Ніва № 24 (2405), 16 чэрвеня 2002 г.

Карлеонэ ў Варшаве

Яўген МІРАНОВІЧ

У апошні дзень траўня ў цэнтры Варшавы, у сярэдзіне дня, пару соцень чалавек маглі непасрэдна паглядзець рэпліку славутага фільма „Бацька хросны”. Герояў гэтым разам не ігралі акцёры, а звычайныя мафіёзі, якія стралялі сапраўднымі патронамі. Сапраўдныя былі таксама іх ахвяры — двух забітых чалавек і адзін цяжка паранены, праўдападобна члены канкурэнтнай банды. Раней на Шлёнску бандыты расстралялі двух паліцыянтаў на службе. Звычайныя людзі баяцца вечарам выходзіць з хаты. Страх выклікаюць не толькі бандыты, якія страляюць да сябе, быццам бы жылі ў зусім нецывілізаваным свеце, але таксама групы разбэшчаных падлеткаў, якія сваім хамствам тэрарызуюць гарадскія кварталы, вуліцы ці пад’езды жылых блёкаў.

Між іншым па прычыне адсутнасці пачуцця бяспекі звычайныя людзі чакаюць нейкага моцнага чалавека пры ўладзе, які мог бы навесці парадак. Пэўна каля 90 працэнтаў грамадзян Польшчы прагаласавала б за вяртанне вышэйшай меры пакарання для забойцаў, а нават публічнае пакаранне паводле сярэднявяковых узораў. Тлумачэнні маралізатараў пра судовую справядлівасць грамадзяне ўспрымаюць смехам. Існуе глыбокае перакананне, што найбольшыя злачынцы застаюцца зусім бяскарнымі. Ахвяры злачынстваў яшчэ раз бываюць пакаранымі падчас судовых працэсаў выказваннямі і цынізмам амаральных адвакатаў, пазбаўленых пачуцця якой-небудзь іерархіі этычных вартасцей, карумпаванымі пракурорамі і суддзямі. Суд разглядае справы паводле законаў, якія дазваляюць злачынцам цалкам ігнараваць права.

Раптоўны рост колькасці самых жахлівых злачынстваў гэта не толькі пачуццё бяскарнасці мафіёзных груповак. Найбольшая група забойцаў — гэта маладыя людзі, якія выхоўваліся на фільмах-баевіках, прапагандуючых усялякія спосабы забойства, а фільмавя забойцы здабывалі прыхільнасць публікі сваёй інтэлігентнасцю, рашучасцю, якім лёс часта даваў ва ўзнагароду вялікія грошы і прыгожых жанчын. Сучасныя бандыты паводзяць сябе як героі фільмаў, якія часта служылі ім інструктажам у іх пазнейшай крымінальнай дзейнасці. Рэпартажы з судовых працэсаў паказваюць, што забойцы пераважна бачаць свае ахвяры як прадметы, якія, напрыклад, маглі быць перашкодай у доступе да грошай у шафе. Часам маладыя забойцы, учыніўшы злачынства, праводзяць вечар у вясёлай кампаніі, на забаве ў рэстаране, плацяць рахункі грашыма ахвяры. У такой сітуацыі можна зразумець тых, якія задумоўваюцца, ці некаторыя забойцы гэта яшчэ людзі, ці ўжо іншы гатунак у прыродзе, хоць фізічна яшчэ вельмі падобны на чалавека, але псіхічна і ментальна іх эвалюцыя дайшла да ўзроўню шакала або драпежнай малпы. Чаму тады — пытаюцца — маюць яны належныя людзям правы.

З другога боку, заўсёды ў падобнай атмасферы, якая цяпер выступае ў Польшчы — беспрацоўя, пачуцця недастатковай сацыяльнай бяспекі і адсутнасці надзеі на лепшую будучыню — раптоўна ўзрастала колькасць правапарушэнняў. Моладзь хоча мець сродкі для жыцця, ідучы да іх напрасткі. Адукацыя і праца — малаперспектыўныя, могуць даць вынікі, але гэта няпэўны шлях. У сучасным карумпаваным свеце больш лічыцца прыналежнасць да адпаведнай групы — палітычнай, мафіёзнай, сяброўскай. Група патрабуе перш за ўсё адданасці, мышлення катэгорыямі інтарэсаў групы і выконвання загадаў часта нефармальных лідэраў. Талент, сумленнасць, веды, працавітасць — гэта прыкметы, якія часам яшчэ станоўча ацэньваюцца ў гімназіях, ліцэях ці універсітэтах. Пасля ад маладога чалавека патрабуюць, каб быў толькі салдатам. Найпрасцей стаць салдатам у нейкай бандзе. Гэта гарантуе хуткі заробак, лёгкую працу і шмат атракцыёнаў у свабодны час.

Без змены юрыдычнага і эканамічнага становішча ў краіне немагчыма будзе дачакацца бяспекі на вуліцах гарадоў. Вострыя словы палітыкаў у тэлебачанні і абяцанні, што ўлада пачне рашуча знішчаць злачынцаў нікога ўжо не кранаюць. Асабліва, калі ў тым жа тэлебачанні пару месяцаў пазней паказваюць гэтых жа палітыкаў як членаў злачыннай групы, якая абкрала грамадства на мільярды злотых. Аднак ніколі яшчэ тэлебачанне не паінфармавала, што нехта з гэтых палітыкаў быў пакараны за свае злачынствы. Часам толькі аднакашнікі застрэляць свайго таварыша за нейкія махлярствы, так як гэта сталася з міністрам Яцкам Дэмбскім у мінулым годзе. Забойцаў, зразумела, не злавілі.