Ніва № 27 (2408), 7 ліпеня 2002 г.

Беларусы — найлепшыя вучні

Ганна КАНДРАЦЮК

21 чэрвеня, у першы дзень лета, панавала спёка і канец 2001/2002 навучальнага года ў Пачатковай школе н-р 4 у Беластоку таксама выпаў гарачы, — як у сапраўднае жніва. Пазітыўны акцэнт у жыцці школы прадстаўляюць навучэнцы беларускай мовы. Іх жменька (ад верасня 50 вучняў), дзесяць працэнтаў ад агульнага ліку. Аднак, як кажуць — не колькасць, а якасць лічыцца ў свеце. Цяпер навучэнцы беларускай мовы тут вядомыя як найлепшыя вучні! У былым V „ц” класе на восем навучэнцаў беларускай мовы, сем атрымала пасведчанні з бела-чырвонай палоскай. Падобна выглядае сітуацыя ва ўсіх класах, дзе ёсць беларускія групы. З гэтай нагоды, на рукі бацькоў-беларусаў, дырэкцыя накіравала віншавальны ліст.

З другога боку, бацькі сумленна запрацавалі на такое вылучэнне. На працягу года актыўна ангажаваліся ў жыццё школы. Узнагароду „Бацька года” (2001/2002) атрымаў Андрэй Жамойда, вядомы ў беларускім асяроддзі як лідэр гурту „Кошыкі”.

Навучэнцы беларускай мовы вылучаліся таксама як лаўрэаты школьных мастацкіх і прадметных конкурсаў.

Не вытрымоўваюць шаблоны

Настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк дапільнавала, каб яе пераможцы атрымалі пры ўсёй школе віншавальныя граматы. Калі ідзе пра колькасць узнагароджаных, і тут пераважалі маладыя беларусы.

— У цэнтральным дэкламатарскім конкурсе „Роднае слова” мы выйгралі з бельскай „тройкай”: у нас было восем, а ў іх сем лаўрэатаў. Прытым у Бельску амаль тысяча дзяцей ходзіць на беларускую мову, у беластоцкай „чацвёрцы” — 43 вучні, і толькі з першага па пяты клас, — адзначае настаўніца.

Беласток заваяваў першае і трэцяе месцы на Тэатральным аглядзе „Сцэнічнае слова 2002” у Кляшчэлях.

— Бацькі і настаўнікі часта гавораць, быццам беларуская мова перашкаджае ў навучанні іншых прадметаў, — каментуе настаўніца. — Якраз ёсць наадварот. Сярод лаўрэатаў прадметных конкурсаў па польскай мове, прыродзе, матэматыцы былі навучэнцы беларускай мовы.

Не вытрымоўвае прыняты шаблон, паводле якога беларускія конкурсы на ніжэйшым як польскія ўзроўні. Доказам перамога вучаніцы ІІІ класа, якая стала лаўрэаткай першага месца ў польскім і беларускім дэкламатарскіх конкурсах „Родная мова” і „Piekna polszczyzna”. Прысутныя мелі нагоду пераканацца, што каштоўнасць чалавека ў яго таленце, а не нацыянальнасці.

Ці будзе ўзорам?

Мастацкая частка, якую падрыхтавалі першыя і трэці класы, ідэйна запрашала ў Еўрасаюз. Быў, зразумела, гімн аб’яднанай Еўропы, — ода „Да радасці” Бетховена, у выкананні вучаніцы Іаланты Кузьміцкай, на чатыры флейты. У іншай песні дзеці гадалі — што гэта шчасце. Аказваецца, шчасце — штодзённая праца, поспех, свой дом і агарод! Гэтыя ўзоры таксама не з каталіцкага і праваслаўнага панадворкаў.

Поспехі беластоцкіх навучэнцаў беларускай мовы — гэта, несумненна, па дарозе ў Еўрасаюз. Школа мае шанц стаць узорным цэнтрам, выпраменьваючым ідэі інтэграцыі і талерантнасці на ўвесь рэгіён.

Аднак, сітуацыя не выглядае „ружова”, як можна меркаваць па дасягненнях. Праблема ў ментальнасці жыхароў Беластока. Няма цікавасці да вывучання беларускай мовы сярод палякаў (некалькі выключэнняў складаюць дзеці з польска-беларускіх сем’яў). Польскія сябры (не гаворачы ўжо пра бацькоў) не прыходзяць на пастаноўкі ў выкананні сваіх сяброў-беларусаў. Не прысутнічаюць у мерапрыемствах, дзе гуляюць іх сябры. У голаў не прыходзіць настаўніку па комплексным навучанні ўсвоіць хаця б адну беларускую ці ромскую песню (у ПШ н-р 4 вучацца таксама ромы) цэламу класу. Вядома, што без узаемнага знаёмства і зразумення — няма на памежжы лёгкага жыцця.

Таму фальшыва гучаць песні пра шчасце ў Еўрасаюзе, калі ў хоры, у якім спяваюць таксама выдатнікі-беларусы, няма ні адной беларускай песні!