Ніва № 24 (2405), 16 чэрвеня 2002 г.

Жыццё без „Рацыі”

Аляксандр МАКСІМЮК

З канцом мая вяшчанне перапыніла Радыё „Рацыя”, што і зразу было заўважана слухачамі (пра гэта чытайце таксама на 3 стар.). Прычынай гэтаму, як патлумачыў адзін з заснавальнікаў радыёстанцыі Алег Латышонак, стала рэарганізацыя яе дзейнасці. Па фінансавых прычынах немагчымым аказалася ўтрыманне фактычна двух радыёцэнтраў — у Беластоку і ў Варшаве. Варшаўскі цэнтр вяшчаў на кароткіх хвалях — магчыма, не ўсе слухачы беластоцкага 105,5 FM да канца ўсведамлялі сабе прысутнасць гэтай рэдакцыі і яе адасобленасць. Мэтай гэтай рэарганізацыі — стварэнне невялікага радыё, у недалёкай перспектыве камерцыйнага, якое будзе ў сіле зарабіць на сябе. Тая формула публічнага радыё, якая гучала дагэтуль, з разнастайнымі блокамі публіцыстыкі і навінаў — аказалася пакуль у нашых умовах недасягальнай. Асновай у пераходны перыяд будзе музыка і, з часам, навіны. Паслужыць гэта паступоваму вяртанню таго, што дагэтуль „Рацыя” і ўяўляла — беларускага грамадскага форуму.

Радыё „Рацыя” ўяўляла мадэль „жывой” і „раённай” радыёстанцыі. Калі, прыкладова, у Макаўцы на кураферме ад праліўнога дажджу падтапілася штук пятнаццаць пеўнікаў — у „Рацыі” пра тое гаварылі. Калі вёскі дзве далей свіснулі чатыры бутлі самагону — у „Рацыі” пра тое таксама сказалі. І публіка ўсё гэта глытала, пра што засведчылі водгукі, тэлефоны, лісты... Несумненнай зоркай эфіру „Рацыі” стаў Міхал Андрасюк — жанчыны сталі пісаць яму „амальлюбоўныя” лісты, перад сядзібай па вул. Цёплай у Беластоку выстройваліся чэргі пабачыць, хто ж скрываецца за вядомым з эфіру Андрасюковым голасам. Пра яго папулярнасць сведчыла і тое, што адну гадзіну, затым другую, бывала, у „Рацыю” не адбывалася ніводнага тэлефону, але калі толькі ў эфір уваходзіў М. Андрасюк, як ад чарадзейнай палачкі, на „Рацыю” абвальвалася лавіна тэлефонаў... „Рацыя” дала занятак грамадцы моладзі, якая ў іншых абставінах магла і не мець магчымасці праявіць сваю зацікаўленасць беларушчынай.

Радыё „Рацыя” з’явілася ў эфіры пад канец 1999 года. Гэты факт стаў ці не самым вялікім выпрабаваннем для маладой польскай дэмакратыі. Хаця ў Польшчы кожны мае роўнае права на вяшчальную ліцэнзію, вырашэнне пра такую ліцэнзію для беларускай радыёстанцыі зацягвалася і мусіла адбыцца на палітычным узроўні, пры зразумелай нервовасці сакрэтных службаў. За два з паловай гады вяшчання „Рацыя” прыжылася ў свядомасці беластоцкай грамадскасці ды даказала, што беларуская мова ў польскім радыёэфіры зусім не пагражае суцэльнасці Польшчы, як краіны. Дык да хуткай сустрэчы ў эфіры.