Ніва № 24 (2405), 16 чэрвеня 2002 г.

Моладзь супраць дыктатуры

Ян АБАДОЎСКІ

У 1994 годзе да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, які стаў першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Ягоны прыход да ўлады стаў менавіта вырашальным фактарам змены курсу дзяржаўнай палітыкі і пераходу кіравання беларускай дзяржавай ад дэмакратыі да дыктатуры. У 1995 годзе сярэдні заробак у Беларусі быў большы за 100 долараў і мы яшчэ лічыліся роўнымі сярод роўных у Еўропе і свеце. Але бадай у тым жа годзе Лукашэнка зразумеў, што эканамічны пад’ём у краіне трэба пачынаць са змены дзяржаўнай сімволікі. За месяц да пачатку рэферэндуму з дапамогай спецназу і АМАПу былі выкінуты з парламента апазіцыйныя дэпутаты ад БНФ, якія пратэставалі супраць рэферэндуму, які перакрэсліваў незалежнасць маладой беларускай дзяржавы.

1995 год стаў драматычным годам для нашай дзяржавы: змена гістарычнай і дзяржаўнай сімволікі, манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі, падаўленне незалежных прафсаюзаў. Здавалася, што не засталося ніводнай сілы, якая можа сказаць сваё „не” рэжыму Лукашэнкі. Але наступны год паказаў, што новы парадак падабаўся далёка не ўсім. Шматтысячныя дэманстрацыі на вуліцах Беларусі ў абарону дзяржаўнай незалежнасці і супраць інтэграцыі з Расіяй паказалі, што галоўнай сілай, якая выступіла супраць рэжыму Лукашэнкі, з’яўляецца моладзь. На людзей ад 16 да 27 гадоў прыпадае большасць незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, прэвентыўных затрыманняў, допытаў, адміністрацыйных пакаранняў, жорсткага абыходжання і г.д. На гэту ўзроставую групу быў накіраваны галоўны ціск з боку КДБ і пракуратуры.

Моладзь не толькі прымае актыўны ўдзел у антылукашэнкаўскіх акцыях, якія ладзіла апазіцыя, але і арганізавала свае мерапрыемствы скіраваныя супраць дыктатуры. Увосень 2000 года беларуская моладзь з розных апазіцыйных арганізацый аб’ядналася ў адзіную Кааліцыю маладзёвых палітычных арганізацый пад назовам „Пераменаў!” Адной з першых заяў Кааліцыі пра сябе стаў шэраг акцый, што прайшлі па ўсёй Беларусі 12 лістапада 2000 года. Сімвалічна, што гэтая акцыя моладзі была жорстка разагнана міліцыянерамі.

Як і ў ранейшыя гады кіравання краінай Лукашэнкам, шэсці, мітынгі, пікеты праходзілі пад кантролем не толькі міліцыі, але і спецслужбаў і канчаліся арыштамі ўдзельнікаў і арганізатараў. Далей „эстафету застрашэння” прымалі атрады міліцыі, спецпрыёмнікі-размеркавальнікі і, наканец, суды, дзе прысуды бывалі неадэкватнымі і надуманымі адміністрацыйным правапарушэнням грамадзян: высокія грашовыя штрафы, утрыманне за кратамі да пятнаццаці сутак, а то і ўзбуджэнне крымінальнай справы. Арышты суправаджаюцца здзекамі над затрыманымі, знявагамі іх чалавечай годнасці і збіццём. Крымінальная адказнасць, як сродак, які адкрывае шырокія магчымасці дзеля палітычнага пераследу, традыцыйна шырока выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі як форма псіхалагічнага ціску і як сродак атрымання правоў на крымінальна-працэсуальныя дзеянні ў адносінах да палітычных апанентаў.

Менавіта пагроза ўзбуджэння крымінальнай справы і крымінальна-працэсуальныя дзеянні, якія дазваляюцца пасля пачатку крымінальнага праследу, былі за гэтыя гады асноўнымі формамі выкарыстання крымінальнага права ў палітычных мэтах. Самы шалёны палітычны характар маюць справы ўзбуджаныя за паклёп і знявагу прэзідэнта РБ. За гэтыя гады больш дзесяці крымінальных спраў было ўзбуджана за графіці на сценах, якія ва ўмовах абмежаванай інфармацыйнай прасторы сталі формай палітычнага волевыяўлення для апазіцыйных моладзевых арганізацый. Акрамя таго было арыштавана некалькі кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і буйных прадпрымальнікаў. Сярод магчымых прычын хвалі арыштаў вызначаецца нелаяльнасць да выканаўчай улады і падтрымка дэмакратычнай апазіцыі.

Праблема знікненняў людзей у Беларусі ў 1999-2000 гг., калі прапаў без звестак шэраг палітыкаў, журналістаў і бізнесменаў — Ю. Захаранка, В. Ганчар, А. Красоўскі, Д. Завадскі — па-ранейшаму хвалюе беларускае грамадства. Афіцыйныя органы так і не распачалі актыўных дзеянняў дзеля высвятлення абставін знікненняў. Наадварот, праваахоўныя органы заміналі грамадскім аб’яднанням і ініцыятывам у правядзенні незалежнага расследавання па фактах знікнення, ажыццяўлялі ціск на журналістаў і выданні, якія пісалі пра знікненні.

Падставай затрыманняў з’яўляецца наяўнасць гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга, наяўнасць друкаванай апазіцыйнай прадукцыі, ужыванне беларускай мовы. Ціск, які аказваецца на незалежную прэсу, выяўляецца ў наступных формах: перапыненне і перашкоды ў распаўсюджванні друкаваных выданняў, канфіскацыі тыражоў, ціск на незалежныя СМІ, вынясенне папярэджанняў друкаваным выданням, канфіскацыя камп’ютэрнай тэхнікі, вобыскі, цэнзура. У 2001 годзе была закрыта незалежная гродзенская газета „Пагоня”, а на журналіста і рэдактара газеты была ўзбуджана крымінальная справа.

Пасля прыходу Лукашэнкі з Беларусі эмігрыравала за мяжу ды папрасіла палітычны прытулак каля 20 тысяч чалавек.

На сённяшні дзень у краіне пенсія на ўзроўні 20 долараў, беспрацоўе, п’янства, карупцыя, дзе сярод белага дня проста так знікаюць людзі, дзе 70% моладзі марыць з’ехаць за мяжу.

Але каб наблізіць час вяртання нашай краіны ў Еўропу, нельга проста сядзець склаўшы рукі. Трэба змагацца за сваю гісторыю, мову, спадчыну. І тады мы пераможам!