Ніва № 21 (2402), 26 мая 2002 г.

Шэрая кніга нячэсных суддзяў

Ян АБАДОЎСКІ

Да апошняга часу ў Беларусі ніводная недзяржаўная арганізацыя не праводзіла сістэмнага маніторынгу судовых пасяджэнняў. Можна шмат казаць аб парушэннях у судах. Але звычайна ўлады і судовыя чыноўнікі, калі і адказваюць на гэта, дык кажуць, што „асобныя факты не могуць паставіць пад сумненне кваліфікаваную і аб’ектыўную працу судоў у агульным”. Гэтае меркаванне не дазваляла з упэўненасцю сцвярджаць аб сталых парушэннях, якія маюць месца ў судовых пасяджэннях.

Улічваючы ўсё вышэйпералічанае, Грамадскае аб’яднанне Магілёўскі праваабарончы цэнтр правёў пашыраны маніторынг выканання крымінальна-працэсуальнага заканадаўства ў 5 судах г. Магілёва. Галоўнымі мэтамі маніторынгу з’яўлялася: даследаваць рэальнае становішча спраў у судах; абнізіць колькасць парушэнняў з боку суддзяў падчас падрыхтоўкі і правядзення судовых пасяджэнняў; паднесці ролю судоў, як абаронцаў правоў чалавека.

Па выніках маніторынгу судоў, магілёўскія праваабаронцы выдалі „Шэрую кнігу”, дзе прыводзяцца абшырныя інфармацыі аб праведзенай працы са спісам прозвішчаў суддзяў, парушыўшых законы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Беларусі і правы чалавека.

Як сцвярджаюць аўтары „Шэрай кнігі”, у выніку праведзенага маніторынгу найбольш характэрнымі парушэннямі закону ў судах з’яўляецца тое, што 49% судовых пасяджэнняў пачыналіся са значнымі затрымкамі ў абвешчаным часе, а кожныя дзевяць з дзесяці судоў адбываліся не ў зале судовых пасяджэнняў, а „па-хатняму” — у кабінеце суддзі. Кожны дзесяты працэс адбываўся з удзелам адваката ці прадстаўніка падсуднага боку. Не вывешваецца інфармацыю аб часе і месцы разглядаемых спраў. Крымінальныя і адміністрацыйныя справы разглядаюцца ў судах з уклонам у бок абвінавачвання, што не адпавядае крытэрыям справядлівага суда. Падобна ў грамадзянскіх працэсах, калі адным з бакоў выступае дзяржаўны орган, арганізацыя або прадпрыемства, то суддзі займаюць бок прадстаўнікоў дзяржавы. Пакоі для арыштаваных і насупраць іх туалеты ў судах па сваіх умовах нагадваюць памяшканні для трымання быдла. У гэтых памяшканнях пануе антысанітарыя, адсутнічае вентыляцыя і асвятленне і г.д.

Як зазначыў дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтра Сяргей Абадоўскі, „праблемы, якія выявіў маніторынг павінна вырашаць улада. У іншым выпадку наша краіна ніколі не стане сябрам міжнароднага дэмакратычнага грамадства. Тут вельмі важную ролю павінны адыграць праваабаронцы — своеасаблівыя адвакаты свабоды, сённняшнія рыцары без страху. Менавіта праваабаронцы, кім бы яны не былі, ставяць перад сабою старажытную і вялікую мэту: данесці да ўлады праўду справядлівасці, якой бы горкай яна не была”.