Ніва № 24 (2405), 16 чэрвеня 2002 г.

Беларусы Прыбайкалля

Віталь ЛУБА

Адкуль беларусы ў Сібіры

Першыя беларусы паявіліся ў Сібіры, у тым ліку і ў яе ўсходняй частцы ў ХVІІ стагоддзі і былі гэта першапраходцы і воіны. З дакументаў 1680 г. даведваемся аб вёсцы Літвінцава каля Ілімскага астрога, якая існавала да саракавых гадоў ХХ стагоддзя. Відаць, заснавалі яе перасяленцы з Вялікага княства Літоўскага. Другая хваля перасяленняў звязана была з удзелам беларусаў у паўстаннях 1830 і 1863 гадоў. Асабліва пасля апошняга паўстання ссылалі ў Сібір цэлымі вёскамі. Тады ў Іркуцк папаў Ян Чэрскі, ураджэнец Віцебскай вобласці, ці Юзаф Каліноўскі — брат Кастуся. Трэцяя хваля выклікана была рэформамі Сталыпіна. Пачынаючы з 1903 года ў Іркуцкі край перасялілася шмат беларусаў у пошуках лепшай долі. Яны будавалі свае сядзібы, захоўваючы свой уклад і нават манеру будаваць дамы. Такім чынам узніклі, між іншым, вёскі Анучынск, Тургенеўка, Андрушына, Мірынінск. Чацвёртую хвалю склалі палітычныя ссыльныя трыццатых гадоў ХХ стагоддзя і сяляне, якія не хацелі ісці ў калгасы і якім абяцалі жыць тут аднаасобнікамі. Так была заснавана вёска Тарнопаль. Але ў 1939 г. Сібір таксама калектывізавалі. Пятая хваля звязана з камсамольскімі будовамі. Гідраэлектрастанцыі ў Брацку і Усць-Ілімску ў пераважнай ступені пабудаваны былі беларускімі будаўнікамі, якія засталіся жыць у Іркуцкай вобласці. Апошняя масавая хваля перасяленняў з Беларусі звязана з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС і вывадам ракетных войск з Беларусі.

На сённяшні дзень цяжка сказаць, колькі беларусаў пражывае ў Іркуцкай вобласці, але па самых сціплых падліках ёсць іх не менш 50 тысяч чалавек.

Ікруцкае таварыства

31 мая 1996 года на першым з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобласці 23 дэлегаты заснавалі Рэгіянальную грамадскую арганізацыю „Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”, якая афіцыйна зарэгістравана была 30 снежня 1996 г. Галоўныя мэты ІТБК — адраджэнне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцей беларускага народа, узвышэнне яго самасвядомасці, пашырэнне і падтрыманне нацыянальных абычаяў, рамёстваў, жыццёвага ўкладу і маральных асноў. На працягу апошніх пяці гадоў Таварыства арганізавала шмат культурных мерапрыемстваў абрадавага характару. Штогод іркуцкія беларусы ладзяць Каляды, Гуканне вясны, Сёмуху, Купалле і Дзяды. Апрача гэтага 25 сакавіка ўрачыста святкуюць Дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а 31 мая лічыцца ў іх Днём іркуцкіх беларусаў. ІТБК супрацоўнічае з абласнымі культурнымі ўстановамі і польскай і ўкраінскай суполкамі. Пры таварыстве дзейнічаюць самадзейныя калектывы — дзіцячы ансамбль „Пралескі”, жаночы „Журавіны” і дзявочы „Ленушка”. Маладзёжны клуб „Крывічы” вывучае і прапагандуе славянскія традыцыі сваіх продкаў, а Гістарычны клуб „Спадчына” распаўсюджвае сярод жыхароў Іркуцкай вобласці веды па гісторыі Беларусі. ІТБК мае сваю Бібліятэку беларускай літаратуры і праводзіць навуковыя экспедыцыі па Іркуцкай вобласці ў месцы кампактнага пражывання беларускіх перасяленцаў. Іркуцкія беларусы выдаюць штомесячны бюлетэнь „Маланка”. На васьмі старонках фармату А-4 друкуюцца арганізацыйныя матэрыялы ІТБК, весткі з Бацькаўшчыны, рэпартажы з жыцця беларусаў Сібіры, артыкулы па гісторыі Беларусі.

Пяты з’езд

2 сакавіка г.г. адбыўся V З’езд Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Удзельнічалі ў ім 53 дэлегаты ад чатырох раёнаў Іркуцкай вобласці: Чарамхоўскага, Балаганскага, Баяндаеўскага і Заларынскага. Пасля заслухання справаздачы, зацвярджэння пратакола фінансавага кантролю і дыскусіі дэлегаты выбралі Раду, якую паўторна ўзначаліў Алег Рудакоў, і прынялі план дзейнасці на чарговыя два гады. На заканчэнне з’езда перад дэлегатамі і гасцямі выступілі маладзёжныя і дзіцячыя калектывы Таварыства. З’езд закончыўся традыцыйным „Бульбяшом” — святочным застоллем з беларускай музыкай, песнямі і танцамі.

ІТБК карыстаецца сваёй атрыбутыкай — эмблемай і гімнам. Эмблема мае форму кола з выявай Яна Чэрскага і контурам возера Байкал усярэдзіне і надпісам на акружнасці: „Іркуцкае таварыства беларускай культуры ім. Я. Д. Чэрскага”. Уверсе змешчаны беларускія нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. На апошнім з’ездзе дэлегаты вырашылі, што гімнам арганізацыі будзе песня „Магутны Божа” на словы Наталлі Арсенневай.