Ніва № 16 (2397), 21 красавіка 2002 г.

Беларусь павінна быць беларускай!

Ян АБАДОЎСКІ

Мова — гэта душа нашай нацыі, адлюстраванне нашага розуму і нашага беларускага сэрца, наша самасвядомасць. Без беларускай мовы мы, беларусы — не беларусы, а наша Беларусь — не Беларусь!

Нядаўна ва ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень у 1999 годзе ўвяла Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА з мэтай захавання моў, якія апынуліся на мяжы знікнення. У Беларусі, якая з’яўляецца сябрам ЮНЕСКА, Міжнародны дзень роднай мовы не адзначаўся. І гэта пры тым, што на сённяшні дзень толькі 29% вучняў-беларусаў вучацца ў школах па-беларуску, а за кожную беларускую школу, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш і менш, настойліва змагаюцца толькі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны ды беларускія газеты, якія можна пералічыць на пальцах. А што рэшта?

Чаму беларусы так абыякава ставяцца да сваёй старажытнай мовы? Чаму не хочуць вярнуцца да сваіх нацыянальных вытокаў? Хіба таму, што адна з самых галоўных прычын такіх паводзін сённяшніх беларусаў у тым, што яны не разумеюць, нашто трэба адраджаць беларускую мову. Рускую мову — лічаць яны — усе ведаюць, на ёй выдадзена і выдаецца вялікая колькасць першакласнай літаратуры, газет, часопісаў. Гэта ў асноўным мова радыё і тэлебачання, на ёй размаўляе многамільённая Расія, яе вывучаюць у свеце. А што будзе, калі беларусы пяройдуць на беларускую мову? Мы ж самі сябе ізаліруем ад навукі, культуры, палітыкі. На беларускай мове далёка не ўсе навуковыя тэрміны распрацаваны, не кажучы ўжо аб агульнай перакладзенай інфармацыі. Ды і ў свеце гэтай мовы амаль ніхто не ведае. На самай Беларусі людзі могуць размаўляць на бытавым узроўні. Так, што з лепшай рускай мовы пераходзіць на дрэнную беларускую? Праўда ж?

Цікава, што сярод беларусаў вялікая колькасць і тых, якія зусім не супраць адраджэння беларускай мовы. Родную мову, кажуць яны, трэба вывучаць, ведаць яе. Але нашто адмаўляцца ад рускай мовы. Няхай кожны размаўляе на мове, на якой хоча. А яшчэ за размову на беларускай мове можна трапіць на пастарунак альбо на „суткі”. Дык нашто рызыкаваць?

Гэта пазіцыя большага або меншага непрыняцця дэрусіфікацыі Беларусі. У аснове яе ляжыць тэзіс: я не хачу, каб замест рускай мовы ў нас усе перайшлі на беларускую.

Што наконт „брацкага адзінства” Беларусі і Расіі, якое так настойліва рэкламуе ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі беларускі рэжым, дык у нас сярод братоў не толькі рускія, але і ўкраінцы, палякі, чэхі і іншыя славяне...

У гісторыі чалавецтва не так мала прыкладаў, калі народы вызваліліся ад навязанай ім чужой мовы і вярталіся да сваёй роднай. Гэтак у пачатку XX стагоддзя зрабілі чэхі, у гарадах якіх паўсюдна была нямецкая мова. Праз гэта праходзілі венгры, нарвежцы і іншыя народы. Ва ўсіх народаў — вялікіх і малых — менавіта родная мова стаіць на першым месцы. Выключэннем з’яўляемся мы — беларусы.

Беларуская мова на Беларусі, як гэта не трагічна сказаць, практычна адсутнічае. Яна захавалася ў мове невялікай беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, у мове простых людзей на вёсках („трасянка”), ды на шыльдах крамаў і ў друку пасля расейскамоўнага тэксту. Газеты, якія ў час Савецкай Беларусі друкавалі па-беларуску, зараз перайшлі на рускую мову, ва ўсіх дзяржаўных установах карыстаюцца толькі рускай мовай. Словам, у гарадах паўсюдна руская мова.

З так званым „двухмоўем”, за якое калісьці прагаласавалі грамадзяне Беларусі, ніякім чынам нельга пагадзіцца, таму што яно не на карысць нашай роднай беларускай мове. Пра якое мірнае існаванне дзвюх моў можна казаць, калі ў гарадах Беларусі пануе руская мова? Калі абыякава ставіцца да гэтага становішча, дык гэта ў хуткім часе прывядзе да таго, што беларуская мова пяройдзе ў рад мёртвых моў, як латынь ці мова палабскіх славян. Таму сённяшняе двухмоўе можа незаўважна перайсці ў рускае аднамоўе. Хтосьці можа казаць, што мова не ёсць паказчыкам нацыянальнай свядомасці і што можна быць беларускім патрыётам, не ведаючы сваёй роднай мовы. Гэта, канешне, здараецца. Але ў такім выпадку беларус адыходзіць ад сваіх продкаў, ад сваёй вялікай гісторыі, ад багатай літаратуры, ад самабытнай народнай песні. Чалавек губляе нацыянальны падмурак, губляе свае карані.

Калі існуе мова, як асноўны падмурак нацыі — будзе жыць і народ. І не трэба крычаць і казаць на мяне, што я „нацыяналіст”, „фашыст”, ці „русафоб”. Гэта прыклад палітычнай дэмагогіі і нізкай культуры, якія сёння нічога не даюць. Справа павагі да саміх сябе. Павага і самапавага — вось чаго не хапае сённяшнім беларусам. А гэта значыць: кіравацца свядомасцю сваёй нацыі, а не быць падуладным чужых ідэй, чужога вобразу жыцця, чужой ментальнасці. Адраджэнне нашай мовы зойме шмат часу і старанняў. Але без актыўнай падтрымкі саміх беларусаў мова проста не падымецца з кален. Усе беларусы павінны зразумець, што дэрусіфікацыя Беларусі ў будучыні гэта пытанне быць або не быць беларускай мове. Беларускасць павінна вярнуцца ў нашае „абрусеўшае” жыццё, бо ніякай іншай, чым беларускай, наша дзяржава, Беларусь, быць не можа.