Ніва № 23 (2404), 9 чэрвеня 2002 г.

Беспрацоўны дасць працу

Яўген МІРАНОВІЧ

У Польшчы, паводле афіцыйных даных, зафіксавана больш за 3 мільёны беспрацоўных. Такая колькасць людзей знаходзіцца на спісках шукаючых працу. Калі аднак бліжэй прыглянуцца гэтай праблеме, тады нават прыблізна немагчыма акрэсліць колькі з гэтай трохмільённай арміі людзей шукае працу ў сапраўднасці. Калі меркаваць толькі па сродках масавай інфармацыі, можна прыйсці да вываду, што ў Польшчы многія людзі чакаюць якую-небудзь працу. Але нічога падобнага не бывае. Можам аб гэтым пераканацца, напрыклад, падчас малога рамонту, калі шмат простых прац ахвотна хацелася б даць чалавеку, які распараджаецца свабодным часам і, як найчасцей сам заяўляе, не мае ніякіх сродкаў для жыцця.

У Беластоку вельмі лёгка знайсці выканаўцаў для кожнай хатняй інвестыцыі. Дастаткова пазваніць пад адзін з дзесяткаў нумароў, якія штодзённа друкуюцца ў прэсе, каб заўтра з’явіўся спецыяліст да кожнай паслугі. Прыязджаюць пад гальштукамі, добрымі самаходамі, з сотавымі тэлефонамі ў руках, гатовыя ставіць пячаткі на рахунках, нават паводзяць сябе быццам прадпрымальнікі з вялікімі сямейнымі традыцыямі. Гэта на пачатак. Наступнага дня на працу прывозяць усе неабходныя прылады і апранутага ў сінію уніформу, тупога і найчасцей лысага „аспіранта”, які з’яўляецца сапраўдным выканаўцам. У мяне ў хаце, на шчасце, мяняў ён толькі дзверы. Каб выняць старую раму, ледзь не разбурыў усяго дома, разбіў шыбу ў акне, што была побач і пашкодзіў толькі што пакладзеную падлогу. Відаць было, што гэты асобень ніколі ніякай сур’ёзнай працай не займаўся і нават не скрываў, што яго яна не надта цікавіць. Майстар, аднак, выставіў рахунак, на якім яго працу ацаніў у два разы вышэй, чым універсітэцкага прафесара. Каб дзверы не выпалі са сцяны і снег не пранікаў зімой шчылінамі, трэба было яшчэ самому парацаваць пасля майстра некалькі гадзін.

Больш складана выглядае справа, калі нехта захоча рамантаваць вясковыя будынкі. Вясной гэтага года планаваў я аддаць мясцоваму беспрацоўнаму на выкананне агароджу вакол панадворка і некалькі дробных прац парадкавага характару. Раней сустрэў калегу, які толькі што ўзяў сацыяльнае ўспамаганне па беспрацоўі. Скардзіўся ён, што нідзе няма працы і наогул цяжка яму жывецца. Хацелася мне дапамагчы чалавеку і таму запрапанаваў яму выкананне гэтых прац. „Не маю часу, — адказаў беспрацоўны. — Сам шукаю працаўнікоў, якія маглі б мне дапамагаць пры дыскавай піле. Вясна, людзі будуюцца, робяць рамонты, працы дома маю да канца лета”.

Знаёмы гаспадар, у якога звыш сарака кароў і пад сто гектараў зямлі, сапраўдны вытворца малака і мяса не хоча нават слухаць аб беспрацоўі. „Даю працу і прапаную паўтары тысячы злотых на рукі ў месяц, — кажа. — Паспрабуй аднак знайсці каго-небудзь, хто будзе задаволены такой сумай і стане сумленна працаваць. Пасля палучкі часам і тыдзень не мог дачакацца сваіх работнікаў. Каровы патрабуюць аднак кожны дзень есці і піць. Кожны дзень трэба іх даіць. Па прычыне нядбальства, п’янства ці адсутнасці якой-небудзь адказнасці з боку людзей, якіх наймаў я на працу, у апошнія два гады я патраціў трое цялят і адну карову”.

Славутае вялікае беспрацоўе ў нашых гмінах выглядае зусім інакш, чым паказвае статыстыка зарэгістраваных людзей шукаючых працу. Аказваецца, што працы ў нас дастаткова, толькі няма каму працаваць. Другая праўда такая, што ніводзін вясковы працадаўца, напрыклад, успомнены вытворца малака, не будзе плаціць усялякіх падаткаў ні на ўтрыманне карумпаваных чыноўнікаў, ні на пенсійны фонд вясковага п’яніцы. Таму нават калі дае ён працу, ніколі гэта не будзе адзначана ў статыстыцы.