Ніва № 27 (2408), 7 ліпеня 2002 г.

Непрыемны чэрвень

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Ужо некалькі тыдняў не сціхаюць размовы ў палітычных колах Беларусі з нагоды нядаўняга выказвання расійскага прэзідэнта адносна яго поглядаў на інтэграцыю ў рамках так званай саюзнай дзяржавы.

Сэнс даволі нечаканай заявы ў наступным: Пуцін дае зразумець, што адраджэння СССР за кошт Расіі ён не дапусціць. З чаго выцякае, што ніякія наднацыянальныя структуры ўлады з размытымі функцыямі, што прывядуць да змен у амаль пабудаванай сістэме расійскай ўлады непатрэбныя, а таму шкодныя. Праект Канстытуцыйнага акту Саюза Расіі і Беларусі, які прапанаваў беларускі бок, быў забракаваны з прычыны ідэалагічнага шалупіння ў ім. Расійскія эксперты зазначаюць, што ў гэтым праекце артыкулы часцяком супярэчаць адзін аднаму.

Калі ў Расіі гэтыя заявы не мелі якога-небудзь сур’ёзнага абмеркавання, бо нічога надзвычайнага выказана не было, то ў Беларусі як апазіцыя, так і ўрадавыя колы пачалі жыць апошнімі падзеямі і даваць самыя разнастайныя прагнозы адносна лёсу гэтай самай саюзнай дзяржавы — ад хуткага знікнення Саюза да невялікай тэхнічнай затрымкі ў яго пабудове, што ўзнікла з-за нязначных пралікаў распрацоўшчыкаў Канстытуцыйнага акту.

Самым цікавым і ў той жа час выклікаючым ухмылку стаў адказ Аляксандра Лукашэнкі: „Беларусь не будзе 90-м суб’ектам Расіі!” Калі б такое заявіў на якім-небудзь мітынгу якісьці апазіцыянер, то яго па-меншай меры зразумелі б — чалавек хоча бачыць сваю краіну незалежнай, а не як частку суседняй дзяржавы, таму і замацоўвае ў сабе і ў навакольных гэтае жаданне. Такая пазіцыя міжволі выклікае павагу. Чаго аднак нельга сказаць, калі такія словы выказвае сённяшні кіраўнік Беларусі, асоба, якая зрабіла, калі не ўсё, то вельмі многае, каб уласная краіна пазбавілася шмат чаго з суверэнітэту. Каб не быць галаслоўным прыгадаю знікненне ўсходняй мяжы, выкараненне беларускай мовы, пастаяннае памкненне пазбавіць Беларусь уласнай валюты шляхам увядзення расійскага рубля, дазвол расійскім грамадзянам прымаць удзел у беларускіх выбарах і галасаванні ды і шмат чаго іншага. Дзеля аб’ектыўнасці трэба адзначыць, што такія праявы не засталіся па-за ўвагай палітыкаў іншых дзяржаў, якія ўжо даўно гавораць аб тым, што ключ да вырашэння многіх беларускіх праблем знаходзіцца ў Маскве. Вось і нядаўна дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл прасіў расійскага міністра замежных спраў зрабіць нешта са свайго боку, каб паўплываць на пазіцыю беларускіх улад у адносінах да АБСЕ. Гаварыць пра тое, што з прэзідэнтам Беларусі стараюцца не мець зносін кіраўнікі заходніх краін, асабліва пасля яго апошняй „элегантнай перамогі” на выбарах, напэўна ўжо не варта.

Таму калі разважаць — стане Беларусь суб’ектам Расійскай Федэрацыі ці не, то з улікам апошніх падзей схіляешся да таго, што залежыць гэта будзе ўжо не ад сённяшняга беларускага прэзідэнта. Хацелася б таго ці не, але аўтарытэт Расіі і яе лідэра апошнім часам вельмі высокі, беларуская незалежніцкая апазіцыя па розных прычынах не мае належнага ўплыву на свядомасць большай часткі насельніцтва, палітыка правячай улады, як знешняя, так і ўнутраная абанкручваецца. З гэтага вынікае, што быць Беларусі незалежнай альбо знаходзіцца ў складзе Расіі будзе вырашацца ў Крамлі. А там, пры неабходнасці, напэўна здолеюць пералічыць па-іншаму свае губерні і нацыянальныя ўтварэнні.