Ніва № 18 (2399), 5 мая 2002 г.

Закон, перапіс і выбары

Міхась ХМЯЛЕЎСКІ

На жаль, бываюць у нас такія пленарныя пасяджэнні, якія распачынаюцца ўшанаваннем памяці памерлага. Так было і на апошнім пленуме ГП БГКТ 14 красавіка г.г. Старшыня ГП Ян Сычэўскі паведаміў аб смерці Алеся Раманюка, таленавітага саліста Дубяжынскага хора, шматгадовага ўдзельніка раённых і цэнтральных конкурсаў „Беларуская песня”. Удзельнікі пленума ўшанавалі памяць аб ім хвілінай цішыні.

У першым пункце пленума разглядалася дзейнасць БГКТ у 2002 годзе ў кантэксце дафінансавання яго Міністэрствам культуры, а ў сапраўднасці грашыма атрыманымі ад падаткаплацельшчыкаў, у тым ліку і беларусаў. Новы міністр культуры запланаваў сціплы бюджэт для нацыянальных меншасцей, які не дае магчымасці працягваць дзейнасць. Таму ўсе нацыянальныя меншасці адным голасам загаварылі аб незразумелых тэндэнцыях міністра і сталі моцна крытыкаваць яго адносіны да нацыянальных меншасцей. Гэта часткова дало вынік. Бюджэт для нацыянальных меншасцей будзе ніжэйшы чым мінулагодні, які таксама далёкі быў ад патрэб, але не так ужо безнадзейны. БГКТ праўдападобна атрымае дафінансаванне культурна-асветных мерапрыемстваў на 20 працэнтаў меншае. Старшыня ГП БГКТ з удзячнасцю падкрэсліў дапамогу спонсараў і самаўрадаў, якія дафінансоўвалі многія мерапрыемствы і выказаў перакананне, што так будзе і ў гэтым годзе.

Затым сакратар ГП Валянціна Ласкевіч паінфармавала пра здзейсненыя ўжо мерапрыемствы і планы да канца года. Далей яна запрапанавала склад камісій: культуры, асветы і выдавецкай.

Наступным пунктам парадку дня пленума была інфармацыя старшыні ГП аб праблемах нацыянальных меншасцей у працах цэнтральных улад Польшчы. Урад ужо 12 год працуе над праектам Закона аб нацыянальных меншасцях. Калі ён убачыць свет, вельмі цяжка сказаць. Апошняя дэбата над праектам закона, паводле пасла Яўгена Чыквіна, паказала, што некаторыя палітыкі лічаць, каб да беларусаў і ўкраінцаў у Польшчы прымяняць прынцып узаемнасці — значыць, іх правы паставіць у залежнасць ад адносін улад Беларусі ці Украіны да пражываючых там палякаў.

Пабыўка на Беласточчыне заступніка грамадзянскіх правоў Анджэя Цоля, які спаткаўся з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей нічога не дала. Адзінае што кранулася з месца — гэта адмяненне забароны былога падляшскага ваяводы пабудовы помніка ў Бельску-Падляшскім замучаным бандай „Бурага”.

Удзельнікі пленума шмат увагі адвялі набліжаючамуся ўсеагульнаму перапісу насельніцтва, у якім будзе ставіцца пытанне пра нацыянальнасць. Існуюць апасенні, што многія беларусы не скажуць праўды аб сваім нацыянальным паходжанні і будуць падаваць, што яны польскай нацыянальнасці. А гэта таму, што панавала і пануе непрыхільнасць у многіх мясцовасцях і некаторых установах да праваслаўных. Схіліць людзей сказаць праўду аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці дапамагчы можа Царква. І ў гэтай справе ГП БГКТ звернецца з просьбай да царкоўных улад і святароў.

Найшырэйшую дыскусію выклікаў 4 пункт парадку дня аб падрыхтоўцы БГКТ да выбараў у самаўправы; а менавіта з кім ісці да выбараў, з якімі партыямі. У гэтай справе былі розныя выказванні.

Пераважала думка, што аддзелы БГКТ павінны паступіць у залежнасці ад мясцовых варункаў, як мага больш увесці кандыдатаў на радных з членаў і сімпатыкаў БГКТ.

Падчас бурлівай дыскусіі Ян Зенюк заявіў, што ад імя Праваслаўнага брацтва будзе ён кандыдаваць у Ваяводскі сеймік. Удзельнікі пленума прынялі пастанову, каб ад імя ГП БГКТ у Ваяводскі сеймік кандыдаваў Ян Сычэўскі.

Пленум адобрыў таксама план дзейнасці БГКТ на 2002 год.