Ніва № 26 (2407), 30 чэрвеня 2002 г.

З вясковага панадворка

Ніна КОТ

Фолькавыя сустрэчы ў Чаромсе прайшлі пад загалоўкам „З вясковага панадворка”. Назоў аказаўся трапным — ужо на змярканні арганізатары заперлі прыбіральню і... прыпертых патрэбаю фанатаў этнамузыкі рослыя ахоўнікі накіроўвалі ў лес: „Tu nie mozna korzystac z toalety, prosze isc do lasu, juz ciemno”.

На чаромхаўскім панадворку суботні канцэрт пачаўся толькі ў 7 гадзін вечара, госці з пачуццём крыўды швэндаліся там ужо пяць гадзін. Абяцаныя яшчэ да канцэрта атракцыёны аказаліся фата-марганай: нясмачнае піва, падазронай якасці рукадзелле, якое хутчэй напамінала распродажу „Цэпеліі”, і раздражненыя кухаркі, што агрэсіўна прафанавалі прынцып — кліент наш пан!

Наканец пашанцавала адшукаць стол з рэгіянальнымі стравамі, пра якія садыстычна ад двух гадзін распавядаў згаладнелым людзям канферансье: sery, pierogi, swojski chleb...

Яда напэўна была смачная, яе разабралі хутчэй чым я паспела туды дабрацца.

— Трэба было прыйсці, як усе бралі, — павучалі мяне сімпатычныя хлопцы, якія сядзелі цяпер ля рэгіянальнага століка і выпівалі самагонку.

У 6 гадзін вечара час у Чаромсе зварухнуўся. Дождж спыніўся, а арганізатары запрасілі паглядзець фатаграфііі на слайдах Віктара Волкава.

Пасля быў канцэрт і забава, гавораць, да раніцы...