Ніва № 24 (2405), 16 чэрвеня 2002 г.
Фестываль дваццаць першыМіра ЛУКШАПад блаславенствам Канстанцінопальскага партыярха Варфаламея, пад патранатам прэзідэнта РП, пры поўнай зале і буры апладысментаў пачаўся ХХІ Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі Гайнаўка 2002. Гайнаўская ўлада ў гэты раз пайшла ў дзяды. Наслухалася таксама малітоўных пенняў на першым фестывалі, не хапіла нікому з іх цярпення і ахвоты пайсці з іншымі слухачамі на другі. А, можа, не выпадала? Палітыканства ўзяло верх над культурай. Імпрэза, якая расславіла Гайнаўку, аказалася быць нявартай часу местачковай улады. І з духоўных асоб, якіх, здаецца, абавязвае дысцыпліна, быў толькі бацюшка з армянскае царквы. Перададзены былі таксама віншаванні ад драгічынскага біскупа Антоні Дыдыча. Завітаў на свята таксама пробашч мясцовай каталіцкай парафіі. Слухачамі былі і католікі ды шматлікая група гайнаўскіх суботнікаў. Не падвялі ваяводскія ўлады (Анатоль Баравік — дырэктар кабінета падляшскага ваяводы, Гражына Вісьнеўская — дырэктар дэпартамента культуры і мастацкай адукацыі Падляшскай маршалкаўскай установы, Барбара Пахольская — намеснік дырэктара ВОАК). Прадстаўнік міністэрства культуры, Ежы Завіша, сцвердзіў, што надалей гэты фестываль трактуецца як „з самай высокай паліцы” і гонар Польшчы. Мабыць, не ёсць ён гонарам самое Гайнаўкі, горада ад паўстагоддзя.— У гэтым годзе першы раз конкурсныя слуханні адбываюцца па-за святыняй, — з горыччу сказаў арганізатар фестывалю Мікола Бушко. — Лічу гэта непаразуменнем. Веру ў тое, што яно часовае. Пачаўся фестываль 28 траўня, праз пару дзён пасля першага агляду, канцэртам мужчынскага хору „Святилен” Старачаркаскага манастыра Дзмітрыя Данскога з Растова, лаўрэата двух фестываляў, з песні „Gaude Mater Polonia”. Аплаўз можна было выражаць менш стрымана, чым выпадала б у храме. Афармленне сцэны (праекта гайнавяніна Тамаша Адзіевіча — праца выбрана ў конкурсе пад кіраўніцтвам Лявона Тарасэвіча) зварочвалася да клімату духоўнаці і царкоўнай музыкі. Контуры стылізаваны на некаторыя элементы архітэктуры Свята-Троіцкага сабора. Конкурсныя слуханні пачаліся на наступны дзень ад выступлення хору „Сагмос” Маладзёжнага звязу з Ірвеж пры Апостальскай армянскай праваслаўнай царкве ў Ерэване са старажытнай музыкай, сягаючай IV стагоддзя. Журы (Рамуальд Твардоўскі, Барыс Тэўлін, Бажэнна Савіцкая, Лэся Дзічко, Віктар Роўда, Дымітр Дымітраў і Ежы Завіша) выслухала разам з захопленымі гледачамі на працягу конкурсу 19 хораў. У іх выкананні прагучалі песні-малітвы Бартнянскага, Часнакова, Архангельскага, Рахманінава, Львова і менш вядомых слухачам Дондава, Міралюбава, Трубачова, Нікольскага, старажытныя напевы. У час правядзення гайнаўскага фестывалю не толькі гайнавяне маглі любавацца духоўнай музыкай — хоры наведалі Беласток, Кракаў, Легніцу і Варшаву. Падзел на „слушны” і „няслушны” фестывалі давёў таксама да разлому ў душах слухачоў. У катэгорыі прыхадскіх хораў вылучаны былі: хор стараабрадцаў Успенскай царквы ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія) за захоўванне традыцыі аднагалосага спеву і хор „Зуморо” праваслаўнага тэалагічнага семінара ў Котаям (Індыя) за ўзбагачанне літургічнага спеву элементамі індускай музыкі. Другое месца — хору праваслаўнай царквы ў Тамперэ (Фінляндыя), а першае — хорам „Сагмос” з Ерэвана і кафедральнаму хору „Carmen” з Беластока. У катэгорыі хораў аматарскіх свецкіх вылучаны былі камерны хор „Фестиваль” з Арэхава-Зуева ў Расіі, народная харавая капэла „Дзянніца” Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (Беларусь) і камерны хор імя Зофіі Куроўскай са Слупска, а спецыяльнае вылучэнне за шматгадовае прапагандаванне царкоўнай музыкі ў Польшчы і за мяжой прызнана хору Вроцлаўскага універсітэта „Gaudium”. ІІ месца — хору імя М. Бэрэзоўскага ў Легніцы (Польшча). На першым месцы, пры неверагодным аплаўзе слухачоў, Маладзёжны жаночы хор пры харавой студыі „Rustico” са Скоп’е (Македонія). У катэгорыі камерных прафесійных хораў вылучаны быў хор Любятаўскай царквы св. Мікалая ў Пскове (Расія). На ІІ месцы — камерны хор „Крашчацік” з Кіева (Украіна), а на І — хор „Cantemus” з Мінска. У катэгорыі прафесійных хораў ex aequo ІІ месца атрымалі Саратаўскі тэатр харавой музыкі з Саратава (Расія) і Мужчынскі нацыянальны хор Эстоніі з Таліна. На першым месцы — хор „Brevis” з Вільні. Журы прызнала ўзнагароды і салістам — дыякану Слабадану Сардэлічу, які спяваў разам з хорам „Rustico” і Багдану Макалю з вроцлаўскага хору „Gaudium”. Трэба адзначыць, што ўзнагароджаныя прафесійныя хоры — прызнаныя ва ўсім свеце, выступалі м.інш. з Кшыштафам Пэндэрэцкім, што сведчыць пра ўзровень і павагу ў свеце да гайнаўскага фестывалю. Журы адзначыла высокі мастацкі і арганізацыйны ўзровень фестывалю і сцвердзіла, што знакамітая фрэквенцыя на ўсіх слуханнях і канцэртах гэта доказ таго, што грамадства Гайнаўкі падтрымлівае ідэю фестывалю ў такім кшталце. Сумным прыкладам падрывання дваццацігадовых дасягненняў і аўтарытэту МФЦМ ёсць спробы арганізавання асобамі, якія не з’яўляюцца выбітнымі знаўцамі царкоўнай музыкі, — заявіла журы, — іншага агляду царкоўных песнапенняў. Мае яно надзею, што ў будучыні, згодна з воляй, выражанай сотнямі жыхароў Гайнаўкі, фестываль будзе праводзіцца ў саборы Святой Тройцы. „Зачыненыя дзверы святыні перад удзельнікамі фестывалю — праява дыскрымінацыі тых, хто хоча захапляцца багаццем і прыгажосцю музычнай культуры Праваслаўя”.
|