Ніва № 18 (2399), 5 мая 2002 г.

Чым для мяне ёсць Радзіма

Аляксей ДЗЯДАК

Не ведаю, але некаторыя можа ўжо задумваліся над гэтым. Можа некаторым здаецца, што беларускасць памірае, што гэта вялікі перажытак. Можа хтосьці сароміцца прызнацца да беларускасці праз тое, які вобраз прыносяць сродкі масавай інфармацыі. Несумненна, што сярод беларускай меншасці ёсць і такія, якія ўсім сэрцам кахаюць свой народ, культуру, Край. Але гэтыя словы я хачу накіраваць перад усім да тых, якія маюць сумненні.

Нядаўна я вярнуўся з Мінска, майго роднага горада і пасля побыту там у мяне засталіся непаўторныя ўражанні. Можа гэтыя словы занадта гучныя, але сапраўды варта адведаць гэты горад, які для мяне — адзін з прыгажэйшых. Асабліва ўвечары, калі ўключаецца падсвятленне будынкаў на двух галоўных праспектах (і не толькі). Здаецца, што ўсе яны збудаваны з лёду. Уражвае таксама колькасць шпацыруючых. Тлумы, хіба большыя чымсьці ўдзень. Часта можна ўбачыць моладзь з гітарамі. Памятаю як у адным з бульвараў групка маладых спявала „Тры чарапахі” НРМа.

А як шмат усяго будуецца! Дарогі, жылыя дамы і г.д. У маім раёне раскапалі хіба некалькі гектараў. Хачу гэтым сказаць толькі, што і Беларусь развіваецца, канешне цяжкасці таксама сустракаюцца, але не ёсць так дрэнна. Хтосьці мог бы тут сказаць, што ацэньваю толькі па сталіцы. Добра, але звярніце ўвагу на Гродна, яно таксама на вачах прыгажэе. Колькі адрэстаўрыравана, колькі рэстаўруецца.

Яшчэ хочацца звярнуць увагу на найбольш цяжкую праблему, менавіта мову. Беларусам Беласточчыны цяжка зразумець тое, што беларусы ў Беларусі (як гэта цікава гучыць!) у пераважнай колькасці не размаўляюць на сваёй роднай мове. Мне здаецца, што найбольш вінаваты не яны, але тыя, якія калісьці давялі да такой сітуацыі. Сёння няма чаму здзіўляцца, што ўсюды гучыць руская мова, людзі проста прызвычаіліся да яе. А ці ўсе польскія беларусы размаўляюць паміж сабой па-беларуску?

Мне таксама здаецца, што кожны народ, які апынуўся б у такой гістарычнай сітуацыі як беларусы, таксама часткова страціў бы сваю мову. Вінаватая тут гісторыя, не народ. Хоць з другога боку добра было б, каб родная мова больш „рэкламавалася”, каб увайшла ў моду, закаранілася. Варта дадаць і тое, што калі хтосьці размаўляе па-расейску не сведчыць аб тым, што не ведае сваю мову, ці не кахае Радзіму.

Ёсць яшчэ штосьці таксама дарагое як мова, гэта — душа. Яна ёсць ува ўсім народзе і яе можна сапраўды пачуць!