Ніва № 20 (2401), 19 мая 2002 г.
У чым мяне не абвінавачваліРазмова з дырэктарам Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы Міколам БУШКАМ.— Раскол стаўся фактам. Калі гэтая размова з’явіцца ў друку, у Гайнаўцы пачнуцца Міжнародныя дні царкоўнай музыкі, а тыдзень пазней — XXI Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі пад Вашым кіраўніцтвам — без блаславенства мітрапаліта, без доступу да Свята-Троіцкага сабора, без прыхадскіх хораў. Якім тады будзе сёлетні фестываль? — Думаю, што гэта крышку інакш. Гэта два розныя мерапрыемствы. Царкоўныя дзеячы пры дапамозе бурмістра і старасты ладзяць новае мерапрыемства, у якім выступяць перад усім прыхадскія і некалькі свецкіх выключна праваслаўных хораў. Мы арганізуем XXI Фестываль, адкрыты для ўсіх. Дні, арганізаваныя выпрацаванымі намі на працягу 20 гадоў метадамі і па нашым узоры, з’яўляюцца відавочным плагіятам, паколькі ні мы, ні Рада фестывалю не пагадзіліся падпарадкаваць Міжнародны фестываль Яго Блажэнству Мітрапаліту. Ён робіць свой Фестываль, а прытым робіцца ўсё, каб нашага не было. Мы таксама лічым, што такога мерапрыемства нельга падпарадкаваць ні бурмістру, ні старасту, г.зн. ніякім палітыкам. Арганізаваны свецкімі арганізатарамі Фестываль павінен быць незалежны. Арганізацыю XXI Міжнароднага Фестывалю малітоўна падтрымлівае Усяленскі Канстанцінопальскі Патрыярх, які яшчэ ў мінулым годзе прыслаў сваё бласлаўленне. Мы таксама надалей просім бласлаўлення — малітоўнай падтрымкі ў Мітрапаліта Савы і Яго згоды на тое, каб наняць за грошы Сабор для правядзення конкурса і гала-канцэрта. Просяць таксама сотні гайнавян, якія будавалі сабор. Яны проста пытаюць, як можна забараніць царкву людзям, якія славяць Бога. Дзе тут талерантнасць, экуменія і любоў да бліжняга? Людзі гавораць, што царква не з’яўляецца ўласнасцю ні святароў, ні Мітрапаліта. А сёлетні Фестываль будзе такі, як апошнімі гадамі. Адбудзецца ён у днях 28 мая — 2 чэрвеня 2002 г. Праўда, без прыхадскіх хораў з Польшчы, якім забаранілі ўдзелу, але адкрыты для ўсіх. Будуць царкоўныя хоры з-за мяжы, але таксама хоры, у якіх спяваюць католікі, пратэстанты, свецкія хоры з Польшчы і адзінаццаці краін свету: Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Індыі, Літвы, Македоніі, Расіі, Украіны, Фінляндыі і Эстоніі. Канчатковую формулу пакажа сам Фестываль, таму што многія хоры мусяць пераадолець аграмадныя фінансавыя, арганізацыйныя, візавыя і іншыя складанасці. Адкрыццё Фестывалю (28 мая 2002 г.), конкурсная частка і першы гала-канцэрт адбудуцца ў Гайнаўцы. Праз чатыры дні царкоўнай музыкай любавацца будуць беластачане — 29, 31 мая і 1 чэрвеня бясплатна ў аўдыторыі палаца Браніцкіх і 2 чэрвеня за білетамі (купіць іх можна ў Беластоцкай філармоніі і Ваяводскім доме культуры) у Беластоцкай філармоніі ў час гала-канцэрта. Канцэртам 30 мая задаволім жыхароў Глівіц, 31 мая — Варшавы, а 29, 30 і 31 мая — кракавян. — У расколе абвінавачваюць Вас. Стараста Гайнаўскага павета сказаў „Часопісу”, што Вы зрабілі ўсё магчымае, каб Рада фестывалю спыніла сваё існаванне. Чаму Вы не хацелі супрацоўнічаць з Радай і ці гэта было сапраўднай прычынай расколу? Калі не, дык тады што? — У чым мяне пры арганізацыі Фестывалю на працягу 20 гадоў не абвінавачвалі. У 1983 годзе — сакратар партыі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, у 1986 — у спекуляцыі (на 2 дні да Фестывалю прыйшлося начаваць у арышце). У 1990-я гады абвінавачвалі ў тым, што я пасля вайны (калі я толькі што нарадзіўся) далучаў Беласточчыну да Беларусі. Былі таксама страшныя пагрозы маёй сям’і. Цяпер у раскольніцтве абвінавачваюць мяне людзі, якія якраз многа зрабілі для ўзнікнення склаўшайся сітуацыі. Стараста гаворыць няпраўду. У „Часопісе” гэта нічога ў параўнанні з хлуснёй, якую выказвае ў інтэрв’ю ў месячніку „Przeglad Prawoslawny”. Праўда абсалютна другая. Якраз я зрабіў усё, чаго хацела Рада. Мы згадзіліся на існаванне Рады, бо патрабаваў гэтага Мітрапаліт. Мела яна магчымасць аб усім рашаць і ўсё кантраляваць і прытым не несці ніякай адказнасці. Мы выконвалі ўсе яе загады. Рада спыніла сваю дзейнасць пасля таго, як Мітрапаліт стварыў Арганізацыйны камітэт Дзён царкоўнай музыкі, у які паклікаў 4 асобы з Рады фестывалю (2 святароў, старасту і бурмістра, які узначальваў у гэты момант Раду). Мы якраз устрымаліся ад голасу, калі галасавалі за яе роспуск. Думаю, што Рада ў той момант была ўжо непатрэбная тым, што яе стваралі. 31 студзеня 2001 г. мне ўдалося сустрэцца з Яго Блажэнствам Мітрапалітам Савам. Мы абмеркавалі ўсе фестывальныя справы і высветлілі ўсе сумненні. Я прыняў усе патрабаванні Царквы. Пацвердзілі гэта нават пісьмова. На жаль, пасля некалькіх дзён бурмістр, стараста і а. Негярэвіч гэтую дамову дзейсна заблакіравалі. Да гэтай пары мне не ўдалося (хаця я мнагакратна прасіў) сустрэцца з Уладыкам, каб хаця даведацца, чаму так сталася. Гэта давяло да сёлетняй сітуацыі. Галоўнай прычыны я не ведаю. Хаця калі невядома ў чым справа, то, мабыць, яна ў грашах, а дакладней у тым хто мае распараджацца фестывальным бюджэтам. — Арганізатары альтэрнатыўных Дзён ставяць Вам у закід камерцыялізацыю Фестывалю (касеты, кампакт-дыскі, тэлетрансляцыі) і дапусканне да рэпертуару твораў чужых праваслаўнай традыцыі. Наколькі яны сапраўдныя? — Гэта чарговая недарэчнасць. Галоўнай мэтай Фестываю была папулярызацыя царкоўнай музыкі. Цэлы свет робіць гэта шляхам выдавання касет, кампакт-дыскаў і (калі ўдасца) тэлетрансляцый. Дарэчы, першай справай, якую перанялі арганізатары Дзён — гэта тэлетрансляцыя, а таксама грошы з крыніц, якія былі даўно выпрацаваны намі. Думаю, што між іншым і таму не ўпускаюць наш Фестываль у царкву, каб тэлебачанне не трансліравала нашае мерапрыемства. Хачу сказаць, што за грошы, якія можна атрымаць ад продажу касет ці нават трансляцый нельга сарганізаваць Фестываль. Калі новыя Дні некамерцыйныя, дык нашто арганізатарам грошы. Лагічным было б, каб пасля такіх закідаў арганізатары Дзён не выпускалі таксама касет і не рабілі трансляцыі. Думаю, аднак, што будзе інакш. Мы таксама кансультавалі з прадстаўнікамі Царквы рэпертуар, які выконваўся ў час Фестывалю. Не ведаю, якія творы маюць на ўвазе мае абвінаваўцы і наколькі творы такіх кампазітараў як Пэндэрэцкі, Тавэнэр ці Твардоўскі чужыя праваслаўнай традыцыі. А можа гэта творы спяваныя (на мове, на якой размаўляў Ісус Хрыстос) індусамі — прадстаўнікамі адной з найстарэйшай у свеце Царквы, заснаванай св. Фамой. У выпадку сучасных кампазітараў можна мець нейкія сумненні, але такую насцярожанасць прад’яўлялі калісь слухачы да кампазітараў, якія цяпер лічацца класікамі царкоўнай музыкі, да Бартнянскага, Чайкоўскага ці Грачанінава. — Гайнаўскі дом культуры, які Вы ўзначальваеце, гэта гарадская ўстанова. Вы самі з’яўляецеся намеснікам старшыні Павятовай рады. Ці Ваш Фестываль пакарыстаецца падтрымкай гарадскога і павятовага бюджэтаў? — Так, сапраўды я з’яўляюся намеснікам старшыні Павятовай рады. Але нічога там не значу. Папаў я туды як прадстаўнік Беларускага выбарчага камітэта. Мелі мы таксама свайго прадстаўніка ў Павятовым праўленні. Цяпер, на жаль, не маем. Паветам абсалютна правіць СЛД. Горадам, можна сказаць, таксама. Бурмістр і стараста здаўна робяць усё, каб Фестываль пад нашым кіраўніцтвам перастаў існаваць. Яны паставілі недарэчны тэзіс і падтрымліваюць яго, што наш Фестываль і я (кавалер 2 ордэнаў св. Марыі Магдаліны) выступаем супраць Царквы. Для іх гэта ўжо выбарчая кампанія. Гайнавян ставяць пад сценкай: ты за кім, за Царквой, ці за Фестывалем Бушкі? Людзі гэтага баяцца. Адзін шанаваны гайнавянін сказаў: „Што з таго, што Вы маеце рацыю. Але яны маюць уладу”. Магчыма тады, што пры такім падыходзе мы не пакарыстаемся ні гарадскім, ні павятовым бюджэтамі. Грошы ад горада ці (ад 3 гадоў) ад павета былі важнымі, але не рашаючымі пры арганізацыі Фестывалю. Пра фінансавы бок ніколі не турбаваліся ні бурмістр, ні стараста, ні Рада Фестывалю. Гэта была праблема арганізатараў. — Кіраўнікі горада і павета не падтрымалі Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі. Якая тады далейшая перспектыва ў Вашага мерапрыемства? — Кіраўнікі горада і павета многа разоў заяўлялі, што ў Аргкамітэце Дзён царкоўнай музыкі апынуліся прыватна і без свайго ведама. Аднак прыватна і службова робяць усё, каб знішчыць наш Фестываль і нас, як яго арганізатараў. Тут яшчэ адзін кур’ёз. Сваёй дзейнасцю бурмістр выступае супраць суарганізатара Фестывалю — Гайнаўскага дома культуры, пра які мае службовы абавязак дбаць і яму дапамагаць. Будучыня пакажа як да справы паставяцца іх пераемнікі. Мы даўно заяўлялі, што калі ўлады горада не захочуць, каб МФЦМ існаваў у Гайнаўцы, што ён тут непатрэбны — будзе ён існаваць надалей у іншым горадзе. Хачу на канец заўважыць яшчэ, што мы не робім нічога новага. Мы робім усё як да гэтай пары. Усё, што прызнанае многімі: міністрам культуры, прэзідэнтам РП і на працягу 20 гадоў царкоўнымі ўладамі. І яшчэ адно. Можна забраць наш Фестываль, можна апаганіць і зацкаваць арганізатараў, але ніхто не адбярэ нам таго, што мы зрабілі за 20 гадоў для горада, рэгіёна, краіны і, таксама, для Царквы. — Дзякую за размову. Гутарыў Віталь ЛУБА
|