Ніва № 24 (2405), 16 чэрвеня 2002 г.

Адны з Богам, другія з чортам

Вітаўт МАРТЫНЕНКА

Зацікавіліся маладыя выдаўцы класічнай музыкай, раскапалі унікальнага беларускага хормайстра, паднатужыліся, сабралі грошы і выдалі людзям на радасць зборнік чароўных мелодыяў*. І хоць высветлілася, што „Мой родны кут” на вершы Якуба Коласа напісалі зусім не Лучанок з Мулявіным, дый славутая „Бывайце здаровы” належыць мо і не І. Любану, але сучасную беларускую дзяржаўную сістэму занепакоіла зусім не дыскрэдытацыя прызначаных „геніяў” (на гэта ўжо не стае моцы), а зусім іншае...

Рупар сістэмы — газета „Советская Белоруссия” — 12 сакавіка г.г. (№ 72-73) пісала: „Нейкі прад’юсарскі цэнтр „БМАgroup” разам з грамадскім аб’яднаннем Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступаюць за прысваенне статуса дзяржаўнага гімна Беларусі небезвядомаму твору „Магутны Божа”. Выступае, трэба сказаць, актыўна: у планах прыхільнікаў гэтага варыянта — і выпуск кампакт-дыскаў з 10 варыянтамі выканання твора”.

„Савецкія”, як заўсёды, аператыўныя і дакладныя: дыск ужо 6 месяцаў (з 17.12.2001 г., ад прэзентацыі, прысвечанай 115-м угодкам з дня нараджэння кампазітара) прадаецца ў беларускіх крамах, а яны ўсё пішуць пра „планы”. Дый не 10, а толькі 3 варыянты гімна М. Равенскага змешчаны на CD, затое якія розныя: урачысты, узнёслы — ад Хору і аркестра Гродзенскай капэлы пад кіраўніцтвам У. Борматава, шчымлівы і пакутлівы — ад Лювэнскага беларускага хору ў Бельгіі пад кіраўніцтвам самога М. Равенскага і магутны, грунтоўны, пераканаўчы — ад славутага опернага спевака Пётры Конюха (бас, Нью-Йорк).

Зрэшты, мо савецкія непрыхільнікі „Магутны Божа” (ім усё чорта падавай) залічылі да варыянтаў гэтага твора і іншыя беларускія гімны, дык, паколькі праз сэрца Міколы Равенскага разам з Богам прайшла ўся Беларусь, на ягоным дыску слухач знойдзе ўсе лепшыя беларускія гімны: ён зрабіў новую рэдакцыю „Мы выйдзем шчыльнымі радамі” У. Тэраўскага, напісаў яшчэ адну мелодыю да славутай Багдановічавай „Пагоні” (да вядомай — М. Шчаглова-Куліковіча), аранжаваў для свайго хору ў Бельгіі бліскучы твор М. Іванова на вершы Веры Лойкі „Падняты родны сцяг”. Найлепшы зборнік беларускіх гімнаў атрымліваецца, кожны з якіх грэе сэрца беларускае.

Сярод выканаўцаў гэтых трох дзесяткаў твораў (уключна з фальклорнымі і інструментальнымі) ёсць проста унікальныя таленты. Да названых дадамо яшчэ бліскучага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Ігара Алоўнікава, геніяльнага опернага барытона Віктара Скарабагатава, таленавітую дачку кампазітара спявачку Вольгу Аляксеенка-Равенскую (сапрана). Апошняя з названых упершыню выконвае тут фрагменты з татальна (здавалася) вынішчанай сталіністамі гістарычнай оперы М. Равенскага „Браніслава” на вершы У. Дубоўкі.

Так што на дыску — бездакорны і ўражальны каскад адкрыццяў, якія выклікалі (акрамя „Савецкай Беларусі”) цэлы шэраг зацікаўленых публікацый па ўсёй краіне. Сярод водгукаў адмыслоўцаў не згубіўся, а нават многіх прывабіў нечаканы водгук-успамін унучатай пляменніцы кампазітара Вікторыі Равінскай „Магутны Божа — вольны гімн эпохі”, змешчаны ў № 1 (студзень 2001 г.) брэсцкай газеты „Свабодная зона”. Там і невядомыя факты біяграфіі, зачэрпнутыя з сямейнага архіва, і тлумачэнне зменаў у напісанні славутага ўжо прозвішча, і проста шчырыя чалавечыя пачуцці.

Геній Міколы Равенскага працягвае жыць і ажыўляць.

*Мікола Равенскі, Магутны Божа”, Мінск 2001, БМАgroup.