Ніва № 18 (2399), 5 мая 2002 г.
Патрэбны рапарт аб пушчыАляксей МАРОЗКальман Мішэй, дырэктар рэгіянальнага бюро Праграмы развіцця ААН па Еўропе і краінах СНД, якая з’яўляецца самай вялікай агендай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 20 красавіка сустрэўся ў Гайнаўцы з бурмістрамі і войтамі Гайнаўшчыны, чыноўнікамі Падляшскай ваяводскай управы, прадстаўнікамі Белавежскага нацыянальнага парку і леснікамі. Тэмай спаткання былі магчымасці дапамогі ў ахове Белавежскай пушчы і вырашэнні грамадскіх праблем, якія турбуюць жыхароў Гайнаўшчыны. ПРААН займаецца шматбаковай дапамогай у карысць ураўнаважанага грамадскага развіцця і аховы асяроддзя, спалучаных з элементамі гаспадарчага росту. У пачатку спаткання прысутны былі падляшскі ваявода Марэк Стшалінскі і яго намеснік Ежы Паўяновіч. Раней госць спаткаўся з прадстаўнікамі польскага ўрада.Ваявода Марэк Стшалінскі звярнуў увагу на патрэбу аховы Белавежскай пушчы і неабходнасць вырашэння на Гайнаўшчыне грамадскіх праблем. Стараста Уладзімір Пятрочук выказаўся за падпісанне новага кантракта для Белавежскай пушчы, у якім павінны быць акрэслены абавязкі ўрада і мясцовых самаўрадаў і іх правы. Адмоўна ацаніў ранейшы кантракт, які быў аднабаковай дамовай і таму не даў чаканых рэзультатаў. Самаўрадам не хапае сродкаў для самастойнага вырашэння справы аховы Белавежскай пушчы, ліквідацыі адкідаў і мінімалізацыі забруджвання паветра. Войт Нарваўскай гміны Якуб Садоўскі адзначыў, што агратурызм і турызм без інфраструктурных інвестыцый не дадуць дастатковай колькасці месц працы. Прапанаваў шукаць сродкі на пракладку водаправодаў, каналізацыі і дарог. Дырэктар Кальман Мішэй і выконваючы абавязкі пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Польшчы Павел Гжэсік паінфармавалі пра дзейнасць іх агенды ў Польшчы і краінах былога Савецкага Саюза, якая вядзе актыўную дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і можа дапамагаць рэалізаваць праграмы, якія будуць абымаць абшары Польшчы і Беларусі. Зрабілі яны агаворку, што мясцовыя ўлады не павінны спадзявацца ад іх непасрэднай фінансавай падтрымкі, а толькі дарадчай дапамогі ў апрацоўванні праектаў і шуканні інвестараў. Бурмістр Гайнаўкі Анатоль Ахрыцюк выступаючы як старшыня Саюза гмін Белавежскай пушчы, звярнуўся да гасцей з заклікам дапамагчы ў падрыхтоўцы комплекснага рапарта аб небяспеках для аховы пушчы і напрамках паляпшэння аховы асяроддзя. Указаў ён на патрэбу газіфікацыі пушчанскага рэгіёна, рэалізацыі праграмы ліквідацыі адкідаў і аховы паветра. Бурмістр прапанаваў выканаць фінансавыя планы і дапамагчы знайсці спонсараў, патрэбных для рэалізацыі праектаў. Дырэктар Кальман Мішэй і прадстаўнік ПРААН на Польшчу Павел Гжэсік станоўча ацанілі магчымасці рэалізацыі прапаноў бурмістра Гайнаўкі. Прысутныя рашыліся на стварэнне рабочай групы з прадстаўнікоў самаўрадаў Гайнаўшчыны і спецыялістаў з ПРААН для падрабязнага разгляду прапаноў бурмістра. Прадстаўнікі Падляшскай ваяводскай управы прапанавалі распрацаваць праект ачышчэння Семяноўскага вадасховішча і абмежавання беспрацоўя, але іх прапановы будуць разглядацца ў будучыні. Пасля спаткання ў Гайнаўцы госці паехалі ў Белавежскую пушчу. Пабывалі яны ў Музеі Белавежскага нацыянальнага парку і Паказным запаведніку зуброў.
|