Ніва № 27 (2408), 7 ліпеня 2002 г.

Ціск на незалежныя выданні

Яўген МІРАНОВІЧ

За абразу гонару прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі галоўны рэдактар апазіцыйнай газеты „Пагоня” Мікола Маркевіч атрымаў два з паловай, а журналіст Павел Мажэйка — два гады зняволення. Абразай гонару прэзідэнта суд палічыў пастаўленае Мажэйкам пытанне, ці ў нармальнай краіне прэзідэнтам можа быць чалавек адказны за палітычныя забойствы сваіх апанентаў. Хаця прозвішча Лукашэнкі ў артыкуле не называлася, але і так было вядома каго меў на ўвазе журналіст „Пагоні”. Пакуль справа знікнення былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і некалькіх журналістаў, ці існавання „эскадронаў смерці” не высветлена, пытанне Мажэйкі на старонках „Пагоні” было цалкам апраўданае.

Ніякі суд у ніводнай краіне не прызнаў бы ў такой сітуацыі віны журналіста, але пра незалежнасць судоў у Беларусі ніхто ўсур’ёз не разважае. Прыгавор Маркевіча і Мажэйкі — гэта спроба выціснуць з краіны апошнія незалежныя выданні. Журналіст, які будзе пісаць задумоўваючыся, ці за кожнае слова ўлада не захоча яго пазбавіць свабоды, перастае выконваць сваю грамадскую павіннасць. Рэжымныя сродкі масавай інфармацыі выконваюць найчасцей прапагандысцкую ролю, якая зводзіцца да рэкламы аднаго чалавека. Пры Сталіне кожны артыкул у газеце, а нават мастацкі твор лічылі непаўнацэнным, калі аўтар не працытаваў слоў „правадыра сусветнага пралетарыяту” або прынамсі не ўспомніў яго асобы як натхняльніка творчасці. У лукашэнкаўскай Беларусі праўдападобна не дойдзе да такога абсурду, але сучасная індактрынацыя грамадства аддзяляе яго ад цывілізаванага свету. Кубінскія, паўночнакарэйскія ці лівійскія ўзоры ў цэнтры Еўропы не надта лагічныя. Таму дэманстратыўныя рэпрэсіі супраць астаткаў незалежнай прэсы паглыбляюць адсталасць Беларусі ад апошняй часткі Еўропы.

Штораз больш выразна відаць, што Лукашэнкаўская палітыка інтэграцыі Беларусі з Расіяй цалкам абанкруцілася. Нядаўна прэзідэнт Уладзімір Пуцін ва ультыматыўнай форме паставіў справу ўладам Беларусі — далучыцца да Расіі і стаць часткай Федэрацыі або ісці сваім шляхам. Вялікі сябра Лукашэнкі, Уладзімір Жырыноўскі, неадкладна запрапанаваў падзяліць Беларусь на дзве губерні — Мінскую і Магілёўскую, а прэзідэнта Беларусі вызначыць мінскім губернатарам. Расія, банкі якой кантралююць вялікую частку беларускай гаспадаркі, можа рэалізаваць кожны сцэнарый, не пытаючы згоду жыхароў Беларусі. Адсутнасць апазіцыйных палітычных структур і сродкаў масавай інфармацыі прывяла фактычна беларускую палітыку да стану з пачатку ХХ стагоддзя. Панаванне расійскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі і мясцовых калабарантаў ніколі не служыла беларускай дзяржаўнасці, учыніла з яе бутафорыю на карце Еўропы. Таму ніхто ў свеце не звярнуў нават увагі на словы Пуціна, быццам бы краіны Беларусь ужо не было ў свеце.