Ніва № 26 (2407), 30 чэрвеня 2002 г.

Новае высокае званне

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

7 чэрвеня г.г. у Каталіцкім люблінскім універсітэце (KUL — Katolicki Uniwersytet Lubelski) адбылася ўрачыстасць прамоцыі новых прафесараў і дактароў, дзе званне прафесара гуманітарных навук было прысвоена доктару Антону Мірановічу, вядомаму — у тым ліку і чытачам „Нівы” — даследчыку гісторыі Праваслаўнай царквы. Урачыстасць адбылася ў прысутнасці сената KUL і прадстаўнікоў Епіскапата Польшчы на чале з архібіскупам Юзэфам Жыцінскім — люблінскім каталіцкім мітрапалітам і вялікім канцлерам Каталіцкага люблінскага універсітэта.

Ініцыятыва прысваення Антону Мірановічу звання прафесара выйшла з Факультэта гуманітарных навук KUL, ад камісіі з пяці чалавек, якая ацэньвае навуковыя дасягненні вучонага і прапануе Навуковай радзе факультэта разгляд кандыдатуры. Навуковая рада назначыла затым траіх рэцэнзентаў: прафесара Владыслава Сэрчыка з Жэшаўскага універсітэта, прафесара Веслава Мілера з KUL і прафесара Крыстына Матвіёўскага з Вроцлаўскага універсітэта. Пасля іх станоўчых ацэнак Навуковая рада Факультэта гуманітарных навук KUL прысвоіла Антону Мірановічу навуковае званне прафесара ды звярнулася ў Цэнтральную камісію п.с. навуковых званняў і ступеней у Варшаве дзеля зацвярджэння гэтага звання. Прэзідыум Цэнтральнай камісіі назначае суперрэцэнзента, які яшчэ раз разглядае дасягненні кандыдата і прапанову або адабрае, або адхіляе... Станоўчую ацэнку суперрэцэнзента пацвердзілі 42 члены Цэнтральнай камісіі і пад іх рашэннем падпісаўся старшыня Камісіі прафесар Януш Тазбір, які заадно з’яўляецца і старшынёй Польскай акадэміі навук. Пасля дакументы трапілі ў Канцылярыю прэзідэнта Рэчы Паспалітай і з прэзідэнцкім подпісам вярнуліся ў Сенат KUL. Затым Сенат KUL выслаў дакументы ў Камісію п.с. навукі Епіскапата Польшчы і пад імі падпісаўся яе старшыня прафесар Станіслаў Вельгус, біскуп плоцкі. Улічваючы ўсе гэтыя станоўчыя ацэнкі Сенат KUL 24 мая г.г. аднадушна прысвоіў Антону Мірановічу званне прафесара гуманітарных навук. Уся працэдура доўжылася звыш года.

Пазнаёміўшыся з гэтай доўгай і звілістай дарогай да „бельведэрскага” звання прафесара Антону Мірановічу, можа ўзнікнуць пытанне: а чаму ж усё гэта праходзіла праз KUL і касцельныя ўстановы? Інстытут сацыялогіі Універсітэта ў Беластоку, дзе прафесар Антон Мірановіч працуе загадчыкам Аддзела гісторыі культур памежжа, не мае дзеля гэтага дастатковага навуковага патэнцыялу. Разгляд справы ў „свецкім” парадку патрабаваў бы ўдвая менш часу, але прафесар В. Сэрчык нараіў менавіта KUL, бо званне, прысвоенае гэтым універсітэтам, адкрывае доступ да даследчыцкіх крыніц у багатых касцельных архіўных фондах, м.інш. у Рыме. Прафесарскае званне, якое атрымаў Антон Мірановіч, было першым у 82-гадовай гісторыі KUL павышэннем, прысвоеным праваслаўнаму даследчыку...

Прафесар Антон Мірановіч узяў новыя вяршыны і перад ім адкрыліся новыя навуковыя гарызонты. Дай Бог шчодры плён у яго далейшай працы!