Ніва № 24 (2405), 16 чэрвеня 2002 г.

Вядома — паляк

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

У апошні час меў я непрыемнасць трапіць у некалькі беластоцкіх устаноў. Па чарзе чыноўнікі распытвалі мяне пра мае даныя: прозвішча, дату нараджэння, славуты нумар PESEL, грамадзянства і нацыянальнасць. Чыноўнікі пытальна мадуліравалі голас, завешвалі ў паветры самапіскі і момант вычэквалі мой адказ. Не было, аднак, таго моманту пры пытанні аб нацыянальнасці, якое па-суседску ўсюды з пытаннем пра грамадзянства.

— Нацыянальнасць, вядома, польская? — пыталіся і яшчэ да майго адказу гатовы былі пісаць тое, што здавалася ім быць відавочным.

Ужо пасля першага такога пытання я ўбіваў зрок у клеркаў. Яны, занепакоеныя паўзай-адказам, падымалі галовы з-над папераў, паглядалі на мяне здзіўлена і зараз потым зноў над імі нахіляліся. Адказваў.

— Я думаю, што польская.

— Гэта значыць — польская, так, — дамагаліся пацвярджэння.

— Так, — чулі ад мяне.

Не ведаю, што сабе яны падумалі. Можа: жыд якісь, беларус, ці што.

На дадатак я згубіў пасведчанне асобы, dowod osobisty. І мушу, з-за ляноты зрабіць новы, карыстацца пашпартам. Тут кожнаму чыноўніку насоўваецца новае пытанне: „Пан не жыве ў Польшчы?”

Пасля такое практыкі няма ў мяне падстаў лічыць, што чыноўнікі непрыхільна адносяцца да іншых нацыянальнасцей. Няма ў іх, аднак, натуральнага пачуцця сужыцця з „іншымі”.

Якраз мае чыноўніцкія кантакты збегліся з апублікаваным у „Выбарчай газеце” вельмі цікавым інтэрв’ю з Ганнай Сьвіда-Зембай, прафесаркай сацыялогіі Варшаўскага універсітэта. Расказала яна пра вынікі апытанняў праведзеных адным з цэнтраў грамадскіх даследаванняў, якія датычылі талерантнасці палякаў. Дайшла яна да сумнага вываду: „Не любім іншых, чужых, баімся, лічым, што пагрозы ў адносінах да Польшчы і палякаў маюць глабальны і татальны характары, уціскаюцца ў кожную шчыліну, выкарыстоўваюць усе формы адменнасці. Ведаем, што трэба прапаведаваць лозунгі талерантнасці, быць талерантным у адносінах да асобы іншай нацыянальнасці ці рэлігіі, але баімся меншасных груп, якія маглі б дамагацца прызнання іх грамадзянскіх правоў. Падвяргаемся фальшывым пагражальным міфам, адкідваем тых, хто індывідуальна іншы па паводзінах і поглядах”.

У мяне моцнае ўражанне, што чыноўнікі, на якіх я натыкаўся разам, напрыклад, з уласнікамі прыватных фірмаў, падвергліся якраз гэтым фальшывым пагражальным міфам, вынікаючым з апытанняў, пра якія ўспамінае пані прафесар. Хаваюцца яны за г.зв. паказнай, фасаднай талерантнасцю. Маўляў, я да іх нічога не маю. У мяне нават ёсць у блёку суседзі-беларусы.

Хопіць, аднак, што сустрэнуцца з сям’ёй, знаёмымі палякамі, кульнуць сотню, а тэма зыдзе на іншыя нацыянальнасці, напрыклад, беларускую, і адразу прагучыць: „Ну ж, гэтыя кацапы...”

Гэта толькі словы? Не адно яны. Яны, словы, перадатчыкі думак і пачуццяў, хоць бы хвілінных, асабліва тады, калі фасад непатрэбны (сярод сям’і, знаёмых, за чаркай). Пра боязь у адносінах да меншасных груп, пра якія ўспомніла праф. Сьвіда-Земба, ведаюць грэкі, пражываючыя ў Польшчы. У тэлевізійнай справаздачы з фестывалю грэчаскай песні ў Згажэльцы адзін з яго арганізатараў (грэк) спавядаўся:

— Мы адчуваем, што нас любяць і паважаюць. Але мы нічога не хочам ад польскай дзяржавы, ад урада. Не ходзім па ўстановах з прашэннямі, як прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, не хочам грошай, нічога не хочам.

Ну, і палякі спакойныя. Але як тут не баяцца беларусаў, літоўцаў, украінцаў, немцаў і г.д. Яны ж увесь час чагосьці хочуць! На маю думку, і належна. Яны ж ад заўсёды — грамадзяне гэтай дзяржавы (без значэння тут межы, якія мяняліся). Гэта не тое, што ў выпадку грэкаў, паваеннай эміграцыі. Тое, што дамагаюцца розных правоў, вынікае з пачуцця прыналежнасці да польскай грамадскасці (трактаванай якраз як грамадства), але таксама без адракання ад свае нацыянальнасці, а нават з акцэнтаваннем свае адметнасці.

Тое, што палякі не прападаюць за „іншымі”, баяцца іх, справа не новая. Здаецца, сягае яна Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а прынамсі даваеннага часу. Больш за дзесяць гадоў таму быў паказаны ў адной з тэлестанцый амерыканскі фільм пра тое, як Мосад (ізраільская разведка) выкраў гітлераўскага ката Эйхмана, каб судзіць яго ў Ізраілі. У вечар перад гэтай падзеяй жонка Пітэра Малкіна (якому было даручана гэтае заданне) кажа мужу, успамінаючы забітую ў канцлагеры дачку: „Нават палякі яе любілі”.

Жахліва. Трэба, бачыце, заслужыць, каб палякі вас любілі. Халера, не хопіць разам жыць, ствараць тую самую краіну, вялікую і малую грамадскасці! Усё трэба заслужыць (служыць?). Таму я, паляк, не люблю палякаў, я — неталерантны ў адносінах да іх лякаў, пагражальных міфаў. Баюся іх, таксама і іхных чыноўнікаў, для якіх усе ў Польшчы — безумоўна польскай нацыянальнасці.