Ніва № 19 (2400), 12 мая 2002 г.

Што скажам анкецёрам?

Шаноўнае спадарства!

На пераломе мая і чэрвеня 2002 г. анкецёры Нацыянальнага ўсеагульнага перапісу насельніцтва і кватэр у ліку многіх пытанняў запытаюць пра нашу нацыянальнасць і мову (мовы), якімі мы карыстаемся.

Перапісныя даныя з’яўляюцца сакрэтнымі і асабліва ахоўваюцца, а ў ходзе апрацоўкі вынікаў будуць знішчаны.

Як мы, праваслаўныя, спадчыннікі шматвяковай культуры і рэлігіі стагоддзямі называнай „рускай” адкажам анкецёрам?

Ці сумеем назваць сваю культурную, нацыянальную прыналежнасць беларускай?

Не блытайма польскага грамадзянства з нацыянальнасцю.

Не адракаймася нашых продкаў!

Без хістання назавійма нашу нацыянальнасць беларускай.

Зварот на рэпрадукаванай лістоўцы, поўны тэкст якога друкуем побач у перакладзе на беларускую мову, падпісалі святары, дзеячы беларускіх і праваслаўных арганізацый, навукоўцы, літаратары, настаўнікі, журналісты і самаўрадаўцы. Мы перакананы ў тым, што нашы чытачы не маюць сумненняў, што адказаць анкецёрам, але будуць іх мець многія нашы суродзічы. Таму звяртаемся да Вас, дарагія чытачы, з заклікам пасадзейнічаць у давядзенні яе зместу да Вашых блізкіх і знаёмых. Калі сустрэнеце кальпарцёра, дапамажыце яму ў распаўсюджанні лістоўкі. Ад гэтага залежыць будзе ці заіснуем як згуртаваная шматлікая беларуская нацыянальная меншасць, ці як жменька аматараў беларушчыны.

РЭДАКЦЫЯ