6 тысяч людзей. У Белавежу прыехалі не толькі людзі з цэлай Польшчы, але і госці з-за мяжы — традыцыйна беларусы і прадстаўнікі іншых славянскіх народаў (украінцы, расіяне), а нават немцы зацікаўлены культурай „братоў славян” ці групка французаў, якая прыехала ў пушчу ў пошуках „магутных звяроў” і амерыканцы, якія прыехалі ў Гайнаўку наведаць сваіх родных. Сваю радасць ад прысутнасці выказвалі яны гучным і заадно адказам на амаль усе мае пытанні словам: „о’кей!”. Бо сапраўды, у гэтым годзе ў Белавежы ўсё было „ОК!”.Большасць удзельнікаў Купальскай ночы складалі маладыя людзі, якія з’ехаліся ў Белавежу, здавалася б, у пошуках папараць-кветкі. На жаль, былі яны больш зацікаўлены танным півам і іншымі атракцыёнамі, прапанаванымі прадаўцамі цацачных крамак. Арганізатар імпрэзы — Беларускае грамадска-культурнае таварыства — у гэтым годзе прыемна парадаваў удзельнікаў мерапрыемства. На гэты раз не было доўгіх прамоваў, а гурты, якія прымалі ўдзел у канцэрце, спявалі з большай ахвотай, запалам. Толькі два з іх (на жаль, былі гэта гурты арганізатараў — маладзёжны „Каласкі” і старэйшы „Крыніца”) не выклікалі эйфарыі ў публікі. Прычына гэтаму была празаічная — папросту не было іх амаль чуваць. Інакш выглядалі выступленні такіх гуртоў як „Прымакі”, „Ас”, „Хлопцы-рыбалоўцы”, „Расспяваны Гарадок” і „Арэшкі”, якія разагравалі белавежскую публіку. Да гэтай пары не было такой сітуацыі, каб выступленні гэтых двух апошніх калектываў заахвоцілі публіку да танцаў. Людзі звычайна слухалі, часам падспеўвалі, а ў гэтым годзе — гулялі! І добра. Гэта абазначае, што гурты шукаюць нечага новага, змяняюцца, пачынаюць спяваць пад публіку, стараюцца наладзіць з ёю кантакт. Увагу ўдзельнікаў мерапрыемства прыцягнуў адзін з беларускіх гасцей канцэрта. „Купалінка” і астатнія беларускія песні ў выкананні Якава Навуменкі надоўга астануцца ў сэрцах слухачоў. Навінкай у гэтым годзе быў сюрпрыз, якім арганізатары прыемна парадавалі ўсіх удзельнікаў. Некалькі мінут да поўначы пачаўся паказ феерверкаў і на небе паявіліся цудоўныя вогненныя ўзоры. Амаль дваццаць мінут 6 тысяч народу стаяла нерухома з паднятымі ўгару галовамі і з радасцю ў вачах войкала ад захаплення і громка апладзіравала. Надвор’е ў гэтым годзе таксама паспрыяла. Цёплы вечар і адсутнасць камароў (проста сенсацыя!) паўплывалі на тое, што выявілася многа аматараў плавання і вылаўлівання купальскіх вянкоў, якіх майстэрства і прыгожасць выклікала захапленне не толькі ў юнакоў. Былі вялікія, каляровыя вянкі са свечкамі, стужкамі, выкананыя гуртамі, і меншыя, больш сціплыя, сплеценыя з палявых кветак дзяўчатамі з публікі. Адны і другія карысталіся вялікім зацікаўленнем. Арганізатары ў гэтым годзе пастараліся запэўніць удзельнікам бяспеку, наймаючы ахоўнікаў. Удалося гэта амаль цалкавіта. Здзіўленне выклікаў толькі факт, што калі дайшло да некалькіх, непрыемных эксцэсаў, якія звычайна здараюцца на шматлюдных мерапрыемствах, ахоўнікі не справіліся з задачай. Гэта аднак не віна арганізатараў, бо гэта не яны адказваюць за персанал ахоўнай фірмы. Купальская ноч далей праходзіла пры музыцы гурту „Ас”, які два тыдні раней выдаў чарговую аўдыёкасету і кампакт-дыск. Публіка мела магчымасць паслухаць не толькі старыя гіты гурту, але і новыя аранжацыі. Песні з новага альбома „Як што любіш — кахай” запаланілі сэрцы публікі. Як сказаў лідэр гурту Славамір Трафімюк, „гэта песні нашай маладосці, якія спявалі мы яшчэ так нядаўна на вячорках у родных вёсках, гэта песні, якія спадарожнічалі нам у найважнейшых хвілінах жыцця”. І гэта праўда, амаль усе ўдзельнікі забавы пад адкрытым небам, якая трывала да 4 гадзіны раніцы, не толькі гулялі, але і спявалі разам з „Асам”. Надзвычайна выглядала плошча, на якой адбывалася Купалле. Пару тысяч людзей радасна танцавала пад гукі беларускіх песень. Праўдзівым аказалася сцвярджэнне, што музыка спалучае пакаленні і лагодзіць звычаі. Купальская ноч была на гэта найлепшым доказам. А ці паявілася ў лесе кветка папараці? Невядома. Можа і так, але людзі былі такія шчаслівыя, што нават не шукалі яе... Шкада толькі, што такая чароўная ноч бывае толькі раз у год.
|