Ніва № 26 (2407), 30 чэрвеня 2002 г.

У ветраны дзень у Зубрах

Міра ЛУКША

Думала спачатку, што той дзядзька на ровары ў стракатым мундзіры — нейкі пагранічнік, ці што. Пытацца стане, што ў пагранічнай зоне раблю, на вятрыску, у руцэ трымаючы, як гранату, пэтавую бутлю з хлябным квасам, якой у рыльца дуе вецер, гудзіць як параход. Старыя дрэвы аж гнуцца, кладуцца высокія травы на выгане... І чаго здымаю тую буслянку, за адным з нешматлікіх развалюх-дамоў? Жыхары пакрыўдзіцца могуць! Мала што здымаць можна! Нядаўда, калі пстрыкнула я ўтравелую вуліцу, па якой сунулася фурманка, цётка на балоне ледзь мяне не пабіла, праклінала па-польску, што без дазволу здымаю яе персону. І гэты зараз уцячэ, не дагаварыўшы... Ды не, не „мундуровы” ён, апратка купленая на кірмашы, з арлом на шапцы, а за рамай у яго — матычка. Паказаў пальцам, што ў гэтых акуратных, прыгожых, дагледжаных дамах ніхто не жыве і імпэтна памчаўся на свой падворак, бы яму што пагражала. Пасля паявіцца ўжо ў швэдры (далей у арлістай рагатыўцы), з неадлучным роварам, ужо асвоены, бо ж па-нашаму я гаварыла. Кажа, што з таго ўсяго здалося яму, бы ўчуў ад мяне польскую мову, бо ж чужая я, дык і адказаў так. А, можа, такая я з гміны? А хто цябе ведае! Хто там пытаецца ў тубыльцаў! Гміна школу прадала за паўцаны, не пыталіся ў вяскоўцаў, што з ёю рабіць, каму прадаць, калі ўжо. Бо былі людзі, якім назвалі ў гміне цану, аднаму-другому, вядомаму жыхарам, а прадалі яе пану, які суседзяў кацапамі называе. Да таго ж за напалову танней. Хто пра гэта кажа? А і не пішыце, бо каму хата згарыць, і што тады будзе? Каб у сваёй вёсцы баяцца азвацца? Сказала што думае адна цётка, то пасля да яе дачкі ў Беластоку званілі, каб паспакайнела і не рабіла перашкод...

Уцёк дзядзька Валодзя... Ідуць з лесу з торбачкамі бэтак-лісічак дзве жанчынкі. Гэта бабулі Жэня і Маша. Угнёныя работаю. Марыя Гегель тэпае да свае хаты, што на рагу вуліцы — тут займае два вуглы дому. Два настуныя арандуюць варшавякі. Пляц у іх разгароджаны. Баба Маша ўсё жыццё дбала аб сваё, цяжкае жыццё тое мела, ад малое адна (яе тата Адам Талуць, беларускі дзеяч, памёр пасля санацыйнае турмы, калі была маленькая, неўзабаве памерла і мама), будавалася, і працавала, і мужа свайго пахавала, і ўнукаў пагадавала... Цяпер, вось, унучка з вуліцы ў Бельгіі звоніць, пытаецца, што ў бабулі чуваць. Дзесяць гадоў Кася ў бабулі ў Зубрах жыла, у школу хадзіла...

Пра тую Касю, і тую школу, успамінае і Юрка Цыунчык, якога бабуліна хата насупраць дому бабы Машы. Юрка — беластачанін, закончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, цяпер штудзіруе ахову асяроддзя. Ды зуброўскі ён да касцянога мозгу. Бабуліну хатку адрамантаваў, дагледзеў, на падворку ды ў агародзе — так найлепшая гаспадыня не задбае, як ён. Прыязджае ледзь не штотыдзень, разам з бабай Зінай (яна цяпер жыве ў Беластоку), або і сам. Гаспадарыць! Ведае кожнага чалавека ў вёсцы, нават тых, каго ўжо няма. Гэта хата таго, а гэта таго — па мянушках, па бацьку. Ідзем з ім па перарастаным травою старым бруку ў бок, дзе найстарэйшыя дрэвы і непралазнае кустоўе вакол сядзіб. Там жыве ягонае бабулі сястра, Маня Талуць, разам з таксама ўжо немаладым сынам. Баба Маня якраз корпаецца пры трускалках, падымаецца, і так, сагнёная ў гаплюк, нясе сваё нямоглае цела спрытна і шпарка, пералятае на палачцы дарогу. Кажа, лягчэй так ідзецца. Бабця Маня разгортвае сваю памяць і тлумачыць, хто ёсць хто ў гэтай невясёлай ваколіцы. Ой, было калісь весела! Вылягуць на лаўкі людзі, спяваюць! І ў школе жыццё бурліла! І беларускі гурток да вайны быў, і пасля таксама людзі гуртаваліся. І абмяркоўвае радаслоўную, маю таксама. Яе мама Насця выйшла замуж за Аляксандра Цыунчыка, а брат ягоны Антон пайшоў у прымы ў Раманава, за Вольгу з Казарэзаў. Былі ў іх Валодзя, Віктар і Толік. У Валодзі, памёр ужо, сын ёсць, жыве ў Раманаве. Ён, кажа мне баба Маня, братам будзе ці не ў чацвёртым калене, бо ж тая Вольга — то твае бабы Любы дваюрадная сятра, так ці не. А і Юрку той Валодзя прыходзіцца таксама, бачыш, сваяком.

А як тут з дзецьмі, у Зубрах? Усё азываецца ў душы тая прыгожая школа на пагорку за вёскай, дзе цяпер жондзіць пан Вспанялы. Гарадоцкая гміна паліквідавала школы ў Зубрах, Вераб’ях, Зубках, Валілах... Бо асветная субвенцыя лічыцца на кожнае дзіцё. А тут, напрыклад, у 1999 годзе нарадзілася адно. Лік дзяцей у дашкольны аддзел — то адно, то двое-трое. На спатканнях з усхваляванымі бацькамі тлумачылі і куратар, і дырэктары школ, што лепш дзеці будуць вучыцца ў зборнай школе, лепш абсталяванай, і кар’еру ў тым Еўрасаюзе будуць мець магчымасць зрабіць пасля лепшага абучэння, і... дах у гарадоцкай школе працякае, і гімназія арганізуецца, грошы трэба... Знерваваныя бацькі тлумачылі, што Гарадоцкая гміна не такая ўжо і бедная, калі будуе рэтэнцыйнае вадасховішча за 2 мільёны злотых (за 1,5, тлумачыў войт, з чаго 50% датацыі). Забралі ўжо людзям асяродак здароўя (у Зубках), забралі чыгунку (Зубкі — Беласток) — хоць ты бяры ды вешайся ў гэтым Еўрасаюзе! Тлумачыў войт, што ў гарадоцкай школе ёсць і камп’ютэры, і Інтэрнэт, і гімнастычныя залы, і святліца, і сталоўка, дзецям крыўды не будзе. Дык вось ездзяць дзеці ў гмінную школу, пасля якое чакае іх кар’ера. Можа, і ліцэй будзе ў Гарадку? І зноў выпырхнуць дзеці з гэтае ваколіцы, у Еўропу, у свет.