Ніва № 16 (2397), 21 красавіка 2002 г.

Прадвесне ў Беларусі

Яўген МІРАНОВІЧ

Ад дзесяці гадоў палітычная вясна ў Беларусі пачынаецца 25 сакавіка. Два тыдні пасля гэтай даты, калі я пабываў у Мінску, вяліся там яшчэ жывыя дыскусіі наконт тактыкі паасобных груповак, якія ў гэты дзень, кожная паасобку, арганізавалі шэсці, мітынгі і дэманстрацыі. Нішто не паказвае, што ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе беларуская апазіцыя выйдзе разам на вуліцу дамагацца хаця б свабоды і дэмакратыі. Нават у гэтай справе няма згоды ці можна выйсці разам з палітычнай канкурэнцыяй, найчасцей з ранейшымі партыйнымі калегамі. Дзеячы падазраюць адзін аднаго ў карумпаванасці, прадажнасці ці гэта заходнім, ці расійска-лукашэнкаўскім спецслужбам. Сярод апазіцыі не відаць аўтарытэтных людзей, якія маглі б пацягнуць за сабой штораз больш фрустраваны натоўп. Няма там нават палітыка накшталт польскага Лепэра, які прыняў бы спробу пераскочыць дэмагогіяй прэзідэнта Лукашэнку.

У суседняй Украіне адбыліся амаль дэмакратычныя выбары. У тамашнім Вярхоўным Савеце апынуліся людзі некалькіх палітычных арыентацый, — гавораць мінскія інтэлектуалы. А ў нас што? — пытаюць, бездапаможна разводзячы рукамі. А што вы зрабілі каб было інакш? — пытаюся. Адказы плывуць так складаныя, што ў сапраўднасці няма адказаў. Славутыя вучоныя, якія свабодна валодаюць беларускай мовай, невядома чаму звяртаюцца да сваіх аспірантаў па-руску, кніжкі выдаюць амаль выключна на той жа мове. Пасля чамусьці здзіўляюцца, што ў краіне няма ніякай нармальнасці. На шызафрэнічных паводзінах элітаў ніколі не выхаваецца здаровае грамадства. Трэба, аднак, адзначыць заўважальны прагрэс. Апошнім часам, напрыклад, на канферэнцыях гісторыкаў дамінуе беларуская мова. Часам толькі русіфікаваны студэнт ці аспірант карыстаецца адзінай для яго вядомай дзяржаўнай мовай, значыць, рускай. Здараецца таксама, што шафёр аўтобуса звяртаецца да пасажыраў на беларускай. Хаця гэта і рэдкасць, але падобныя факты паказваюць, што русіфікацыя, якая праводзіцца рэжымам, выклікае ў некаторых грамадзян Беларусі рэакцыю пасіўнага супраціўлення.

Гаспадарчы правал на Беларусі, які прадбачвалі заходнія аналітыкі і каментатары, не адбудзецца. Дэмагагічная рыторыка прэзідэнта пра ахову сацыяльных правоў найбяднейшых не мае адлюстравання ў дзейнасці дзяржаўнага праўлення. Дзяржава скарачае фінансаванне не толькі сацыяльнай зоны, але таксама выдаткаў на культуру, навуку, датацыі для дэфіцытных прадпрыемстваў. Зафіксаванае беспрацоўе выступае здаўна, але ніхто не ведае яго рэальнага стану. Паводле канкрэтных рашэнняў адміністрацыі выглядае, што ў краіне зашмат настаўнікаў, інжынераў а нават вучоных, або інакш валодаюць яны ведамі, якія сёння мала каму патрэбны. Гэта праблема ўжо раней узнікла ў Польшчы, але пакуль што ратуе рынак працы вучоных мода на вышэйшую адукацыю, а дакладней на дыплом вышэйшай навуковай установы. У Беларусі такой арганізацыі прыватнага школьніцтва няма і таму бліжэйшая будучыня ўсялякіх дацэнтаў выглядае даволі цьмяна. Капіталізм накшталт піначэтаўскага, які спрабуе навесці адміністрацыя, парадкуе эканоміку, выклікае аднак расчараванне сацыялістычнага грамадства. Няшмат дапамагае ўжо традыцыйная прапаганда, якой ужо мала хто давярае.

Лукашэнкаўскае праўленне вырашыла таксама правесці санацыю сярод пісьменнікаў. Гэтае асяроддзе аказалася надта незалежным, не было дастатковай колькасці ахвотных праслаўляць Бацьку Нацыі, як раней Вялікага Сталіна. Малодшае пакаленне Лукамола (Беларускага патрыятычнага саюза моладзі) аказалася зборышчам цынічных кар’ерыстаў, няздольных да якога-небудзь ідэйнага змагання. Таму ўлады дайшлі спачатку да вываду, што трэба дысцыплінаваць існуючае літаратурнае асяроддзе шляхам пазбаўлення памяшканняў, абмежавання датацый на друк і ўсялякіх фінансавых авансаў, дазваляючых на забеспячэнне асноўных сацыяльных патрэб. Усё гэта прынесла свой плён у выглядзе расколу ў Саюзе пісьменнікаў і ўзнікнення фракцыі гатовай ісці на кампраміс з рэжымам.

Найбольшае здзіўленне ў мяне выклікала аднак чаканне звычайных людзей, не заангажаваных у ніякую дзейнасць, якіх-небудзь змен. Раней усё часцей можна было пачуць стары беларускі лозунг: „Каб не было горш”. Цяпер пасля ўсіх выбараў ці псеўдавыбараў — парламенцкіх і прэзідэнцкіх — людзі ставяць пытанне: „Калі гэта ўсё скончыцца”. Пытанне гэта аднак не мае свайго адрасата. Бясспрэчная перамога Лукашэнкі на ўсіх выбарах выклікала як бы сіндром пераканання пра яго вечнасць. Тым больш, што не відаць для яго ніякай альтэрнатывы. Такога песімізму даўно ўжо не адчувалася ў Беларусі.

Немагчыма прадбачыць бліжэйшую будучыню краіны. Палітычная і эканамічная сітуацыя здаецца быць стабільнай, аднак вялікай колькасці грамадзян такая стабільнасць здаецца быць невыноснай.