Ніва № 16 (2397), 21 красавіка 2002 г.

Вакол пытання пра нацыянальнасць

Віктар АЎСЯЙЧУК

Пытанне пра нацыянальнасць не толькі непатрэбнае, але і шкоднае. Быццам бы яно нявіннае, але скрывае ў сабе тую нотку ўсяго зла, якое праявілася ў спрэчках за манастыр, помнікі ці на выбарах 1997 і 2001 гадоў. Водгукі гэтых здарэнняў надта свежыя і нявырашаны. Выклікалі яны такія ці іншыя боязі, эмоцыі, падобныя на тыя, якія з’явіліся напярэдадні ўсеагульнага перапісу насельніцтва. Сёння запытаюць пра нацыянальнасць, а заўтра — пра веравызнанне. Divide et impera. У чым заключаецца сутнасць праблемы? Гаворыцца, што ў нас дэмакратыя, але ці сапраўды яно так? Адказ на гэтае пытанне складаны. Дэмакратыя — сістэма, у якой грамадзяне, нягледзячы на паходжанне, веравызнанне, колер скуры ў ходзе свабодных выбараў выбіраюць уладу, якая кіруе па волі большасці выбаршчыкаў, зважаючы на правы нацыянальных і рэлігійных меншасцей, каб усе людзі жылі згодна.

Грамадскім фактарам і шанцам на выпраўленне становішча меншасцей з’яўляецца развіццё адкрытага грамадства — гаранта дэмакратыі і здольнасці пераадольвання цывілізацыйных пытанняў. Неабходна стварыць адпаведныя ўмовы, каб людзі вучыліся адкрытаму грамадству, удзельнічалі ў яго будове. У адкрытым грамадстве чалавек не з’яўляецца аб’ектам, а толькі суб’ектам. Міжнародным дакументам, які рэгулюе ахову правоў чалавека, з’яўляецца ААНаўская дэкларацыя ў справе асоб, якія належаць да нацыянальных, этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей ад 1992 г., якая да гэтай пары парламентам Польшчы не ратыфікавалася. У ёй адназначна сказана: дзяржава, якая гарантуе грамадзянам поўную бяспеку, мае права патрабаваць ад іх лаяльнасці і наадварот — лаяльны грамадзянін мае права патрабаваць гарантыю бяспекі. Ратыфікацыя гэтай дэкларацыі вырашыць усе далікатныя пытанні. Пазбяганне яе ратыфікацыі пад прычынай абавязвання ў Польшчы падобных законаў і існавання адпаведных устаноў — гэта адгаворка. У выніку ўзнікне чарговы дакумент або чарговая мёртвая, паказная цэнтральная ўстанова, якая абцяжарыць і так драматычны бюджэт дзяржавы. А праблема застанецца нявырашанай. Нацыянальныя меншасці далей застануцца ў нявыгадным становішчы „роўнага сярод раўнейшых”. Фінансавыя датацыі на грамадска-культурную дзейнасць нацыянальных меншасцей гэта не ласка, толькі абавязак. Меншасці таксама плацяць падаткі і маюць права імі карыстацца.

Калі б папярэдняя правячая групоўка выканала жэст добрай волі ў адрас меншасцей, не было б цяпер столькі боязі, а нават страху. Пытанне пра нацыянальнасць, каб стварыць банк даных аб нацыянальных меншасцях, неабходных у перамовах з Еўрасаюзам, неабгрунтаваны ў святле нератыфікавання згаданай дэкларацыі. Канстытуцыя РП не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека і грамадзяніна, як гэта мае месца ў шэрагу канстытуцый у дэмакратычных і грамадзянскіх краінах.