Ніва № 22 (2403), 2 чэрвеня 2002 г.

Еўрапеізацыя Пээнэру

Яўген МІРАНОВІЧ

Заўсёды пасля 1989 г., калі посткамуністы з СЛД вярталіся да ўлады, іх палітычныя апаненты заяўлялі, што ствараецца ПНР-біс. Малодшым чытачам „Нівы” хачу паясніць, што ПНР гэта скарочаная назва польскай дзяржавы, якая існавала ў 1944-1989 гадах — Польскай Народнай Рэспублікі.

Паводле майго глыбокага пераканання, ПНР ніколі не спыніў свайго існавання, таму што заўсёды вырашальны голас ува ўсіх публічных справах мелі людзі выхаваныя і псіхалагічна сфармаваныя ў тую эпоху, нягледзячы на тое, ці былі яны членамі правячай партыі, ці прадстаўлялі апазіцыйны салідарніцкі лагер. Розніца паміж камуністычнай Польшчай і посткамуністычнай толькі такая, што ў гэтай першай улады прытрымліваліся аднаго са сваіх ідэалагічных прынцыпаў — імкнення да сацыяльнай роўнасці ўсіх грамадзян. У посткамуністычнай — улады прынялі ў гэтай справе псеўдаліберальную дактрыну, якая ў найбольш спрошчанай формуле гучыць: „бяры столькі, колькі здолееш узяць і глядзі толькі, каб цябе за руку не злавілі”.

Такую грамадска-палітычную філасофію пачалі ажыццяўляць яшчэ камуністы пры канцы васьмідзесятых гадоў, пасля салідарнікі яе ўдасканалілі, а каманда Кшаклеўскага і Бузка дапрацавала да абсалютнай дасканаласці. З лібералізмам, капіталізмам ці дэмакратыяй усё, што адбываецца ў Польшчы пасля 1989 г., мае толькі сімвалічную сувязь. Лібералізм — гэта перш за ўсё самаарганізацыя грамадства для вырашэння праблем паасобных людзей, аб’яднаных у гаспадарчых, культурных, палітычных ці грамадскіх арганізацыях. Сучасны лібералізм — гэта пастаянная дыскусія над тым, як знайсці найбольш выгаднае для ўсіх зацікаўленых вырашэнне праблем. Гэта таксама стыль мышлення грамадскіх элітаў наконт таго што зрабіць, каб найбяднейшыя адчувалі сябе багатымі. І найважнейшае — парушэнне закону або агульнапрынятых этычных прынцыпаў палітыкам абазначае канец яго публічнага існавання. Сучасная люмпенізацыя палітычнага жыцця ў Польшчы паказвае толькі на тое, што грамадзяне дачакаліся ў канцы сапраўднай „народнай улады”.

У Польшчы і іншых камуністычных краінах пасля 1989 г. да ўлады прыйшлі людзі, якія фармальна адкідалі ўвесь парадак, які будаваўся дзесяткамі гадоў пры дапамозе жорсткіх палітычных і паліцэйскіх метадаў. Узніклі дзесяткі, а можа і сотні партый. Аднак, калі бліжэй прыгледзецца палітычным элітам, відаць, што амаль усе яны прайшлі праз структуры камуністычнага апарату. Нават калі пазней сталі дысідэнтамі, у сапраўднасці прапанавалі толькі рэфармаванне апарату — інструментаў улады. Будучы пры ўладзе, былыя апазіцыянеры вельмі хутка стварылі механізм, які даў поўны кантроль над публічным жыццём і гаспадаркай краіны для невялікай, амаль закрытай, групы. У час камуністычнай Польшчы група, якая мела прывілеі і адкрытую дарогу да павышэнняў, была нашмат шырэйшай, чым у ІІІ Рэчы Паспалітай. Расчараванне зменамі нарадзіла тугу па Пээнэры. Наймалодшае пакаленне посткамуністаў, якое вярнулася да ўлады ў 1993 г., поўнасцю адобрыла рэформу сістэмы, якую правялі салідарнікі. Маючы падрыхтаваныя кадры, перанялі кантроль над банкаўскай сістэмай, манапалістычнымі фірмамі і тэлебачаннем.

Прыватызацыя, якая мела стварыць падставы капіталістычнай фармацыі, стала формулай прысвойвання маёмасці людзьмі эліты ўлады. Пасля 1989 г. раптам узнікла група алігархаў, якая атрымала маёмасць, нічым не рызыкуючы, не ўносячы ніякага ўласнага капіталу. Найбольш актыўныя грамадзяне, якія паверылі ў свабоду гаспадарчай дзейнасці і рыначную гаспадарку, хутка зарыентаваліся, што без падтрымкі нейкага палітычнага клана якая-небудзь актыўнасць раней ці пазней вядзе да банкруцтва. Карупцыя стала амаль фармальным элементам публічнага жыцця, а палітыка найбольш прыбытковай формай публічнай актыўнасці. Сапраўднае спаборніцтва паміж партыямі звялося да змагання за наглядальныя рады і ўправы дзяржаўных манапалістычных фірмаў.

Лакальныя царыкі атрымалі самаўрады, якія аднак не мелі нічога супольнага з самаўрадамі ў ліберальных сістэмах. На Захадзе бывае так, што дзесяцімільённы горад мае самаўрад з 12-14 чалавек. У трохсоттысячным Беластоку райцаў паўсотні. На Захадзе гэта ў большасці людзі з вялікім дасведчаннем, аўтарытэтам і дасягненнямі. У нас — лепш не ўспамінаць. У Беластоку да 1990 г. Гарадская ўправа памяшчалася ў камяніцы пры вуліцы Браніцкага. Сёння займае тую самую камяніцу, 16-павярховы будынак пры вуліцы Слонімскай, а ў планах пабудова новых палацаў для мясцовых царыкаў. У горадзе, у якім абанкруціліся амаль усе прадпрыемствы, найбольшым працадаўцам стала гмінная адміністрацыя. Не цяжка здагадацца, што выпадковых людзей у ёй не бывае. Раней сімвалам Пээнэру былі камітэты партыі. Разам з дзяржаўнай адміністрацыяй стваралі яны аднак у тры разы меншую армію бюракратаў чым цяпер. Нават найлепш развітая гаспадарка не вытрымала б такой колькасці беззямельнай шляхты.

Дэмаралізацыя палітычных і грамадскіх элітаў вельмі хутка прывяла працоўны і беспрацоўны люд у стан пачуцця безнадзейнасці. Такая псіхалагічная сітуацыя была пры канцы семідзесятых гадоў, але тады яшчэ існавалі аўтарытэты і вера, што можна збудаваць іншы свет без хлуслівых і скарумпаваных палітыкаў, справядлівы эканамічны і палітычны парадак. Была надзея. Сёння няма нічога і нічога немагчыма прадбачыць. Фрустраваны люд гатовы аддаць уладу новаму Пілсудскаму або Мусаліні. Відаць нават даволі выразна кандыдатаў на фюрэра нацыі. Альтэрнатывай для нацыяналістычнай дыктатуры з’яўляецца толькі Еўрасаюз. Постпээнэраўскія эліты цягнуць Польшчу ў Еўропу і хаця гэта правільны напрамак, аднак рэалізацыя еўрапеізацыі праводзіцца прыблізна ў такім жа стылі, як усе ранейшыя рэформы. Выніку сучаснага змагання еўрапейцаў і антыеўрапейцаў немагчыма прадбачыць. Адно толькі пэўнае — усім беларусам і беларусападобенцам найлепш было б, каб гэты Пээнэр далучылі да Еўропы. У ёй ёсць яшчэ нейкая перспектыва наймалодшым пакаленням.