Ніва № 21 (2402), 26 мая 2002 г.

Хвароба „шалёных” юрыстаў

Ігар ГАНДЛЕЎСК

Суд над журналiстамi забароненай беларускiмi ўладамi газеты „Пагоня” Мiколам Маркевiчам i Паўлам Мажэйкам, якi меў адбыцца 16 траўня ў Гродне, з прычыны раптоўнай хваробы пракурора Уладзiмера Рабава перанесены на 4 чэрвеня.

Напярэдаднi першага разгляду справы быў тэрмiнова шпiталiзаваны суддзя Мiкалай Сяргейка, зараз — пракурор... Iншым разам, калi пад будынакам Ленiнскага раённага суда Гродна збяруцца дзесяткi (а магчыма i сотнi) неабыякавых да лёсу журналiстаў людзей, суд, хутчэй за ўсё зноў адкладуць на няпэўны тэрмiн з прычыны хваробы якой-небудзь стэнаграфiсткi. У гэтым упэўнены адвакат Мiколы Маркевiча Сяргей Цурко.

16 траўня ў будынку Ленiнскага раённага суда Гродна ў маленькую залу пасяджэння мiлiцыянты пусцiлi толькi 25 чалавек.

— Гэта нечуванае хамства беларускiх уладаў, якiя ўсiмi сродкамi iмкнуцца асудзiць няўгодных журналiстаў, — пракаментаваў здарэнне кiраўнiк цэнтра прававой абароны Беларускай асацыяцыi журналiстаў доктар юрыдычных навук Мiхаiл Пастухоў.

Не пусцiлi ў залу не толькi дыпламатаў, але нават журналiстку дзяржаўнага пралукашэнкаўскага тэлеканалу АТН Маргарыту Ушкевiч.

Суддзя Таццяна Клiмава, якая зараз разглядае „справу Маркевiча — Мажэйкi”, заявiла, што не ў яе кампетэнцыi прадаставiць большую залу, якая на той момант пуставала. Клiмава запатрабавала, каб наступным разам ёй папярэдне далi спiсы жадаючых папрысутнiчаць на працэсе дыпламатаў i журналiстаў, маўляў, тады ўсiм „месца знойдзецца”.

— Ёсць адзiнае выйсце з гэтага ганебнага становiшча, — сказаў Мiкола Маркевiч. — Улады павiнны тэрмiнова закрыць крымiнальную справу, бо няма нiякага складу злачынства, i папрасiць у грамадскасцi прабачэння, бо ўжо ўвесь свет ведае, якi гвалт над здаровым сэнсам адбываецца ў Гродне...

Вядомы беларускi адвакат Гары Паганяйла лiчыць, што ўлады проста цягнуць час, каб цiха, у адсутнасцi замежных дыпламатаў i журналiстаў вынесцi патрэбнае найвышэйшаму кiраўнiцтву рашэнне. Ён, як i Мiхаiл Пастухоў, выказаў сваё расчараванне беларускай фемiдай.

Цiкава тое, што былых журналiстаў газеты „Пагоня” беларускiя ўлады iмкнуцца запалохаюць усiмi магчымымi сродкамi. Распаўсюджваюцца чуткi, што суд вызначыць апальным журналiстам самае жорсткае пакаранне — 5 гадоў пазбаўлення волi. Напярэдаднi суду на вулiцы Горкага (адна з найвялiкшых i людных у Гродне) быў збiты i абрабаваны навiдавоку шматлiкiх праходняў вядомы лiтаратар i журналiст Юры Гумянюк, якi супрацоўнiчаў з „Пагоняй” ад самага пачатку iснавання газеты. Старшыня гродзенскага гарвыканкаму Аляксандр Антоненка мэтанакiравана не дае згоды на рэгiстрацыю ў Гродне новых незалежных газет. Мiкола Маркевiч расцэньвае ўчынкi „мэра” Гродна як татальную забарону на прафесiю журналiста.