Ніва № 19 (2400), 12 мая 2002 г.

Шаснаццаць гадоў таму

Міра ЛУКША

Паехалі журналісты з Еўропы паглядзець, як там з тым Чарнобылем у Беларусі. Нічога, кажуць, няма, усё мана — не ўбачылі ні двухгаловых цялят ці куранят, ні яшчарак-мутантаў. Усё — мана і перабольшванне!

Тады ў камісіі па ліквідацыі вынікаў чарнобыльскай катастрофы, зараз жа пасля аварыі, два месяцы ў зоне працаваў Мікалай Крэчка, сёння пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Шаснаццаць гадоў пасля запрасіў ён журналістаў польскіх СМІ на прэс-канферэнцыю ў сядзібу амбасады. Пытанні. Адказы. Справа чарнобыльскае бяды — ці яна заглухла? — надалей пакутліва зніштажае цела і душу Беларусі і яе насельнікаў. А радыяцыя не ведае межаў. А ці ведае свет, як яно ў сапраўднасці?

Журналіст, здаецца, элітнага часопіса (бо ж называецца ён „Новыя эліты”) нават не арыентаваўся, дзе той Чарнобыль знаходзіцца; здавалася яму, што, вось, у Беларусі. І турбавала яго пытанне пра палітыку, а не людзей ці гаспадарку, а тым больш не экалагічна-псіхічны ўплыў разбурэння аграмаднае часткі аднае з найпрыгажэйшай часткі Беларусі разам з яе культурай. А пад нябачным уплывам пракляцця радыяцыі апынуліся немалыя кавалкі яшчэ і Украіны, і Расіі. Гэта адкінутыя зоны, хваробы, выкліканыя радыяцыяй (часам з запаволеным выяўленнем) у людзей і жывёл, забруджаныя харчы, атручаныя рэкі. 70 працэнтаў радыеактыўных ападкаў упала на Беларусь. Чацвёртая частка краіны забруджана радыенуклідамі. З ужытку выведзена 264 тысячы гектараў угоддзяў. Эканамічны ўбытак ад катастрофы ацэньваецца ў суму, эквівалентную 235 мільёнам долараў ЗША.

У забруджаных рэгіёнах Беларусі жыве каля 2 мільёнаў людзей, у тым больш за 400 тыс. дзяцей. У параўнанні з дааварыйным часам, захворванне ракам шчытавідкі сярод дзяцей Беларусі павысілася ў 33,6 раз, сярод дарослых — у 2,5-7 раз. Найбольш хварэюць жыхары Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Рэгіструецца шмат хвароб нервовай і эндакрыналагічнай сістэм, недаразвіцця, прыроджаных парокаў, цэлы „беларускі букет” нямогласцей.

Уся Беларусь падымае маштабныя высілкі звязаныя з пераадоленнем медычных паслядоўнасцей катастрофы, эканамічным і сацыяльным абнаўленнем пацярпеўшых тэрыторый і сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыяй насялення, рэалізуецца Нацыянальная праграма па мінімалізацыі паслядоўнасцей Чарнобыля. Патрабуе гэта значнага фінансавання з дзяржаўнага бюджэту, якога магчымасці абмежаваны. У 1991-2001 гг. у Беларусі на гэтыя мэты была выдадзена сума, эквівалентная 12,7 млрд. долараў. Дзякуючы гэтаму ўдалося вырашыць самыя неадкладныя справы. Аднак страты нанесеныя катастрофай непараўнальныя з эканамічным і тэхналагічным патэнцыялам краіны. Беларусь праводзіць актыўную лінію супрацоўніцтва з іншымі краінамі, міждзяржаўнымі і пазаўрадавымі арганізацыямі ў вырашэнні гэтых заданняў. Сёння Беларусі ў тым дапамагаюць тры дзяржавы на двухбаковай аснове, а ААН і Еўрасаюз — у шматбаковым фармаце. Гэта дапамога здымае нагрузку на нацыянальны бюджэт, але далёка не адпавядае патрэбам, а таксама палітычнаму мандату, акрэсленаму рэзалюцыяй № 56/109 Генеральнай Асамблеі ААН.

Краінай, якая аказвае найбольшую дапамогу Беларусі, з’яўляецца Расія, паколькі праблема мінімалізацыі паслядоўнасцей катастрофы — супольная. Шмат дапамагае, напрыклад, Італія, якая прымала 25-45 тысяч дзяцей на аздараўленне (Польшча дапамагла тысячы дзяцей, пару дзесяткаў сірот з дзетдомаў было ўсыноўлена польскімі сем’ямі)...

Журналісты вяртаюцца зноў да пытанняў палітычных. Найбольш актыўны ўсё той з польскага „элітнага” часопіса, які не ведае, дзе што ў Еўропе знаходзіцца, але гатовы даваць карысныя парады пра тое, што рабіць, каб у Беларусі было лепш жыць.