Ніва № 28 (2409), 14 ліпеня 2002 г.

Свята Беларусі ў Беластоку

Аляксандр МАКСІМЮК

Дзень незалежнасці, які 3 ліпеня адзначаўся Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Беластоку, вельмі нагадваў мінулагоднюю ўрачыстасць — месцам правядзення, мастацкім афармленнем, наборам гасцей...

У пытанні гасцей выдатна асведаміў мяне рэдактар роднаснага „Часопіса”, Юры Хмялеўскі. На прыём Генеральнага консульства РБ нельга пайсці от так сабе. Туды найлепш падавацца са сваёю прафесійнай групай. І так яно на самай справе атрымліваецца — бурмістры ідуць з бурмістрамі, войты з войтамі, настаўнікі з настаўнікамі, журналісты з журналістамі, спецслужбы са спецслужбамі. Для мяне адзначылася на прыёме прысутнасць аднаго чалавека — дырэктара XXI Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы Мікалая Бушко. Беларускія дыпламаты на яго Фестываль не паехалі, а ён іх Днём незалежнасці не паганьбаваў.

Найважнейшы момант усяго мерапрыемства — слова консула Леаніда Каравайкі ды выступы гасцей. У прамовах і віншаваннях гасцей даволі выразна гучаў матыў, які можна перадаць так. Мяжа паміж Польшчай і Беларуссю неўзабаве стане ўсходняй ускраінай Еўрасаюза. У людзей прадчуванне, што будзе гэта новая жалезная заслона, якая спыніць кантакты паміж нашымі народамі. Такой сітуацыі не хоча ні Польшча, ні Беларусь. Кожны прамоўца выказваў гэта па-свойму ды на розных узроўнях эмацыйнасці. Самым запамінальным стала тут выступленне айца Рыгора Місіюка, які не проста гаварыў пра гэтую справу, а... прапаведаваў. Беластоцкі віцэ-ваявода згадаў і пра прысутнасць на Беласточчыне беларускай нацыянальнай меншасці, прычым той лік яе, які ён назваў (сотні тысяч), падказвае, што, мабыць, сталі яму вядомымі чарнавіковыя вынікі перапісу насельніцтва.

У слове генеральнага консула РБ у Беластоку Л. Каравайкі знайшліся моманты пра значэнне свята і даты 3 ліпеня ў Беларусі, пра месца краіны Беларусь у свеце і Еўропе, пра суседства і адносіны з Польшчай. Сказана ўсё было на бездакорнай беларускай мове. Ва ўсёй прамове дыпламата не знайшлося ні адной — ні вялікай, ні малой — заганы. Можна ж, аказваецца, абслугоўваць жыццё і па-беларуску.