Ніва № 22 (2403), 2 чэрвеня 2002 г.

Ахвота паразумецца

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Пасля двух гадоў старанняў і пагадненняў з беларускім бокам радныя Падляшскага сейміка прынялі пастанову-праект паразумення паміж Падляшскім ваяводствам і Гродзенскай вобласцю.

— У праекце няма падрабязнасцей. Знаходзяцца яны ў асобных дамовах, якія кранаюць паасобныя пытанні. Паразуменне гэта падстава для падпісвання тых дамоў, — сказаў падляшскі маршалак Славамір Згжыва.

Ініцыятарам праекта паразумення быў праваслаўны радны з Клуба СЛД Ян Зенюк. Радныя аднагалосна падтрымалі праект. У час дыскусіі над ім, аднак, не абышлося без слоў крытыкі. Праекту ставілася ў закід павярхоўнасць. Прафесар Адам Дабронскі патрабаваў запісу, які датычыў бы ўзаемнай аховы культурных каштоўнасцей.

— Нашым абавязкам дбаць аб важныя для гісторыі абодвух народаў месцы, як могільнікі ці помнікі.

На думку маршалка Згжывы, такія пытанні будуць запісаны якраз у асобных дамовах. Як і справы звязаныя з пабудовай дарог, тэрміналаў на пагранпераходах, арганізацыяй кірмашоў, культурным абменам.

— Намерваемся супрацоўнічаць ва ўсіх галінах. У Гродзенскай вобласці памяняўся ў апошні час клімат супрацоўніцтва. Да таго Беларусь атрымала доступ да сродкаў з Еўрасаюза. Калі дойдзе да падпісання паразумення, яшчэ невядома. Управа ваяводства чакае згоду яе заключыць у Міністэрстве замежных спраў. Можна спадзявацца, што атрымае яе хутка, узважыўшы прыхільныя адносіны да міжрэгіянальных польска-беларускіх кантактаў шэфа МЗС Владзімежа Цімашэвіча.