Ніва № 25 (2406), 23 чэрвеня 2002 г.
На беларускім свяцеМіра ЛУКША, Мацей ХАЛАДОЎСКІУ беластоцкім амфітэатры 9 чэрвеня, традыцыйна ўжо, гуляў ці не ўвесь Беласток, разам з запрошанай знаццю. Не выпадае не паявіцца ваяводу, кіруючым сябрам з левіцы (з жонкамі), дыпламатам на (ужо 17-м) Свяце беларускай культуры. Прыйшлі ўсе, хто спрыяе беларускай справе. І надвор’е спрыяла добраму настрою (сонца з ветрыкам), дык сабраўся народу цэлы амфітэатр. Паслухаць песень, купіць касеты, кніжкі, рукадзелле. На сцэне прэзентаваліся лаўрэаты песенных конкурсаў, фестывалю беларускай песні, а таксама замежныя госці — ансамбль „Зараніца” з Нясвіжа, Якаў Навуменка, Сяргей Восіпаў.— Гэта свята ўсіх, хто талерантна падыходзіць да нашай культуры, — сказаў Ян Сычэўскі, старшыня ГП БГКТ, арганізатар свята. — Не ставім ніякіх бар’ераў, заўсёды прапагандуем яго ў медыях, а ўступ на мерапрыемства — бясплатны. Кожны можа сюды прыйсці і прыемна правесці час. Сапраўды, прыйшоў тлум гледачоў, ці не найбольшы з тых, якія памятаем на Свяце. — Мяркую, што на гэта ўплывае якасць прэзентаваных каштоўнасцей беларускай культуры, а таксама і тое, што людзі маюць нагоду сустрэцца са знаёмымі. Ёсць у іх пачуццё тоесамасці, адрознасці, у пазітыўным значэнні, і лучнасці са сваёй культурай і мовай. — Што вы думаеце аб цяжкасцях і складанасцях беларускай культуры ў Польшчы? — звярнуліся мы да пасла Мікалая Крэчкі. — Тое, што я бачу, не навявае думкі аб цяжкасцях і складанасцях. Сапраўды, гэта вялікае свята на Падляшшы. Тое, што так многа калектываў, і што спяваюць на такой добрай беларускай мове, гаворыць аб тым, што беларуская культура жыла і жыць будзе. Напэўна, праблемы ёсць, як усюды. Гэта, па-першае, матэрыяльныя. Трэба памагчы ў арганізаванні фэстаў, розных мерапрыемстваў. Напрыклад, у сцэнічных касцюмах дапамагло Міністэрства замежных спраў Беларусі. Пералічылі мы таксама, як амбасада, колькі маглі, пэўную колькасць грошай на само мерапрыемства. — А на што можа разлічваць польскі бок у дапамозе ў арганізаванні такіх святаў, ва ўспамозе арганізацыям з „таго боку”? — Там таксама вельмі шмат робіцца для таго, каб польская меншасць адчувала сябе паўнапраўным членам супольнасці і краіны. Тое, што дзяржава робіць у меру сваіх магчымасцей, гэта дае падставы лічыць, што адносіны да польскай меншасці ў Беларусі надаюцца для пераймання ў іншых краінах. Дзяржава дапамагае ў справах адукацыі, культуры. Які з ансамбляў мне найбольш падабаецца? Я ўсе іх ведаю, працую ж тут 5 гадоў. І ўсе яны сёння ў выдатнай форме. Мерапрыемствы, якія арганізуе БГКТ, як фестываль беларускай песні, гэта грандыёзныя мерапрыемствы, якія паказваюць, што беларуская меншасць тут мае свой голас, права на існаванне, на сваю культуру. Дарэчы, калектывы з Падляшша прыязджаюць да нас у Беларусь, нашы выступаюць тут рэгулярна. — А як думаеце — як развінуцца нашы адносіны па прычыне ўвядзення віз? — Людзі, якія жывуць на гэтым памежжы, знойдуць нейкія шляхі для таго, каб падтрымаць радзінныя, такія вось прыязныя сувязі, якія фармаваліся вякамі... Ну, што ж... Песня не ведае межаў, таксама і... зялёных.
|