Ніва № 26 (2407), 30 чэрвеня 2002 г.

Скарга беларусаў

Яўген МІРАНОВІЧ

У міжваенны перыяд у межах Польшчы пражывала каля 35 працэнтаў грамадзян няпольскай нацыянальнасці. Адносіны дзяржавы да нацыянальных меншасцей не былі найлепшымі, пра што сведчаць іх скаргі ў Лігу нацый. Гэта міжнародная арганізацыя з сядзібай у Жэневе разглядала спачатку ці пастаўленыя закіды абгрунтаваныя і патрабавала ад урада адказаў на сотні пытанняў. Скаргі ад немцаў, украінцаў і беларусаў прымушалі Міністэрства замежных спраў Польшчы і пасольствы ў заходнееўрапейскіх краінах да вялікай актыўнасці па апраўданні ўнутранай палітыкі свайго ўрада.

Першую скаргу беларусы вырашылі напісаць у сакавіку 1925 г. У прыватнай кватэры Антона Луцкевіча ў Вільні сабраліся паслы і сенатары ад Беларускага пасольскага клуба, а таксама Радаслаў Астроўскі і Неканда-Трэпка. Сход адбываўся ў поўнай канспірацыі, таму і месцам сустрэчы была прыватная кватэра. Беларускія дзеячы хацелі дыскрэтна падрыхтаваць праект скаргі, каб пазбавіць паліцыю і дыпламатаў магчымасці супрацьдзеяння. У ходзе дыскусіі сабраныя падзялілі паміж сябе працу. Браніслаў Тарашкевіч меў падрыхтаваць мемарыял у справе беларускага школьніцтва ў Польшчы, Фабіян Ярэміч — пра рэпрэсіі супраць беларускага нацыянальнага руху, Васіль Рагуля — пра эканамічную дыскрымінацыю беларускіх сялян, а ксёндз Адам Станкевіч — пра праследаванні святароў-беларусаў.

Сабраным у кватэры Луцкевіча здавалася, што сакрэтнасць сустрэчы была захавана, таму гаварылі надта шчыра пра ўсе найважнейшыя справы беларускага асяроддзя. Два дні пазней дэталёвая справаздача з гэтай дыскусіі была ўжо ў распараджэнні Міністэрства ўнутраных спраў. Паставіў яе ІІ Аддзел Генеральнага штаба, інакш — вайсковая контрразведка, якая мела шмат сваіх агентаў сярод беларускіх дзеячаў. Нехта з удзельнікаў сустрэчы на кватэры Луцкевіча здрадзіў сваіх таварышаў. Пакуль беларусы падрыхтавалі змест скаргі, паліцыя знайшла адпаведныя кампраматы на патэнцыяльных аўтараў, чыноўнікі Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавалі дакументы прадстаўляючыя закіды як выдумку пазбаўленых грамадскіх уплываў палітыкаў, агентаў замежных палітычных цэнтраў.

У выніку супрацьдзеяння паліцыі і адміністрацыі Беларускі пасольскі клуб прадставіў у Жэневе толькі петыцыю ў справе школьніцтва, якая не патрабавала даследавання з боку органаў Лігі нацый. Гаварылася ў гэтым дакуменце пра ліквідацыю палякамі беларускага школьніцтва сарганізаванага падчас нямецкай акупацыі, пра забарону стварання новых школ, пра дэпартацыю настаўнікаў-беларусаў у цэнтральныя раёны Польшчы. Урад адказаў, што школ беларускіх ніхто не ліквідаваў, таму што іх не было, заканадаўства дазваляе арганізаваць школы з беларускай мовай навучання, але не хочуць іх самі беларусы і пасылаюць дзяцей вучыцца дзяржаўнай мове, а настаўнікі выязджаюць добраахвотна і большасць з іх не ведае беларускай мовы. Адказ задаволіў чыноўнікаў Сакратарыята Лігі нацый.

Неўзабаве пачалася грамадаўская рэвалюцыя і большасць аўтараў гэтай петыцыі трапіла ў турму. Пра беларускіх дзеячаў і інтэлігенцыю польскія дыпламаты пачалі пісаць: „element wywrotowy”. Таму скаргу ў Лігу нацый, падпісаную пасламі Паўлам Карузам, Альбінам Стэповічам, Канстанцінам Юхневічам і сенатарамі Васілём Рагуляй і Вячаславам Багдановічам у жніўні 1929 г. урад у міжнародных кантактах прадстаўляў як праяву шаленства беларускіх палітыкаў будучых на службе замежных цэнтраў. Паслам Польшчы ў Рыме, Парыжы, Лондане, Берліне пастаўляліся матэрыялы, дазваляючыя пераконваць замежных дыпламатаў, што Юхневіч — алкаголік, Ярэміч — прыхільнік крайніх тэрарыстычных расійскіх груповак, Рагуля — былы бальшавіцкі агент, а Багдановіч — царкоўны дзеяч, хворы на антыпольскасць.

Беларускія дзеячы паставілі палякам шмат закідаў. Пісалі, што двухмільённая меншасць не мае сваіх школ, чыноўнікі праследуюць людзей размаўляючых на беларускай мове, што зямля ў руках польскіх уладальнікаў ляжыць аблогам, а беларускія сяляне большасць кожнага году адчуваюць голад, на дадатак урад насяляе на гэтай тэрыторыі вайсковых асаднікаў. Далей звярталі ўвагу, што праваслаўныя цэрквы перадаюцца католікам, што ксяндзоў-беларусаў саджаюць у турмы за тое, што вядуць багаслужбу на беларускай мове. Скарга налічвала 15 старонак машынапісу на французскай мове.

Дзяржаўная адміністрацыя, каб адказаць на ўсе пытанні, выпусціла тысячы старонак дакументаў, якія прадстаўляюць своеасаблівую гісторыю беларусаў. Міністэрства ўнутраных спраў рысавала вобраз адсталай краіны, накшталт нейкай афрыканскай калоніі, якую Польшча імкнулася далучыць да цывілізацыі. Аргументы такія былі больш зразумелыя англічанам ці французам, якія жылі таксама ў пачуцці цывілізацыйнай місіі, толькі ў шырэйшым маштабе.

У адным з дакументаў можна прачытаць, што „ludnosc bialoruska tworzy tylko jedna warstwa spoleczna — chlopi, wsrod ktorych panuje analfabetyzm i calkiem pierwotna umyslowosc. Inteligencja bialoruska stanowi wprost znikomy odsetek, ktory dzieki nadmiernemu rozpolitykowaniu zupelnie niezdolny do tworczej dzialalnosci, a zatem do wytworzenia samoistnego ruchu narodowego, nic tez dziwnego, ze ida oni na pasku obcej polityki i sluza obcym interesom”. Зараз пасля гэты сам чыноўнік МУС, адказваючы на закід дыскрымінацыі беларусаў дзяржаўнай адміністрацыяй, піша пра тысячы людзей гэтай нацыянальнасці працуючых менавіта ў радах дзяржаўнай адміністрацыі. Адкуль яны там раптам узяліся — невядома. Іншы дакумент даказвае, што, мяркуючы па выніках выбараў, беларусаў так у сапраўднасці амаль няма, таму што адсотак людзей галасуючых за беларускіх кандыдатаў на паслоў і сенатараў меншы чым 10 працэнтаў. Таму, даказваў чыноўнік, адсотак беларусаў ва ўсходніх ваяводствах прыблізна такі самы.

Пратэст беларускіх парламентарыяў лёгка быў размыты ў моры хлуслівых рапартаў, справаздач, статыстык, не маючых ніякага дачынення да рэальнасці. Урад пастаўляў сотні дакументаў у перакананні, што і так ніхто не здолее праверыць іх праўдзівасці.

Творчасць чыноўнікаў пераносілася таксама на старонкі газет і часопісаў. Такім чынам фармаваўся вобраз беларуса не толькі на ўжытак знешняй палітыкі, але таксама ў свядомасці палякаў. Большасць тае міфалогіі ўсё яшчэ жывая на Беласточчыне. Часам, чытаючы дакументы трыццатых гадоў ХХ ст., складваецца ўражанне, што іх аўтарамі з’яўляюцца найвышэйшыя беластоцкія чыноўнікі, якіх выказванні ў апошніх гадах не раз выклікалі здзіўленне мясцовых беларусаў.