Ніва № 28 (2409), 14 ліпеня 2002 г.

У крузе акруг

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Сёння мела быць вакацыйна і вясёла. Адкуль! І ў канікулы, так сказаць, ліха не спіць. Даўно так мяне не ўзяла халера, як 1 ліпеня, калі я сачыў за запеклай барацьбой ваяводскіх радных ад АВС (большасць у сейміку) за падзел Падляшша на акругі ў асенніх самаўрадавых выбарах. І дзякуючы іх галасам будзем мець першую акругу, ахопліваючую горад Беласток, другую: Сувалкі і Сувальскі, Сейненскі і Аўгустоўскі паветы, наступную — Ломжу, Граеўскі, Ломжынскі і Кольненскі паветы і, што мяне проста раз’юшыла — акругу, у склад якое ўвойдуць паветы: Замбраўскі, Высокамазавецкі, Сямятыцкі і Бельскі ды апошнюю акругу з паветамі Монецкім, Сакольскім, Беластоцкім і Гайнаўскім. Выбарчае раздзяленне паветаў Бельскага (а і Сямятыцкага) ад Гайнаўскага гэта яўная спроба разбіцця беларускага электарата, не выключана, што ў апасцы перад яго імпэтам, з якім могуць стартаваць рэпрэзентанты гэтага асяроддзя, на мой погляд, першы раз сапраўды злітыя ў Камітэце нацыянальных меншасцей (у асноўным беларуска-ўкраінскім). Не зможа менавіта жыхар Гайнаўкі аддаць свой голас на кандыдата ў сеймік са спіска ў бельскай акрузе. Што важнае, галасы будуць лічыцца не паветамі ці гарадамі-сталіцамі былых ваяводстваў, а якраз акругамі.

Пасля 1990 года паасобныя палітычныя групоўкі ведаюць, дзе маюць свой электарат. Правіца (разам з „людоўцамі”), незалежна ад таго, пад якою шыльдай стартуе ў выбарах, ведае, што можа разлічваць на рашучую падтрымку жыхароў Монецкага, значнай часткі Беластоцкага і нейкай часткі Сакольскага паветаў (асабліва ў раёне Дубровы-Беластоцкай). Падобна ёсць з паветамі былое Ломжыншчыны — Замбраўскім ці Высокамазавецкім, толькі што тут да голасу даходзіць яшчэ лявіца, але напэўна ўжо не прадстаўнікі беларускай ці ўкраінскай меншасці. Ніяк не вытлумачыш таго разбіцця тапаграфічнымі прыкметамі, а толькі грубай ніццю шытай палітычнай воляй цяперашняй сеймікавай большасці. Смешным здалося мне тлумачэнне маршалка Славаміра Згжывы, які перад галасаваннем над праектам падзелу сказаў, што літоўцам не дзеецца крыўда з тае прычыны, што Сейненскі павет не ў той самай акрузе, як Аўгустаўскі, бо сам Сейненскі павет гэта зборышча літоўскай меншасці (Пуньск, Сейны, Шыплішкі) з дадаткам сувальскіх літоўцаў, але ж гэта — тая самая акруга. Тлумачэнне маршалка не менш смешнае ў параўнанні з ягонымі, зафіксаванымі медыямі, „дзіўнымі паводзінамі”.

Разумею абурэнне, з якім на сейміку ў справе падзелу выступіў радны Збігнеў Кшывіцкі, старшыня клуба СЛД. Нешматлікія беларускія (праваслаўныя) радныя аслаблены мінулагоднім адыходам у парламент радных-заступнікаў беларускае справы Владзімежа Цімашэвіча, Аляксандра Чужа і Яўгена Чыквіна. Самога голасу беларускіх ваяводскіх самаўраднікаў Аляксандра Сяліцкага ці Яна Зенюка не хопіць, каб змагацца з нахабствам сеймікавай рэпрэзентацыі АВС.

Усё ж, ёсць у мяне моцнае перакананне, што голас Збігнева Кшывіцкага і меншаснага СЛД (незалежна ад клубнай прыналежнасці беларускіх-праваслаўных радных) не ўзмоцніць у надыходзячых выбарах Камітэта нацыянальных меншасцей, а толькі ўзмоцніць Саюз, як тую групоўку, якая заступаецца за пацярпеўшымі ад Акцыі.