Ніва № 22 (2403), 2 чэрвеня 2002 г.

Дзесятая гадавіна аб’яднання Польшча-Беларусь

Віктар ШВЕД

У „Доме дружбы” ў Варшаве (вул. Маршалкоўская, 115) маюць свае сядзібы няўрадавыя грамадскія арганізацыі Аб’яднанне супрацоўніцтва Польшча-Усход, Аб’яднанне Польшча-Беларусь і Турыстычнае прадпрыемства „Калінка”.

14 мая г.г. адбылося пасяджэнне прэзідыума Галоўнага праўлення Аб’яднання Польшча-Беларусь з удзелам старшынь Ваяводскіх аддзелаў гэтага Аб’яднання: Лодзінскага, Люблінскага, Любускага, Мазавецкага, Падляшскага і Паморскага.

Тэмай пасяджэння была інфармацыя аб дзейнасці Аб’яднання за апошні перыяд і абмеркаванне плана падрыхтоўкі да III Кангрэса Аб’яднання Польшча-Беларусь.

Пасяджэнне адкрыў старшыня ГП Аб’яднання д-р Баляслаў Хмялінскі. Прывітаў ён сардэчна ўсіх прысутных і паінфармаваў, што ў гэтым годзе Аб’яднанне канцэнтравала сваю ўвагу на наступных мерапрыемствах:

1. Супольна з Кафедрай беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта правяло ўжо VIII выпуск Алімпіяды беларускай мовы ў агульнаадукацыйных ліцэях з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы. У чэрвені г.г. лаўрэаты Алімпіяды паедуць у Беларусь.

2. 4 сакавіка г.г. Аб’яднанне супрацоўніцтва Польшча-Усход, Аб’яднанне Польшча-Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве правялі Варшаўскую міжнародную канферэнцыю, прысвечаную дзесяцігоддзю ўстанаўлення дыпламатычных зносін паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь. Прынялі ў ёй удзел прадстаўнікі ўрадаў, дэпутаты, грамадскія і самаўрадавыя дзеячы.

3. У днях 13-15 сакавіка г.г. у Брэсце наладжана была першая сустрэча супрацоўнічаючых з сабою гарадоў Польшчы і Беларусі.

Шырэй аб гэтых мерапрыемствах паінфармаваў прысутных намеснік старшыні ГП Аб’яднання Польшча-Беларусь Юзаф Брыль, які адначасова з’яўляецца дырэктарам Турыстычнага прадпрыемства „Калінка”. Дакладчык падкрэсліў, што Аб’яднанне Польшча-Беларусь і Аб’яднанне супрацоўніцтва Польшча-Усход ад многіх гадоў здзяйсняюць заданні, мэтай якіх з’яўляецца ўстанаўліванне і ўтрымліванне добрасуседскіх адносін з дзяржавамі з-за ўсходняй граніцы. Апошнія гады былі спрыяючымі наладжванню, утрымліванню і развіццю так званых „Рэгіянальных пагадненняў” паміж адміністрацыйнымі адзінкамі, самаўрадамі і камерцыйнымі арганізацыямі з іх партнёрамі на Усходзе. Саюзнікамі ў рэалізацыі гэтых задач з’яўляюцца самаўрадавыя і адміністрацыйныя ўлады розных ступеняў, якія часта больш за дзяржаўныя ўлады зацікаўлены супрацоўніцтвам з дзяржавамі Усходу ў галіне гаспадаркі, а таксама культуры, навукі, турызму і спорту.

Варшаўская міжнародная канферэнцыя, прысвечаная дзесятай гадавіне ўстанаўлення дыпламатычных зносін паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь пацвердзіла, што існуюць аб’ектыўныя ўмовы да пераадольвання існуючых бар’ер і стэрэатыпаў, рэалізацыі нявыкарыстаных дагэтуль магчымасцей і інтэнсіфікацыі двухбаковага дыялогу ва ўсіх галінах жыцця.

Вялікае значэнне, — сказаў Юзаф Брыль, — будзе мець першая сустрэча гарадоў-пабрацімаў Рэспублікі Беларусь і Польшчы. У гэтай сустрэчы прыняла ўдзел сотня польскіх дзяржаўных і самаўрадавых дзеячаў з сарака гарадоў нашай краіны. Запладаносіць гэта вялікай колькасцю новых кантрактаў паміж адміністрацыйнымі і самаўрадавымі адзінкамі Польшчы і Рэспублікі Беларусь.

Брэсцкая сустрэча напэўна прычыніцца да здзяйснення лозунга нашых Аб’яднанняў: „Ад добрага кантакту да добрага кантракту”, — падсумаваў сваё выступленне Юзаф Брыль.

На заканчэнне пасяджэння пастаноўлена сустрэцца яшчэ 20 чэрвеня г.г. — у дзесяцігоддзе дзейнасці Аб’яднання Польшча-Беларусь — дзеля падрыхтоўкі матэрыялаў на III асенні справаздачна-выбарчы Кангрэс Аб’яднання.

Ваяводскія аддзелы Аб’яднання забавязаны правесці да гэтага часу справаздачна-выбарчыя сходы.