Ніва № 28 (2409), 14 ліпеня 2002 г.

Купальская ноч у Нарве

Паўліна ШАФРАН

29 чэрвеня Беларускае аб’яднанне студэнтаў і Нарваўскі асяродак культуры сарганізавалі першую ў гэтым годзе Купальскую ноч. Імпрэза адбылася пры фінансавай дапамозе Міністэрства культуры.

Большасць удзельнікаў складалі мясцовыя жыхары, якія раней гулялі на іншым мерапрыемстве — Днях Нарвы. Купальская ноч над берагам Нарвы пачалася з выступлення Віктара Шалкевіча, вядомага толькі некаторым з прысутных. Бард амаль гадзіну прабаваў знайсці супольную мову з публікай, якая на самым пачатку была больш зацікаўленая півам. Арганізатары павінны былі інакш скласці праграму і гродзенскага спевака прадставіць пазней, калі сабралася больш публікі ахвотнай паслухаць канцэрт.

Пазней на сцэне паявіўся маладзёжны гурт „Знічка” з Гайнаўкі. Дванаццаць дзяўчат старалася заахвоціць да танцаў публіку, не паддаючыся нават дажджу і холаду, якія спадарожнічалі Купаллю.

Купальская ноч у Нарве не магла прайсці без славутага, мясцовага гурту „Эйфарыя”, які аднак не выклікаў эйфарыі сярод рублікі. Зусім інакш паводзіла сябе публіка, калі на сцэне паявіўся гурт „Лідэр”. Публіка проста... ашалела!

Яшчэ да іх выступлення можна было пачуць: „Калі яны будуць выступаць?”, „Я, то толькі для іх тут з жонкай прышоў” або „То наша музыка, свойська, православна, а і ў вуха нэ коле, і чоловеку дэсь так добра еі слухаць”.

Пры століку з півам двух старэйшых дзядзькоў, добра ўжо падхмеленых, разважалі пра становішча польскай гаспадаркі. Прыселася да іх пара маладых людзей, якія размаўлялі аб выступаючых гуртах. Калі размова дайшла да „Лідэра”, дзяўчына спытала хлопца што гэта за гурт. Пачуўшы гэта адзін з дзядзькоў абурыўся, стукнуў рукой у стол, выліваючы пры гэтым сваё піва, і крыкнуў: „Бязбожніца, то ты „Лідэра” не знаеш, то на х... ты сюды прыехала?” Сабраныя пры стале анямелі, у тым ліку і я. Першы раз пачулі мы такое, аднак гурт „Лідэр” павінен цешыцца, што мае такіх фанатаў і абаронцаў.

Пры акампанеменце гурту, купальская публіка каля поўначы вырашыла пускаць вянкі на ваду. Хаця адзін з арганізатараў, Лукаш Сцепанюк, горача прасіў сабраных дзяўчат сплесці вянкі, параўноўваючы Купальскую ноч да Валянцінак, часу гарачага кахання і любоўных страсцей, вянкоў не было многа. Перашкодай у добрай забаве было таксама надвор’е, якое намагалася знеахвоціць юнакоў вылаўліваць вянкі. Аднак разагрэтыя півам (бо не думаю, што атмасферай і танцамі) хлопцы маланкава распраналіся і кідаліся ў ваду, а сабраныя над берагам людзі падтрымоўвалі крыкам смельчакоў больш рупліва шукаць вянкі. Пасля некалькіх хвілін ніводзін з іх не змог вылавіць вянка. Праўду гаворачы, вянкі не выглядалі ні салідна, ні прыгожа, і як сказаў адзін дзядзька з Нарвы, „не пляла іх напэўна тая, якая б мела сапраўдны вянок; за нашых часоў дзяўчаты рабілі такія вянкі, што тыя выглядалі б пры іх як якіесь хвасты”.

Удзельнікі Купалля гулялі пад музыку „Лідэра” да палавіны першай ночы, калі большасць удзельнікаў раз’ехалася дамоў. Асталіся толькі самыя стойкія, якія пайшлі яшчэ на вогнішча, пры якім гулялі да самай раніцы.