Ніва № 19 (2400), 12 мая 2002 г.

Беларусь у Encyklopedii multimedialnej

Яўген МІРАНОВІЧ

У апошніх гадах штораз часцей кніжкі, а асабліва энцыклапедыі, выпускаюцца ў электроннай форме. Кружэлка займае няшмат месца, а патрэбную інфармацыю можна знайсці вельмі хутка, перапісаць на дыскету, надрукаваць ці карыстацца ёю ў яшчэ іншай выгаднай форме. Нядаўна з’явілася ў продажы Encyklopedia multimedialna выдадзеная вядомым варшаўскім навуковым выдавецтвам ПВН. Можна там знайсці інфармацыю пра кожнае мястэчка ў Польшчы, экзатычныя краіны ў Афрыцы, абраднасць жыхароў Палінезіі ці Гвінеі. Найбольш увагі аўтары прысвяцілі „вялікаму брату”, значыць, Злучаным Штатам Амерыкі. Фактаграфічны матэрыял папаўняе там графічная і гукавая ілюстрацыя. Амерыканскім палітыкам, вучоным, артыстам выдавецтва прысвяціла больш месца чым сваім.

Пад тэрмінам Беларусь фіксуецца інфармацыя, што „od 1991 r. samodzielne panstwo, od 1996 r. we wspolnocie z Fedеracja Rosyjska. Tradycyjne rolnictwo, hodowla, lesnictwo na niskim poziomie, obecnie troche przemyslu, zachowali wiele tradycyjnego folkloru”. І гэта амаль усё.

Энцыклапедыя хаця не інфармуе пра Беларусь, але дасканала паказвае польскае бачанне суседняй краіны. Піша пра яе чалавек, веды якога пра Беларусь фарміраваліся пад уплывам прапаганды тэлебачання, радыёвяшчання ці штодзённай прэсы. На Беларусь, не толькі ў Польшчы, глядзяць праз прызму Аляксандра Лукашэнкі, які пастаянна кампраметуе краіну і народ, а прытым фармальна выйгрывае ўсе выбары. Праўдападобна 99,99 працэнтаў палякаў перакананыя ў тым, што ў суседняй краіне сапраўды прымітыўная калгасная гаспадарка. Аўтары шматлікіх публікацый пра Беларусь не хочуць нават прымаць да ведама, што больш за 70 працэнтаў насельніцтва Беларусі жыве ў гарадах, а гэта абазначае вышэйшы адсотак гарадскога насельніцтва чым у Польшчы, а Мінск па велічыні нічым не ўступае Варшаве. Параўноўваць гаспадарку Полшчы і Беларусі няма сэнсу таму, што ў Беларусі ўся прамысловасць дзяржаўная, а ў Польчшы — найчасцей у руках замежнага капіталу, фірмы існуюць толькі на паперы. Сельская гаспадарка ў Беларусі, пра якую так часта пішуць і гавораць варшаўскія, і не толькі, аўтарытэты навукі, палітыкі ці журналістыкі, мае маргінальнае значэнне. Аднак на падставе прапаганды ў лукашэнкаўскім тэлебачанні можа скласціся ўражанне, што ўсе жыхары краіны, ад прэзідэнта і прафесара Акадэміі навук да трактарыста і даяркі займаюцца пасяўной кампаніяй, жнівом і ўборкай буракоў. „Энцыклапедысты” з ПВН, якія павінны прадставіць аб’ектыўны вобраз суседняй краіны, прадставілі міфалагічную ўяву, стэрэатып, які не мае нічога супольнага з рэальнасцю. Нават традыцыйны фальклор, пра які ўспамінаюць аўтары энцыклапедыі, часцей выступае як форма культурнай палітыкі каланіяльнага, антыбеларускага рэжыму. У гарадах царыць, як і ў Польшчы ды ўсіх краінах сярэдняй і усходняй Еўропы, культура амерыканскага люмпенпралетарыяту.

Вобраз калгаснай, смешнай краіны пад назвай Беларусь пастаянна фарміруецца ў грамадскім мышленні грамадзян Польшчы. Прыклад электроннай энцыклапедыі найлепш паказвае гэтыя тэндэнцыі. Хаця гэты вобраз цалкам сфальшаваны, аднак менавіта ён стварае эмацыйныя адносіны да беларусаў у свеце. Адна з варшаўскіх інтэлектуалістак, якая правяла ў Мінску тры дні, расказвала пра гэты горад, быццам вярнулася яна з Афганістана. Бачыла яна пустыя прылаўкі ў крамах, знішчаныя дамы, дзіравыя дарогі. Хаця ў крамах Мінска той жа тавар, што і ў Варшаве, а дамы і вуліцы — у лепшым стане, мая знаёмая бачыла тое, што хацела бачыць. Клішэ Мінска прывезла яна з сабой пад чэрапам. Рэальны свет не змяніў закадаванага вобраза. Тры дні гэта надта мала, каб адмяніць вынікі шматгадовай прапаганды.