Ніва № 25 (2406), 23 чэрвеня 2002 г.

Рускія еўрапейцы

Яўген МІРАНОВІЧ

Нараканні беларускага люду на свой лёс маюць вялікую традыцыю. Рэдка здаралася ў гісторыі беларусаў, што самі браліся вырашаць свае праблемы — будаваць дзяржаву, школы, арганізацыі, кааператывы і г.д. У дваццатым стагоддзі толькі тыя грамадствы, якія адчувалі супольнасць нацыянальных інтарэсаў маглі да нечага дайсці. І неабавязкова мусілі гэта быць вялікія народы. Шматтысячныя супольнасці латышоў, эстонцаў ці македонцаў не сілай гармат, але свае волі і інтэлекту даказалі свету, што яны варты быць суб’ектам міжнароднай палітыкі. Беларусы не змаглі дайсці нават да свайго самавызначэння. У лукашэнкаўскай Беларусі нацыя прыведзена да такога стану, што карыстанне роднай мовай успрымаецца як дзівацтва ці палітычная дэкларацыя. Роднае слова выклікае агрэсію міліцыянераў і звычайных функцыянераў дзяржаўнага апарату.

У Беластоку, Бельску, Гайнаўцы ці Гарадку, падчас перапісу насельніцтва, пару тыдняў таму беларусы на пытанне пра нацыянальнасць адказвалі найчасцей: „паляк”, а паміж сабою адзначалі: „мы руськіе, таму што праваслаўныя”.

Зразумела, што ніхто не будзе шанаваць чалавека, які сам сябе не шануе. Са смехам рахмістры-палякі ўспрымалі польскасць нашых Нінак, Верак, Васькаў, Міколкаў, размаўляючых на мове падобнай на польскую. Пачуўшы мой адказ пра нацыянальнасць дзядзька аж падскочыў ад уражання. „Chodze juz dziesiec dni po tej dzielnicy, w wiekszosci domow ikony wisza w katach kazdego pokoju. Widze przeciez jacy to Polacy, ale pisze tak jak odpowiadaja. Pan jest pierwszym, ktory deklaruje narodowosc bialoruska”, — сказаў чыноўнік. Ад іншых знаёмых рахмістраў пачуў я падобныя выказванні. Перапіс адназначна дакажа, што ў Беластоку няма беларусаў як нацыянальнай супольнасці, а хутчэй нешматлікая дыяспара, з добрай перспектывай на самазнікненне. Унукі нашых Міколкаў і Нінак заканспіраваныя ўжо як Себастыяны, Анджэлікі, Гергарды, а польская мова ў іх лепшая чым у палякаў. Старанліва вучацца таксама англійскай мове.

У Беластоку падчас наступнага перапісу будзе можна пазнаць „кацапа”, калі на пытанне пра нацыянальнасць адкажа: „Europejczyk”. „Нашы хлопцы” ў БССР яшчэ дваццаць гадоў таму хацелі пабудаваць камунізм хутчэй за расіян і нават не заўважылі, што разваліўся камуністычны Савецкі Саюз і ўсе народы разбегліся будаваць на яго руінах свае шалашы. Толькі ў Беларусі савецкія сіроты шукаюць усесаюзнага сярпа і молата як натхнення да адбудовы камуністычнага саркафага. Беластоцкім беларусам таксама ў 1989 г. адабралі іх савецкую радзіму ў выглядзе Польскай Народнай Рэспублікі, якая таксама штодзённа прыніжала іх нацыянальную годнасць, але яны гэтага не заўважалі, таму што тае годнасці зусім не мелі. Салідарнікі палякамі сталі лічыць толькі ахрышчаных у касцёле. Кідаўся тады наш няшчасны мужычок у пошуках свае тоеснасці. Усяго ад яго можна было пачуць. На працягу пару гадоў некаторыя некалькі разоў мянялі нацыянальнасць. Можна іх было бачыць як палякаў, беларусаў, рускіх, украінцаў, праваслаўных, ці „рускіх палякаў”. Хаця гэтае апошняе званне найбольш адпавядала іх унутраным адчуванням, аднак гучала ідыятычна і непалітычна. Таму, ідучы следам усялякіх айцоў-іерэяў вызначыліся ў канцы як палякі. Невялікая жменька інтэлігенцыі, як і сто гадоў таму, асталася надалей змагацца з ветракамі. Раней гэтае змаганне мела яшчэ сэнс. „Тутэйшых” ці „рускіх” можна было яшчэ пераконваць, адукаваць, выхоўваць. Цяпер, аднак, калі маладое пакаленне ўжо сапраўды ў большасці паланізаванае, беларускасць астаецца толькі справай гонару. Ёсць людзі, якія адракаюцца ад сваіх бацькоў, таму і нармальным з’яўляецца выбар чужой культуры, веравызнання, мовы. Аказваецца, што большасць беларусаў можа з гэтым дасканала жыць. Мала такіх народаў у свеце.

Неўзабаве, калі беларусаў на Беласточчыне будзе столькі, што і татараў, рэгіён наш стане месцам, дзе будуць паказваць турыстам асаблівасці нейкай усходняй цывілізацыі. Напішуць шмат легендаў, накшталт тых, якія экскурсаводы расказваюць пра этрускаў у Італіі. Можа нават нехта выедзе з Беластока ў перакананні, што пабываў у горадзе, у якім пражывалі беларусы.