Ніва № 18 (2399), 5 мая 2002 г.

Сяляне і Еўрасаюз

Аляксей МАРОЗ

Вядуцца перамовы ў справе далучэння Польшчы да Еўрасаюза і ўмоў, якія будуць абавязваць нашу краіну. Пацікавіўся я, ці гаспадары беларускіх вёсак хацелі б, каб Польшча ўступіла ў Еўрасаюз і як яны ацэньваюць прапановы ў галіне сельскай гаспадаркі.

Марыя Германовіч з Махнатага, якая з мужам гаспадараць на 30 гектарах зямлі і гадуюць 17 кароў

— У Еўрасаюзе будзе горш. Калі б стварылі нам такія ўмовы, як членам Еўрасаюза і далі такія самыя даплаты нашым гаспадарам як сваім, то можа і лепш было б нам гаспадарыць, чым цяпер. Аднак, абяцаюць нам 25% датацый, якія атрымліваюць сяляне краін Еўрасаюза і зраўнанне іх толькі праз 10 гадоў. Няроўныя даплаты паўплываюць на цану, напрыклад, збожжа. Нашае цяжка будзе прадаць, бо яно будзе даражэйшае. Цяпер усе сродкі прадукцыі і аховы раслін даражэюць, а цэны на сельгаспрадукты не павышаюцца і таму няма сродкаў на дастасоўванне нашых гаспадарак да патрабаванняў Еўрасаюза. На датацыі з Еўропы не спадзяемся. Можа нейкія добрыя гаспадары і будуць мець карысць, але меншыя гаспадаркі абанкруцяцца. У нашай вёсцы выдатная большасць гаспадароў ва ўзросце звыш сарака гадоў, то яны танных крэдытаў не атрымаюць, каб мадэрнізаваць свае гаспадаркі. Адзін гаспадар зрабіў план будовы аборы і зараз трэба перарабляць дакументацыю, бо план не адпавядае патрабаванням Еўрасаюза. Пачнуць устанаўліваць колькі трэба харчоў і калі нехта больш выпрадукуе, то не будзе мог прадаць.

Уладзімір Нічыпарук з Чыжык, які гаспадарыць на 35 гектарах і гадуе 14 кароў

— Гаспадары нашы супраць уваходу Польшчы ў Еўрасаюз. Калі ўвойдзем, нічога пэўнага не будзе. Увядуць ліміты малака і калі нехта больш выпрадукуе, то не будуць браць. А малако — галоўная крыніца прыбытку ў гаспадарцы. Да 2006 года трэба падрыхтаваць адпаведныя месцы да даення кароў. Калі старэйшыя гаспадары не дастасуюцца да гэтых умоў, не будуць браць у іх малака. Калі не будзе такіх даплат да прадукцыі збожжа, як у Еўрасаюзе, тады яна не будзе рэнтабельнай.

Пётр Галёнка з Дубіч-Асочных

— Многа нам з Еўрасаюза не дадуць, бо мусілі б сабе многа забраць. На вёсках людзі адмоўна ацэньваюць еўрасаюзныя прапановы, а хваляць камуну, пры якой найсалодшае жыццё было. Купіў я тады трактар і сельскагаспадарчыя машыны, а цяпер на „рострасе” езджу.