Ніва № 25 (2406), 23 чэрвеня 2002 г.

„Цёця, я хачу вучыцца па-беларуску!”

Нядаўна Таварыства беларускай мовы распаўсюдзіла адкрыты ліст міністру адукацыі Беларусі ад жыхара Мінска Канстанціна Кашаля, які гадамі намагаецца адкрыць у сталіцы беларускамоўны клас пры Сярэдняй школе № 218. У пачатку 2002 г. атрымаў ён ад начальніцы Маскоўскага раённага аддзела адукацыі адказ, што ў СШ № 218 у 2002 годзе „запланировано открытие подготовительного класса с белорусским языком обучения. Администрацией школы проводится пропагандистская работа среди родителей будущих учащихся подготовительного класса в этом направлении”. Аднак, насуперак рускамоўнай адпісцы, няма надзеі, што беларускамоўны клас сапраўды будзе, бо дэклараваная „пропагандистская работа” не праводзіцца. А спадару Кашэлю, які хоча каб яго сын вучыўся ў беларускамоўным класе, яго арганізацыю давялося ўзяць на сябе. Вось што аб сваіх перыпетыях піша Канстанцін Кашэль:

— Яшчэ пры канцы 2000 г. цераз вялікія намаганні і мае звароты да чыноўнікаў Гарадскога аддзела адукацыі адміністрацыяй 218 школы мне былі выдадзены адрасы дзетак, што ў 2001 г. мусілі пайсці ў „нулёўку”. Я тады абышоў 87 сем’яў. З іх у 23-х бацькі былі не супраць беларускамоўнага класа. Маю сёння спісы тых дзетак. У пачатку лютага 2001 г. я наведаў першы бацькоўскі сход, на якiм уся інфармацыя аб магчымасці адкрыцця беларускамоўнага класа падавалася завучкай малодшых класаў Ларысай Васільеўнай Новікавай па-руску і не насіла агітацыйнага характару за, хутчэй — супраць. Даючы мне слова, яна так прадставiла мяне: „Среди нас присутствует очень активный родитель”. Па маiм выступе прылюдна выказалася: „Мне было бы легче, если бы Вы своего ребёнка повели в другую школу”. — Вось яна, антыбеларуская палiтыка ў жыццi, калi ў карэннага жыхара дзе спакваля, дзе гвалтоўна адбiраецца Бацькаўшчына, нахабна робяцца захады па асiмiляцыi тых, каму яшчэ балiць па мове.

У выніку ў 2001 г. беларускамоўны клас пры СШ № 218 адчынены не быў. Ад лета 2001 г. Канстанцін Кашэль пачаў весці афіцыйную перапіску з усёй вертыкаллю сістэмы адукацыі, у тым ліку і з міністрам адукацыі.

— Зноў дамогся, — піша ён, — каб мне далі адрасы дзетак. Хаджу па кватэрах, агітую бацькоў. Не аднойчы меў размову з адміністрацыяй СШ № 218. Падчас атрымання адрасоў я ўпершыню прывёў сына да завучкі малодшых класаў Ларысы Новікавай. Мой сын звярнуўся да яе: „Цёця, я хачу вучыцца па-беларуску!”. Адказ Ларысы Васільеўны: „А ты что, русского языка не понимаешь?<west<<hex<94>hex>>west>

12 сакавiка г.г. Ларыса Новікава зладзіла бацькоўскі сход, на які прыйшлi бацькi не болей як 10 дзетак (з 96 паводле спісу адрасоў). Інфармацыю аб беларускамоўным класе зноў падала на рускай мове. На заўвагі некалькі разоў адказвала: „Вы меня никогда не заставите говорить по-белорусски” і ўзгадвала, што яна заслужаная настаўніца і мае ўзнагароды.

— Па тым, як запрошаная мной на сход дацэнтка-фiлолаг падала інфармацыю аб буквары А. К. Клышкі, — піша Канстанцін Кашэль, — што гэты буквар заняў першае месца на конкурсе буквароў на тэрыторыі СНД, завучка сказала: „Да, букварь действительно очень хороший, но он издан и в русскоязычном варианте”.

Пасля такой „пропагандистской работы среди родителей” бацькi траiх дзетак забралi раней пададзеныя заявы ў беларускi клас. Завучка нават не паспрабавала адгаварыць бацькоў.

— Па сходзе я падышоў да Л. В. Новікавай, — працягвае К. Кашэль, — і ў прысутнасці некалькіх чалавек сказаў: „Ларыса Васільеўна, я патрабую, каб Вы з маім сынам размаўлялі па-беларуску, каб ён чуў ад усіх педагогаў беларускую мову, каб у выніку — мовы не саромеўся, а ганарыўся ёю”.

Ларыса Васільеўна зноў цвёрда адмовілася. Тады бацька нагадаў, што кожны настаўнік, тым больш адміністратар, абавязаны валодаць беларускай мовай, інакш ён не адпавядае сваёй пасадзе. Нагадаў ён пра Закон аб мовах, пра Закон аб правах дзiцяцi. Спадарыня Новікава раззлавалася, сказала, што працоўны дзень у яе скончыўся і, ігнаруючы размову, уцякла з актавай залы.

Усё вышэйузгаданае пераканала К. Кашаля, што найбольшы супраціў справе беларускага школьніцтва праводзяць асобныя працаўнiкi сiстэмы адукацыi. Таму ён звярнуўся да міністра адукацыі з заклікам выступіць гарантам паўнавартаснай беларускамоўнай адукацыі яго сына і забяспечыць камфортны псіхалагічны беларускамоўны клімат у СШ № 218. Свой ліст Кастусь Кашэль даслаў яшчэ ў ЮНЕСКА.

(вл)